Пра гэта сёньня паведамляюць шматлікія выданьні.
Праўда, само пагадненьне яшчэ не падпісанае. Але прынцыповая згода ўсіх удзельнікаў гэтых складаных перамоваў дасягнутая. Як заявіў кіраўнік Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны Ўладзімер Дзямчышын, падпісаньне дамовы павінна адбыцца цягам тыдня. Згодна зь ёй Украіна на зімовы сэзон атрымае два мільярды кубамэтраў расейскага газу.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Эўразьвяз гатовы выдзеліць Украіне 500 мільёнаў даляраў, каб тая магла зрабіць асноўнае набыцьцё газу ўжо ў кастрычніку.
Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі па Энэргетычным зьвязе Мараш Шаўчовіч заявіў, што «Пасьля падпісаньня зімняга пакету будуць закладзеныя асновы бесьперашкодных паставак газу з Расеі ва Ўкраіну і далей у Эўразьвяз. Гэта важны этап, каб забясьпечыць неабходныя аб’ёмы газу ва Ўкраіну і каб узімку не было небясьпекі пастаўкам і транзыту расейскага газу ў Эўразьвяз».
Расейкі ўрад паабяцаў зьнізіць кошт газу для Ўкраіны ў апошнім квартале сёлетняга году і ў першым наступнага да ўзроўню, канкурэнтнага з сумежнымі дзяржавамі". Паводле Шаўчовіча, для апошняга кварталу 2015 году цана зьменшаная з 251 даляра да 232 за тысячу кубамэтраў.