Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бальзам Бітнэра вынайшлі гарадзенцы» — як працуе адзіная ў Беларусі аптэка-музэй


Аптэка-музэй у Горадні побач з фарным касьцёлам
Аптэка-музэй у Горадні побач з фарным касьцёлам

Адзіная ў Беларусі аптэка-музэй, што ў Горадні, сёлета адзначыла сваё 20-годьдзе. Невялікая экспазыцыя музэю адлюстроўвае гісторыю станаўленьня аптэкарскай справы ня толькі ў Горадні, але практычна ва ўсёй Беларусі.

Аптэка-музэй месьціцца ў цэнтры Горадні ў памяшканьні адной з самых старых дзейных дагэтуль аптэк Беларусі, якая была пабудавана езуітамі на пачатку 18 стагодзьдзя.

З 1687 да 1709 году ў езуітаў была аптэка толькі «для сваіх». А з 1709-га адчынілася аптэка для ўсіх гараджан, якая працавала аж да сярэдзіны 1953 году. Пасьля перапынку, у 1996-м, яна ня толькі адрадзілася, але дзякуючы намаганьням гарадзенскай фармацэўтычнай фірмы «НПК Біятэст» быў створаны музэй аптэкарскай справы.

Загадчыца музэю-аптэкі Вікторыя Ткачова
Загадчыца музэю-аптэкі Вікторыя Ткачова

Па залі з экспанатамі мяне праводзіць загадчыца музэю Вікторыя Ткачова. Кажа, што экспазыцыю распрацавала сама, нават мэблю пад заказ рабілі паводле ейных эскізаў.

«Шмат давялося перагледзець матэрыялаў з інтэрʼерамі, альбомамі старых аптэк, бо апісаньняў нашай аптэкі захавалася няшмат. Да прыкладу, у Польшчы існуе каля 10 аптэк-музэяў, ёсьць таксама ў Каўнасе. А ў нас, на жаль, адзіная такая музэй-аптэка. Я адпачатку ўяўляла, як павінна выглядаць аптэка. Вось у нас і атрымалася лябараторыя і экспазыцыйная заля.

Аптэчны посуд і шалі
Аптэчны посуд і шалі

Мы падыходзім да лябараторыі. Вікторыя Ткачова нагадвае, што аптэк безь лябараторый наагул не існавала:

«У нас прадстаўлены самы старажытны від аптэчнай лябараторыі — так званая зёлкавая, ці інакш „какторый“ — ад лацінскага слова, якое перакладаецца як „варыць“. І галоўным з абсталяваньня тут лічылася печка, на якой усё варылася. У нас захаваліся і рознага кшталту пасудзіны: рондлі, патэльні, хлякі, друшлякі, сіта, шалі самага рознага кшталту, якія выкарыстоўваліся ў аптэках. Ну вось, да прыкладу, шалі Квінціца, а на падаконьніку — Бэранжэ. Яны названыя ў гонар сваіх вынаходнікаў. А вось пасудзіна з кобальтавага шкла — гэта Англія, канец ХVIII стагодзьдзя. Пасудзіна такой формы называлася — вялікі аптэчны шар».

Аптэчныя шалі Квінціца
Аптэчныя шалі Квінціца

У лябараторыі таксама ёсьць вялізная ступа, а побач бронзавая пасудзіна перавозіць мінэральную ваду. Раней мінэральную ваду рабілі ў аптэках і перавозілі ў адмысловым начыньні. На нашай пасудзіне стаіць кляймо: Магістрат Горадня. Мінэральную ваду ў Горадні пачалі прадукаваць на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Аптэчная ступа і побач і бронзавая пасудзіна з кляймом: Магістрат Горадня
Аптэчная ступа і побач і бронзавая пасудзіна з кляймом: Магістрат Горадня

«Наогул аптэка заўсёды лічылася шматпрофільнай вытворчасьцю. Тут і ваду рабілі, і пяклі рознае печыва — пернікі, пірожныя, шакаляд, цукеркі. Лічылася, што гэтым можна было аздаравіцца. А фабрыкі па выпуску, скажам, цукерак і шакаляду зьявіліся ўжо ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. Парфума таксама была аптэчнай вытворчасьцю — духі, адэкалёны, розныя крэмы, памады. Больш за тое, нават віны, лікёры, бальзамы і адмысловую гарэлку таксама рабілі ў аптэцы. І піва лекавае таксама тут выраблялі.

Пасудзіна з кобальтавага шкла вытворчасьці Англіі
Пасудзіна з кобальтавага шкла вытворчасьці Англіі

Пасьля такога аповеду становіцца цяжка ўявіць, па якія лекі ў аптэку ХVIII ці ХІХ стагодзьдзя наведваліся людзі. Вікторыя Ткачова кажа, што аптэкі ў той час мелі трошкі іншую функцыю і гандлявалі пераважна травамі, спэцыямі. Травы ж былі і мясцовыя, і экзатычныя. Езуіты мелі побач свой сад, а яшчэ сады ў 28 навакольных вёсках і сямі фальварках.

Аптэчны посуд
Аптэчны посуд

«Сучасная аптэка зьявілася на пачатку ХХ стагодзьдзя. А раней іх можна было параўнаць з навуковымі і вытворчымі цэхамі. На пачатку ХХ стагодзьдзя было ўжо і шмат разнастайных лекаў, пра якія многія з нас нават і ня чулі. Да прыкладу, пазалочаныя пілюлі, іх таксама серабрылі. Яны нават захаваліся ў нашым музэі — ім больш за сто гадоў. Былі лекавыя сродкі ў выглядзе папяросаў — таксама ў нас захаваліся — астмасан. У іх складзе — лісьце бэлядонны, блёкату, дурману».

Лекі сучасных і замежных фірмаў на прылаўку аптэкі на пачатку ХХ стагодзьдзя
Лекі сучасных і замежных фірмаў на прылаўку аптэкі на пачатку ХХ стагодзьдзя

Цікаўлюся ў Вікторыі, якія экспанаты ў музэі лічацца найбольш каштоўнымі. Аказалася, што ў аптэцы захаваліся хірургічныя інструмэнты таго часу, калі ў Горадні рабілі ўскрыцьцё цела караля Стэфана Баторыя. 430 гадоў таму ён памёр у нашым горадзе.

Cynosura (мэдычны ўказальнік) на лацінскай мове, выпушчаны ў Страсбуры ў 1783 годзе
Cynosura (мэдычны ўказальнік) на лацінскай мове, выпушчаны ў Страсбуры ў 1783 годзе

Вікторыя Ткачова дастае з шафы шыкоўную кнігу ХVIII стагодзьдзя — Cynosura (мэдычны ўказальнік) на лацінскай мове. Надрукавалі яе ў Страсбуры ў 1783 годзе.

Цікаўлюся, ці вынайшлі беларускія фармацэўты якія-небудзь лекі, якімі потым пачалі карыстацца ва ўсёй Эўропе?

Вікторыя падводзіць мяне да чарговага стэнда:

«Ну вось „Бальзам Бітнэра“, яго адкрылі якраз нашы фармацэўты. Яны валодалі на Гарадзеншчыне дзьвюма аптэкамі: адна зь іх была побач з Ваўкавыскам і яшчэ адна ў Сьвіслачы. У нас захаваліся сыгнатуры зь іхнай аптэкі. І тут вось напісана: доктар мэдыцыны Адольф Бітнэр. Праўда, яны праславіліся дзякуючы свайму бальзаму толькі пасьля Другой сусьветнай вайны».

Так выглядалі лекі ў аптэцы на пачатку ХХ стагодзьдзя
Так выглядалі лекі ў аптэцы на пачатку ХХ стагодзьдзя

Спадарыня Вікторыя кажа, што цікаўнасьць да гарадзенскага музэю-аптэкі ў людзей вялікая. Сюды часта заходзяць турысты, і для большасьці зь іх тое, што яны тут бачаць і чуюць ад экскурсавода, — проста дзіва.

«Вельмі часта людзі кажуць, што нічога падобнага раней ня бачылі, нават не ўяўлялі сабе, што падобны музэй існуе. Маўляў, па-сапраўднаму акунуліся ў мінулае. Адзначаюць, што тут вельмі прыемная атмасфэра».

Сапраўды дзіва, колькі цікавага пра гісторыю можна даведацца ў, здавалася б, невялікім музэі-аптэцы. І таксама варта зьдзіўленьня, што падобны музэй у Горадні адзіны ў Беларусі. Вядома ж, што аптэкі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі і раней, чым тая гарадзенская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG