Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпацырую па горадзе і бачу, што адвалам ляжыць культурны слой»: прафэсар з Кракава выдае часопіс пра Горадню


Прафэсар Юры Гардзеяў
Прафэсар Юры Гардзеяў

У Горадні прэзэнтавалі чацьверты нумар «Гарадзенскага гадавіка» — гэта навуковы часопіс пра гісторыю гораду, які выйшаў у выдавецкай ініцыятыве "Гарадзенская бібліятэка". Сьвежы нумар прадстаўляў рэдактар Юры Гардзееў, прафэсар Ягелёнскага ўнівэрсытэту. Ён — ураджэнец Горадні, які жыве і працуе ў Кракаве.

Пасьля прэзэнтацыі новага нумара карэспандэнт Свабоды пагутарыў з прафэсарам Гардзеевым.

Карневіч: Спадар Юры, вы прэзэнтавалі чарговы нумар «Гарадзенскага гадавіка» і прысьвяцілі яго гарадзенскаму археолягу Рыгору Акінчыцу, які заўчасна памёр...

Гардзеяў: Насамрэч, Рыгор Акінчыц быў вялікім рупліўцам у пляне археалягічных дасьледаваньняў Горадні. Мы яшчэ некалі зь ім разам праводзілі шмат археалягічных раскопак. Рыгор быў чалавек дастаткова сьціплы, ніколі нідзе не высоўваўся, а паціху і сыстэмна выконваў тое, што павінен быў рабіць. Па ім засталася спадчына для Горадні і гэта ня столькі навуковыя артыкулы, колькі добра выкананыя справаздачы раскопак, якія безумоўна каштоўныя для гарадзенскіх гісторыкаў.

Карневіч: Чацьверты нумар «Гарадзенскага гадавіка» прысьвечаны археалёгіі Горадні. Наколькі вы лічыце гэтую тэму значнай для горада?

Гардзеяў: Думаю, гэта вельмі важная тэма для Горадні. У прынцыпе — што мы ведаем пра Горадню ХІ-ХІІ стагодзьдзяў? Нічога. Што мы ведаем пра Горадню ХІІІ-ХV стагодзьдзяў? Нічога. Ёсьць інтэрпрытацыі крыніц з старажытнарускіх летапісаў, але там толькі па дзьве-тры згадкі — гэта амаль нічога. І вось тут археалёгія нам павінна дапамагчы. Нават калі я займаўся гісторыя Горадні ХVI-XVIII стагодзьдзяў, то ўбачыў, што ў нас таксама няма ўсіх крыніц. Магдэбургскае права ўвялі ў 1496 годзе і яно функцыянавала 300 гадоў, але Магдэбургскія кніжкі за ХVI стагодзьдзе не захаваліся, за палову ХVIІ — не захаваліся. Пытаньне: хто можа заняць гэтую нішу? Толькі археалягічныя крыніцы. І вось у гэтым нумары шмат чаго ёсьць і пра гэта.

Карневіч: Як вы ацэньваеце сучасны стан археалягічных дасьледаваньняў у Горадні?

Гардзеяў: Я, канешне, магу параўноўваць з іншымі краінамі, дзе бываю і пра што чытаю, але супастаўляць гэта вельмі складана, паколькі ў Беларусі вельмі мала сродкаў на гэта выдаткоўваецца. Падчас прэзэнтацыі часопіса гарадзенскія гісторыкі самі казалі аб тым, што ва ўсёй Беларусі ўсяго некалькі дзесяткаў археолягаў. Гэта вельмі мала. Я часам шпацырую па горадзе і бачу, што адвалам ляжыць культурны слой — бяру і фатаграфую, бо нават ня ведаю куды зьвяртацца і што рабіць у такой сытуацыі. Гэта тэрмінова трэба выпраўляць.

Часопіс «Гарадзенскі гадавік», №4
Часопіс «Гарадзенскі гадавік», №4


Карневіч: Спадар Юры, вы выдалі ўжо чацьверты нумар часопіса па гісторыі толькі аднаго горада. У Горадні ў той самы час ёсьць цэлы гістарычны факультэт, але не даводзіцца трымаць у руках навуковага часопіса...

Гардзеяў: Ідэя выдаваць такі часопіс у мяне зьявілася яшчэ тады, калі я быў асьпірантам і вучыўся ў Кракаве. Я сутыкнуўся з тым, што толькі пра адзін Кракаў выходзіла тры навуковыя гістарычныя часопісы. З падобным сустрэўся ў іншых польскіх гарадах, потым пабачыў, што такое ёсьць і ў іншых краінах. Канешне, мяне ўзяла зайздрасьць. А ў нас пра гарадзкую гісторыю дагэтуль амаль ніхто нічога не выдае. Але апошнім штуршком для выданьня такога часопіса стала так званая рэстаўрацыя Савецкай плошчы 2005-2006 гадоў. Тады я зразумеў, што трэба абавязкова нешта рабіць. Вакол часопіса сабралася вельмі цікавае кола аўтараў, спадзяюся, што так будзе і надалей.

Карневіч: Вы жывяце і працуеце ўсё ж ня блізка ад Горадні, нават у іншай краіне, ды і не зусім часта бываеце тут. Што прымушае вас рабіць навуковы часопіс пра Горадню?

Гардзеяў: Ды нічога не прымушае, проста мне гэта падабаецца, гэта мой родны горад. У Кракаве я працую ў інстытуце Расеі і Усходняй Эўропы, выкладаю на факультэце міжнародных адносін гісторыю Беларусі, гісторыю культуры Беларусі.

Карневіч: Разумею, што вы хоць і не часта бываеце ў Горадні, але сочыце за тым, што тут адбываецца. Адна з апошніх ініцыятыў грамадзкасьці — усталяваць у старым горадзе шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. І яна падтрымана гарадзкімі ўладамі. Як вы ацэньваеце такія зьмены?

Гардзеяў: Канешне, добра ацэньваю. Толькі ўжо ў Горадні даўно была і больш глыбокая ініцыятыва — вярнуць спрадвечныя назвы вуліцам старога горада, а не проста вешаць шыльдачкі рознымі назвамі. Трэба было б адзін раз зрабіць нармалёва, як гэта і рабілася ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы яшчэ напрыканцы 80-гадоў — вярнуць вуліцам іх спрадвечныя назвы.

Старая панарама Горадні, да руйнаваньня Фары Вітаўта
Старая панарама Горадні, да руйнаваньня Фары Вітаўта

Карневіч: Вы напэўна ведаеце і аб тым, што Горадня і некалькі сельсаветаў у раёне ўваходзяць у бязьвізавую зону. З вашага пункту погляду — што можа даць гэта для горада?

Гардзеяў: Канешне, я ды і многія хацелі б, каб уся Беларусь была бязьвізавая. Вось да мяне заўчора зьвярнуліся студэнты ў Кракаве з пытаньнем — як афармляецца групавая віза ў Беларусь. Я ім патлумачыў, што існуе бязьвізавы ўезд у Горадню, а яны мне кажуць, што мы хочам мець уяўленьне пра ўсю Беларусь. Сапраўды многія хочуць пабачыць гэтую Беларусь, але без фармальнасьцяў, а сесьці папросту ў цягнік і прыехаць. І глядзець тое, што ім хочацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG