Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьзвяз пазбавіць Літву і Польшчу газавай залежнасьці ад «Газпрама»


Прэм’ер міністар Эстоніі Тааві Рыйвас, прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, прэм’ер-міністарка Латвіі Лаймдота Страўюма і польскі прэм’ер-міністарка Эва Копач пасьля цырымоніі падпісаньня пагадненьня пра літоўска-польскі газаправод
Прэм’ер міністар Эстоніі Тааві Рыйвас, прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, прэм’ер-міністарка Латвіі Лаймдота Страўюма і польскі прэм’ер-міністарка Эва Копач пасьля цырымоніі падпісаньня пагадненьня пра літоўска-польскі газаправод

Газаправод паміж Літвой і Польшчай коштам 558 мільёнаў эўра будзе пабудаваны да сьнежня 2019 году.

Дамову пра сумеснае — з удзелам Эўракамісіі — фінансаваньне праекту будоўлі газаправоду паміж Літвой і Польшчай падпісалі ў Брусэлі. Паводле кіраўніка Эўракамісіі Жана-Клода Юнкера, газаправод (GIPL) — гэта першы інфраструктурны праект, які злучыць краіны Балтыі з рынкамі Заходняй Эўропы.

«Вы зрабілі больш, чым проста злучылі газаправоды, вы зрабілі больш, чым проста злучылі дзьве краіны. Вы паклалі канец энэргетычнай ізаляцыі краін Балтыі, вы паклалі канец працяглай залежнасьці краін ад адзінага пастаўшчыка, злучылі ўвесь рэгіён зь іншай Эўропай», — заявіў Юнкер на прэсавай канфэрэнцыі ў сваім звароце да прэзыдэнтаў Літвы і Польшчы.

Праект, амбітны ня толькі ў эканамічным, але і ў палітычным пляне, пакладзе канец газавай ізаляцыі краінаў Балтыі, дывэрсыфікуе крыніцы пастаўкі газу і падвысіць бясьпеку газазабесьпячэньня краінаў ЭЗ.

Плянуецца, што Польшчу і Літву злучыць труба дыямэтрам 700 мілімэтраў. Агульная працягласьць складзе 534 кілямэтры. Зь іх 357 кілямэтраў пройдзе па тэрыторыі Польшчы і 177 км — па тэрыторыі Літвы.

Стартавыя магчымасьці газаправоду ацэньваюцца ў 2,4 млрд кубамэтраў газу пры транзыце з Польшчы ў Літву і ў 1 млрд — пры транзыце зь Літвы ў Польшчу.

«Гэта вельмі сур’ёзная падзея для Эўразьвязу, які паставіў такую задачу і зрабіў акцэнт на дывэрсыфікацыі паставак і пастаўшчыкоў», — сказала Радыё Свабода беларускі экспэрт у энэргетычнай галіне Тацяна Манёнак.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Літва спажывае пакуль што 2,5–3 млрд кубічных мэтраў расейскага газу ў год, — працягвае Манёнак. — Напрыканцы мінулага году яна рэалізавала праект па будаўніцтве сховішча звадкаванага прыроднага газу. Афіцыйна магутнасьць гэтага аб’екта — 4 млрд кубоў. Такім чынам, Літва ўжо забясьпечыла сваю энэргабясьпеку і дывэрсыфікавала пастаўкі прыроднага газу. У яе ёсьць магчымасьць выбіраць паміж пастаўкамі расейскага газу і сховішчам. Гэта дазволіла Літве ўжо часткова на перамовах з Газпромам зьнізіць кошты на прыродны газ на 10–20 адсоткаў».

Гэтаксама выгадны праект новага газаправоду будзе і для Польшчы, мяркуе экспэрт.

А вось што страціць і што набудзе ад гэтага Беларусь, казаць яшчэ рана.

«Калі Польшча зьнізіць у хуткім часе спажываньне расейскага газу, то, відавочна, ён ня пройдзе празь беларускую тэрыторыю, — тлумачыць Тацяна Манёнак. — Сёньня ўвесь газ экспартуецца ў Польшчу праз былую беларускую газатранспартную сыстэму, якую Беларусь страціла. Яна цяпер стопрацэнтна належыць расейскаму Газпрому. Магчымасьць прапампоўваньня празь Беларусь усё адно зьнізіцца. І тых грошай, якія атрымлівае Беларусь сёньня ад транзыту расейскіх энэрганосьбітаў і прыроднага газу, стане менш».

Грошай, якія атрымлівае Беларусь сёньня ад транзыту расейскіх энэрганосьбітаў і прыроднага газу, стане менш

Газатранспартная сыстэма, якая ідзе па тэрыторыі Беларусі, усё адно застаецца аптымальнай і самай выгаднай для паставак расейскага газу.

«Апошнім часам гэты трафік не зьніжаўся, — працягвае экспэрт. — І нават на некалькі адсоткаў падвышаўся. Трэба разумець, што новы газаправод у Эўропе будзе пабудаваны празь некалькі гадоў. Якая сытуацыя будзе і якое спажываньне будзе тады? Ці будзе нейкі рост эўрапейскай эканомікі, у сувязі з чым падвысіцца попыт на прыродны газ?»

Усё гэта паўплывае на патэнцыйны прыбытак Беларусі ад транзыту расейскага газу ў новых умовах.

«Але паколькі гэтая труба — не беларуская ўласнасьць, а расейская, то гэта не такія вялікія грошы. Прыкладна каля 40 мільёнаў даляраў у год мы атрымліваем за транзыт», — кажа Тацяна Манёнак. — Газпром будзе працягваць выкарыстоўваць гэтую трубу, бо гэта вельмі выгадная лягістыка паставак расейскага газу ў Эўропу".

GIPL — толькі адзін з шэрагу праектаў ЭЗ, скіраваных на энэргетычную бясьпеку. Ва ўсходняй частцы рэгіёна Балтыйскага мора ёсьць яшчэ транспамежны газаправод Эстонія — Фінляндыя, а таксама падземнае газасховішча ў Латвіі ў Інчункальнсе. У ліку іншых праектаў — рэгіянальны балтыйскі тэрмінал звадкаванага газу, узбуйненьне транзытнай сеткі паміж балтыйскімі краінамі і ў першую чаргу паміж Літвой і Латвіяй, Латвіяй і Эстоніяй, транспамежны трубаправод паміж Польшчай і Даніяй (BalticPipe) і тэрмінал звадкаванага газу ў польскім Сьвінауйсьці. Усе яны лічацца ключавымі для ўсталяваньня стабільнага рынку газу ва ўсходняй частцы рэгіёну Балтыйскага мора.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG