Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава ў Горадні: старыя беларускія гарады вачыма Паўла Татарнікава


Павал Татарнікаў, архіўнае фота
Павал Татарнікаў, архіўнае фота

Вядомы мастак Павал Татарнікаў выставіў у Горадні свае выявы сярэднявечных гарадоў, партрэты валадароў Вялікага княства Літоўскага. 17 гарадоў, 15 партрэтаў. Выставу пад назвай «Рэха» адкрылі супольна прыватная галерэя «Крыга» і Цэнтар гарадзкой культуры.

Афіша выставы «Рэха», Партрэт Гедыміна, Рагнеда
Афіша выставы «Рэха», Партрэт Гедыміна, Рагнеда

Павал Татарнікаў сказаў, што Горадня — любімы горад, дзе «ўсе мастакі — зоркі».

Панарама Горадні
Панарама Горадні

Выставу прымеркавалі да дня сьвятога Губэрта — патрона паляўнічых. Герб Горадні мае на шчыце аленя сьвятога Губэрта. Мастак кажа, што любіць Горадню і гэтае сьвята. Ня раз маляваў караля Стэфана Баторыя, манарха-паляўнічага, які памёр у сваёй гарадзенскай рэзыдэнцыі. А сваю дыплёмную працу ў мастацкай школе імя Ахрэмчыка Павал Татарнікаў рабіў паводле раману Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Некалі гарадзенскі гісторык Міхась Ткачоў засьведчыў, што замкаў у Беларусі было значна больш, чым лічыцца, але ў шмат якіх выпадках не засталося ніводнай выявы. Ён назваў Беларусь краінай замкаў. Павал Татарнікаў сёньня карпатліва аднаўляе на паперы замкі і гарады, стварыў іх мастацкія рэканструкцыі. На выставе ў Горадні каля траціны з гатовых прац Паўла Татарнікава з гэтай сэрыі. Бліжэйшым часам яны знойдуць паліграфічнае ўвасабленьне. Рыхтуецца да друку кніга «Айчына. Маляўнічая гісторыя», тэкст напісаў вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Бона Сфорца
Бона Сфорца

Падчас адкрыцьця выставы гарадзенскі калега Паўла Мікалай Бандарчук сказаў:

«Татарнікаў піша з такой дэталізацыяй, што ня кожны прафэсійны мастак здольны зрабіць. А калі ня кожны можа зрабіць, гэта і ёсьць мастацтва. Ён гісторыю прапускае праз сэрца, праз душу, гэта ягоны сьвет».

Панарама Нясьвіжу
Панарама Нясьвіжу

Панарама Віцебску
Панарама Віцебску

Панарама Вільні
Панарама Вільні

З доктарам гістарычных навук Алесем Краўцэвічам Павал Татарнікаў стварыў некалі кнігу «Рыцары і дойліды Гародні». На адкрыцьці выставы «Рэха» Краўцэвіч сказаў:

«Гэта нячаста бывае, калі ў адной асобе спалучаюцца выдатныя мастак і гісторык, які адчувае гісторыю. Нехта можа выявіць дасьпехі, але выява нізкай мастацкай вартасьці. Нехта прыгожа малюе фантазійныя дасьпехі або замкі, але гэта ня мае дачыненьня да гістарычных рэаліяў.

Калі Татарнікаў бярэцца за замак ХV стагодзьдзя, каб намаляваць рыцара на яго фоне, ён наведвае сайт будапэшцкага гістарычнага музэю, дзе знаходзіць аналягічную зброю. І яшчэ важны нюанс, які мала хто адчувае. Каб намаляваць партрэт адпаведнай эпохі, мастак выкарыстоўвае прыёмы, манеру, моду таго часу. Можа быць штучная непрапарцыянальнасьць позы, выраз твару або сам твар, але — як на карцінах мастакоў ХV—ХVІ стагодзьдзяў, на гравюрах. І гэта дае эфэкт гістарызму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG