Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Савецкага Саюзу — дзетазабойца?


На ўскрайку могілак вёскі Касьцяневічы ёсьць парослы мохам надмагільны абэліск. На якім напісана наступнае: «Скурко Вера, жила 24 года. Сын Ярослав, жил 2 года. Умерли в 1943 г.» Гэта магіла роднай сястры паэта Максіма Танка і яе маленькага сына. Два гады таму «Наша Ніва» пісала пра тое, як яны «памерлі». Іх забілі бандыты, байцы партызанскага атрада. Забілі сякерамі, каб не чуваць было стрэлаў уначы. Забілі, як непатрэбных сьведкаў рабаваньня.

Глядзець на гэту магілу спакойна ніяк не атрымліваецца. Бо глыбока выбітыя літары хлусяць ужо якое дзесяцігодзьдзе і яшчэ колькі будуць хлусіць. І ня самыя сьветлыя думы нараджаюцца ў галаве ад сузіраньня гэтай хлусьні. Бо людзі, якія забілі маладую жанчыну і дзіця, ваявалі супраць зла. Гэта значыць, на баку дабра. На загад камандзіраў пускалі пад адхон нямецкія цягнікі. А ў вольны ад загадаў час тэрарызавалі сваіх суседзяў. Каб пасьля вайны жыць у пашане і вучыць «родзіну любіць» іншых дзяцей. І ці варта верыць астатнім помнікам?

За прыкладам далёка хадзіць ня трэба. У цэнтры Касьцяневічаў, каля касьцёла, на маляўнічым парослым травою лужку стаяць яшчэ ва помнікі.

На адным напісана «Вечно останутся в памяти поколений имена тех, кто отдал жизнь за свободу и независимость нашей родины». Праўда, імёны тых, хто павінен застацца ў памяці, не напісаныя. А вось другі помнік больш канкрэтны. Вялікі камень з шыльдай, на якой напісана. «30 декабря 1941 года здесь были зверски расстреляны фашистами наши земляки партизаны Азончик Н.С. Мельников Г.Л.»

Да сёньняшняга дня жыхарка Касьцяневічаў пэнсіянэрка Лідзія Мельнікава ня можа спакойна глядзець на гэты камень. Тут забілі яе дзеда, Рыгора Мельнікава. Другі забіты — родны брат партызанскага камандзіра Аляксандра Азончыка. Ні адзін, ні другі партызанамі не былі. А загінулі ад рук нацыстаў паводле даносу. Сваіх людзей, суседзяў. Тут жа яны былі пахаваныя.

— Нагаварылі немцам, што чыняць яны ім бяду. Іх выклікалі і расстралялі. На гэтым месцы расстралялі. Чамусьці Азончыку захацелася іх перапахаваць. Калі перахоўвалі, толькі костачкі адны былі. Сабралі тыя костачкі і пахавалі ў Княгініне. Калі ведала, што тут ляжаць косткі дзеда, зусім іншае было пачуцьцё ў душы. А ў Княгініне ўсё запушчана.

Касьцяневічы
Касьцяневічы

Іх перазахавалі стараньнямі Героя Савецкага Саюза Аляксандра Азончыка. Пра якога аж да гэтае пары ходзяць вось такія чуткі.

— Гэта мама мне расказвала. Тут усе гаварылі. Азончык ня быў ніякім героем. Быў зьлюбіўся з жанчынай. А жонку зь дзіцём сваім... Нейкую гулянку наладзіў. І яе застрэлілі праз вакно. Пасадзіў яе насупраць вакна. Усе тады гаварылі, што ён забіў сваю жонку і дзіцятка.

А цяпер давайце крыху пашпацыруем каля касьцёлу. Надзвычай зграбнага невялікага барочнага храма. Таіса Палянская, абаяльная старая, якую сустрэў каля касьцёлу, у 70-я гады была старшынёй сельсавета. Спадарыня не бяз гонару ўспамінае, як праводзіла перапіс насельніцтва ў 79-м годзе, павялічваючы працэнт людзей беларускай нацыянальнасьці. Бо каталікі хацелі быць палякамі.

— Была такая ўстаноўка. Што ў Беларусі мы ўсе беларусы. А каталікі хацелі быць палякамі. Праваслаўныя запісваліся беларусамі. А з каталікамі даводзілася гутарыць, доўга даказваць. Каб беларусамі сталі. У нас жа больш за 4000 чалавек было ў сельсавеце. А пасьля рэзка пайшло ўніз.

Больш за 4000 чалавек у сельсавеце. Цяпер, напэўна, і паловы той лічбы няма. Вёску ратуюць дачнікі. І такія спадарыні, як баба Ніна, якая прыняла мяне за патэнцыйнага пакупніка нерухомасьці. У бабы Ніны проста талент. Якую рыэлтарскую кар’еру магла бы старая зрабіць у сталіцы!

— Паглядзіце за магазін якая прыгажосьць! А вось тут які дом прадаецца! Там і лазьня ёсьць! І вось па гэтай вуліцы прадаецца дом. Там і калодзеж, і летняя кухня! Можа, прыедуць украінцы, пустыя хаты пазаймаюць. Столькі дамоў пустуе. Засталіся толькі касьцёл і магазін. Прыехалі б вы ў нядзелю, паслухалі б гэтыя сьпевы! Здаецца, нібы на небе пабыў. Ня хочацца дамоў ісьці з гэтага касьцёлу.

Але вернемся да Лідзіі Мельнікавай і яе гісторыі. Сапраўдным партызанам, па словах пані Лідзіі, быў яе дзядзька, сын забітага дзеда Георгі Мельнікаў. Паміж якім і Аляксандрам Азончыкам была свая вайна.

А пасьля так мне на душы балела. Хацела зьезьдзіць да яго і сказаць проста ў вочы: «Які ты герой?»

— Дзядзька быў баявы. Яны рабілі падрывы чыгункі на Віцебскім напрамку. Шмат было спушчана эшалёнаў. І гэты самы Азончык стаў прабівацца ў героі. Прыдумаў, што дзядзька любіцца зь сястрой паліцэйскага і перадае зьвесткі. Ён ніякія зьвесткі не перадаваў, ні зь якой сястрой паліцэйскай не любіўся. Азончык загадаў дзядзьку арыштаваць і расстраляць. Мне пра гэта расказаў удзельнік тых падзей, ён ужо таксама памёр. У нас была сустрэча з партызанамі. Я падсела да яго і стала распытваць. І ён мне расказаў, што дзядзька не загінуў, што быў выдатны падрыўнік. Але захацелася ўсе ўзнагароды ўзяць Азончыку. І вось такое прыдумаў. «Твайго дзядзьку, — казаў той партызан, — заперлі ў лазьню». Там парэзалі яму вены. Вырылі магілу. Тыя, хто зь ім разам ваяваў. І выпусьцілі. І сказалі — «уцякай, куды хочаш, толькі тут не паказвайся». Адпусьцілі жывога. Так ён расказваў. Кажа, столькі крыві было каля вырытай магілы. Вядома ж, зь вены. Але скончылася вайна, і прыйшоў да бабці маёй нейкі пасыльны і прынес ліст! Ад дзядзькі майго, ад Жоржыка. Каб матка ня плакала па ім. «Не шукайце, мяне ніхто ня знойдзе». Яна пасьля езьдзіла па гадалках, цікавілася. Усе казалі ёй, што сын жывы. І сам Азончык у сваіх мэмуарах нідзе не прыгадвае, што дзядзька быў здраднікам. Напісаў успаміны. І ў тых успамінах надта хваліць яго. А бабцы далі паперку, што «зьнік бязь вестак». А пасьля так мне на душы балела. Хацела зьезьдзіць да яго і сказаць проста ў вочы: «Які ты герой?» Ён баяўся. Ён ні з кім не сустракаўся. Жыў за высокімі платамі, з сабакам. Ні з кім не сустракаўся.

Вось такая вайна ўсіх супраць усіх. І на чыім баку зло, і на чыім дабро, часта не залежала ад колеру сьцягу. А бацькам Максіма Танка партызанскі камандзір Фёдар Маркаў прапаноўваў знайсьці і пакараць забойцаў іхняй дачкі і унука. Але тыя адмовіліся. Пані Лідзія іх разумее.

— Яны былі, пэўна, вернікамі. Тады людзі моцна верылі. І гэта правільна, што не ўзялі на сябе яшчэ адну кроў. Бо вернікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG