Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотавыстава ў Горадні распавядае, як бурылі Фару Вітаўта


Старая панарама Горадні
Старая панарама Горадні

У Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная разбуранаму савецкай уладай каталіцкаму храму, вядомаму з гісторыі як Фара Вітаўта.

На адкрыцьці кіраўнік цэнтру Павал Мажэйка паведаміў, што выставу назвалі лічбай «55» — столькі гадоў мінула з дня зьнішчэньня Фары Вітаўта. Прадстаўлены павялічаныя здымкі храма розных часоў. Некаторыя ня раз друкаваліся, іншыя менш вядомыя. Самы стары — 1861 году, самы апошні — 1961 году, калі храм дажываў свае апошнія месяцы. Да адкрыцьця выпушчана паштоўка са здымкам касьцёла. Выстава працягнецца да 19 сьнежня.

Павал Мажэйка (зьлева) і Андрэй Вашкевіч
Павал Мажэйка (зьлева) і Андрэй Вашкевіч

Адзін з ініцыятараў выставы, гісторык Андрэй Вашкевіч сказаў, што ахвотнікі даўно зьбіраюць матэрыялы пра Фару Вітаўта. Пяць год таму выдалі дыск, прысьвечаны храму, сабралі ўсе навуковыя дадзеныя. Зрэшты, за апошні час новых адкрыцьцяў не было. Каб іх зрабіць, напэўна, трэба ехаць у ватыканскі архіў. Там знайшлі дакумэнты пра тое, што мураваны храм будаваўся ў 1586 годзе.

Фара Вітаўта на здымках розных часоў
Фара Вітаўта на здымках розных часоў

Але застаецца жаданьне ўявіць храм у гарадзкой забудове, зазначыў гісторык. Таму спачатку была задума зрабіць здымкі ад падлогі да столі, каб паспрабаваць уявіць, што ты побач з касьцёлам. Здымкі на выставе насамрэч меншыя, аднак важна, што помнік працягвае вяртацца ў сьвядомасьць гараджанаў.

На выставе
На выставе

Ідэя выставы простая, сказаў Вашкевіч: уявіць сябе гарадзенцам канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі Фара Вітаўта была адной з дамінантаў у цэнтры гораду. Гісторык прапанаваў выйсьці пасьля выставы на Савецкую плошчу і ўявіць, што храм існуе. Ад выставы гэта мэтраў сто.

Фара Вітаўта на здымках розных часоў
Фара Вітаўта на здымках розных часоў

Рэдкі здымак са сваёй калекцыі прадставіў Янка Лялевіч, краязнаўца, фатограф. Здымак выстаўляецца ўпершыню, сказаў Андрэй Вашкевіч. На ім мужчына стаіць побач з купалам касьцёла на вышыні шэсьцьдзесят мэтраў. Гэта 1935 год, калі скончылі рэканструкцыю. Як вядома, за царскім часам каталіцкі храм перабудавалі ў псэўдарускім стылі.

Пра свае архіўныя пошукі падрабязна расказаў краязнаўца Мечыслаў Супрон. Ён нагадаў, што за апошнія сто год існаваньня Фара Вітаўта зьмяніла тры выгляды: клясыцыстычны, так званы рускі і нэагатычны. А за ўсю сваю гісторыю, паводле краязнаўцы, храм меў дзевяць розных абліччаў. Першая выява дайшла да нас на гравюры Тамаша Макоўскага 1600 году.

Мечыслаў Супрон
Мечыслаў Супрон

Цягам ХІХ стагодзьдзя царскія ўлады, забраўшы касьцёл у каталікоў, імкнуліся перабудаваць яго паводле сваіх густаў у галоўны праваслаўны сабор губэрні. Захаваліся чарцяжы некалькіх плянаў. Храм перабудоўвалі некалькі разоў, каб канчаткова насаджаць зьверху цыбулін. Пасьля таго як Горадня адышла да Польшчы, палякі пастанавілі вярнуць касьцёлу традыцыйны выгляд каталіцкага храма. Аднаўленьне скончылася ў 1935 годзе.

У час апошняй вайны пацярпеў дах з дахоўкі, аднак касьцёл ацалеў. 29 лістапада 1961 году савецкія ўлады ўзарвалі яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG