Прыйшоў на «Атлант» спартоўцам бяз шкодных звычак
Мікалай Шуляк нетаропка перабірае тэчкі з дакумэнтамі: «Вось гэта перапіска з заводам „Атлант“, вось гэта — зь Міністэрствам аховы здароўя, далей пракуратура, суды — мы шмат куды зьвярталіся», —паказвае Мікалай Міхайлавіч на некалькі стосаў з паперамі.
І працягвае расповед:
«Я прыйшоў на „Атлант“ спартоўцам бяз шкодных звычак, здаровым чалавекам — нават да лекараў ніколі не зьвяртаўся. На заводзе працаваў у будаўнічым цэху — адбойным малатком зьбіваў плітку, клалі асфальт — гэта моцная нагрузка і шкодныя ўмовы працы. У траўні 2005-га ў мяне ўпершыню забалела плячо, і я зьвярнуўся ў завадзкую мэдсанчастку.
Там мне чамусьці прызначылі масаж шыйнага пазванка. Я вытрымаў толькі тры сэансы і адмовіўся, бо пасьля гэтага масажу я амаль зьнерухомеў — дадому літаральна прыпоўз. Стан быў такі, што сядзець я ня мог, стаяць ня мог, хадзіць ня мог, таму што болі нясьцерпныя. У гэткім стане мусіў далей хадзіць на працу, бо першы лісток непрацаздольнасьці мне далі толькі праз паўгода. Ішоў на працу і галаву трымаў у руках», — паказвае Мікалай Міхайлавіч.
Не ў інтарэсах завода, каб зьявіўся шосты прафэсійна хворы
Яшчэ праз два гады, падчас абавязковага прафагляду, Мікалай Шуляк атрымаў заключэньне мэдыка-экспэртнай камісіі Рэспубліканскага цэнтру прафпаталёгіі, што атрымаў на «Атлянце» прафэсійнае захворваньне са стратай прафэсійнай працаздольнасьці. Гэтую ж выснову пацьвердзіла і адмысловая дзяржаўная камісія, створаная, каб абсьледаваць умовы працы атлянтаўца. Аднак адміністрацыя заводу высноў мэдыкаў не прызнала, кажа Мікалай Міхайлавіч:
«Напісалі ў асобным меркаваньні, што факт прафэсійнага захворваньня па сутнасьці ня выяўлены. Вось тады я і зразумеў, што заводзкія лекары не жадаюць мне дапамагаць. Бо было не ў інтарэсах заводу, каб на прадпрыемстве зьявіўся шосты чалавек, які атрымаў прафэсійнае захворваньне. Паколькі работніку, які атрымаў прафэсійнае захворваньне на прадпрыемстве, павінна быць прызначаная рэабілітацыя, мэдыцынская дапамога, сацыяльная страхоўка, выплаты, падвышэньне пэнсіі».
Каб паставіць дыягназ, мусіў выехаць у Літву
Далей распачаліся паходы па чыноўніцкіх кабінэтах, шпіталях і судах. Мікалай Міхайлавіч кажа, што прызнаньне прафэсійнага захворваньня важнае яшчэ і таму, што дасьць магчымасьць атрымаць адпаведнае лячэньне. Аднак ні заводзкія, ні гарадзкія ўстановы аховы здароўя хвораму нічым не дапамаглі.
«Мне было пастаўлена — не паверыце — каля 80 дыягназаў, ад прастуд і хвароб сыстэмы страваваньня да сухотаў і нэўралгіі», — хворы раскладае нэгатывы рэнтгенаўскіх здымкаў на канапе, дыване, бо на стале месца для ўсіх не хапае.
Паводле яго, здымкі зробленыя ў розных платных цэнтрах і кабінэтах за ўласныя грошы, каб дапамагчы мэдыкам зь дзяржаўных устаноў выявіць сапраўдную прычыну боляў ды лячыць захворваньне.
«А вось гэтыя дакумэнты я атрымаў, выехаўшы ў Літву, — разгортвае яшчэ адну тэчку Мікалай Міхайлавіч. — Паколькі тут была спыненая перапіска зь Міністэрствам аховы здароўя і я ня мог атрымаць лячэньня, па дапамогу выехаў за мяжу. Там знаходзіўся каля дзесяці дзён і прайшоў абсьледаваньне, дзе было пацьверджана, што маё захворваньне артапэдычнага профілю, а ніякага не тэрапэўтычнага ці нэўралгічнага. Але, калі прыехаў у Менск і паказаў дакумэнты, мне адказалі, што ў нас ёсьць свая мэдыцына. Так лячэньня паводле гэтага абсьледаваньня я і не атрымаў — ішло ўжо маштабнае замоўчваньне праўды пра маё захворваньне».
Прыйшоў на працу, а пропуск заблякаваны
У 2009 годзе Мікалая Шуляка звольнілі з працы. Фармальна — праз заканчэньне працоўнага кантракту, але раптоўна і неспадзявана.
«Напрыканцы дня ка мне падышлі з адміністрацыі, сказалі: „Мікалай Міхайлавіч, у вас закончыўся працоўны дзень, да пабачэньня“ — і правялі да прахадной. Назаўтра я прыходжу на працу, а мой пропуск заблякаваны. Я ня бачыў ні загаду, ні працоўнай кніжкі, і так пяць гадоў — да пэнсіі — заставаўся бяз сродкаў існаваньня. Бо са сваёй хваробай працы знайсьці я ўжо ня мог».
Жонка Мікалая Міхайлавіча Алена Антонаўна не вытрымлівае і ўступае ў гутарку:
«Ён аддаў „Атланту“ 10 гадоў сумленнай працы, а яго вывелі з прахадной, нібыта злачынцу. Гэта было жахліва! Я прасіла, каб мяне прыняў дырэктар, але мяне нават не прапусьцілі праз прахадную».
Далей Алена Антонаўна ўжо ня можа стрымаць сьлёз:
«Гэта былі самыя цяжкія гады: ён цяжка хворы, а я прыходжу ў краму і ў мяне на паўбуханкі хлеба грошай не хапае. Суседзі дапамагалі хто чым мог, сваякі. А ў кабінэтах была неверагодная лютасьць, дзе абсалютна людзей ня бачаць. Я першы раз бачу гэтага лекара, а яна проста кідаецца, крычыць, па стале кулаком стукае... Я ня ведаю, я была ва ўстанове аховы здароўя ці якой іншай?», — дзівіцца жанчына.
Кажа, што за гады змаганьня за жыцьцё і здароўе разам з мужам шмат даведаліся пра юрыдычныя нормы абароны правоў грамадзян і іх практычную дзейнасьць:
«Ягонае прафэсійнае захворваньне не зарэгістравана ў дзяржаўным рэестры, і наймальнік не дае справаздачы, што ў яго на прадпрыемстве адбылося надзвычайнае здарэньне, дзе чалавек атрымаў цяжкую траўму. І такім чынам наймальнік адхрысьціўся ад жыцьця чалавечага».
На суды пайшла ўся рухомая маёмасьць сям’і
Суды супраць «Атланта» і розных мэдыцынскіх устаноў доўжацца ўжо дзесяць гадоў, але так і не закончаныя. Сям’я кажа, што і па сёньня гэта ільвіная доля іх пэнсійнага бюджэту і нават хатняй маёмасьці.
«Суды — вельмі дарагое задавальненьне. Прыйшлося мне прадаць усю маю рухомую маёмасьць, якая была. І ровар у нас быў добры, і аўтамабіль, фотаапарат — вось пярсьцёнак заручальны толькі застаўся», — паказвае спадар Мікалай.
А спадарыня Алена працягвае:
«Мы ў зьняволеньні 10 гадоў! Мы прыстойная сям’я: ён вэтэран працы, я вэтэран працы — мы сумленна працавалі, ніколі нічога ў дзяржавы не прасілі, кватэру будавалі самі — мы жывём на ўласныя сродкі. Але што з намі зрабілі?.. Мы ня можам нават зразумець, як могуць чыноўнікі атрымліваць за наш кошт такія заробкі. І за што яны атрымліваюць гэтыя заробкі».
На заводзе «Атлант» гісторыю непрызнанага прафэсійнага захворваньня ведаюць вельмі добра. Пачуўшы прозьвішча Шуляка, сакратарка генэральнага дырэктара імгненна адрэагавала на добрай беларускай мове: «А, знаёмае прозьвішча».
Выслухаўшы просьбу аб сустрэчы з генэральным дырэктарам Віктарам Шумілам, каб той пракамэнтаваў канфлікт, паабяцала яе перадаць адрасату.
Аднак пасьля кансультацыяў з гендырэктарам паведаміла, што з прычыны моцнай занятасьці Віктар Шуміла ня будзе сустракацца з журналістам і толькі знойдзе час, каб адказаць на афіцыйны ліст.