Асамблея НДА Беларусі 23 сьнежня абвесьціла пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» за 2016 год.
Галіна Абаканчук атрымала прэмію ў намінацыі «Мэдыя/журналіст году» за шэраг матэрыялаў (цягам году іх было каля сотні) пра грамадзкія акцыі і ініцыятывы, пра перасьлед грамадзкіх актывістаў.
«Я не ўспрымаю гэтую прэмію як пэрсанальную заслугу ці перамогу. А як агульную перамогу журналістаў, якія працуюць на разьвіцьцё і ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці. Каб яна была разьвітой, актыўнай і салідарнай. І гэта сымбаль таго, што праца журналістаў ня марная. Галоўнае, каб намаганьні журналістаў, праваабаронцаў і грамадзкіх арганізацыяў мелі плён. І каб гэта працавала на беларускасьць, дзяржаўнасьць і незалежнасьць», — сказала Галіна Абакунчык.
Лідэрам году сёлета абвешчаны Зьміцер Дашкевіч («Малады фронт»). А галоўнай кампаніяй году — збор подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Сёлета ў шорт-ліст узнагароды трапілі двое аўтараў Свабоды: Галіна Абакунчык і Вінцук Вячорка.