Дэлегаты кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА) абіраюць прэзыдэнта. Гэта адбываецца на тле скандалу: некалькі дзён таму праваахоўныя органы Швайцарыі і ЗША арыштавалі шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў ФІФА, якія па дзьвюх крымінальных справах вінавацяцца ў карупцыі, адмываньні грошай і фальшаваньні вынікаў галасаваньняў за права правядзеньня чэмпіянатаў сьвету 2018 і 2022 гадоў.
ФІФА — самая масавая спартыўная асацыяцыя, якая аб’ядноўвае пад сваім дахам 209 дзяржаваў сьвету. На такіх маштабах, як выявілася, можна добра зарабіць. Паводле папярэдніх дадзеных сьледзтва, адкаты і хабары за тэлетрансьляцыі і лабіраваньне месцаў правядзеньня футбольных першынстваў даўно вылічваюцца многімі мільёнамі даляраў.
Самы гучны ў гісторыі арганізацыі скандал выбухнуў акурат напярэдадні выбараў яе кіраўніка — агулам паўтара дзясятка функцыянэраў у рангу ад віцэ-прэзыдэнта і ніжэй абвінавачваюцца ў злоўжываньні службовым становішчам, а яшчэ большая колькасьць — пад падазрэньнем у махлярстве.
Ва ўмовах магутнага іміджавага ўдару па ўсёй структуры ФІФА намер 80-гадовага Ёзафа Блатэра вылучацца на пяты тэрмін шмат дзе ўспрыняты як зьдзек са спорту № 1 і добрага мільярда заўзятараў. Прэзыдэнт УЭФА Мішэль Плаціні ўжо папярэдзіў, што эўрапейская асацыяцыя можа спыніць усялякія кантакты зь ФІФА, калі Блатэр не прыслухаецца да ўсясьветнай супольнасьці і будзе намагацца надалей пакрываць карупцыянэраў. У змаганьні за прэзыдэнцкае крэсла прыхільнікі Плаціні ставяць на прынца Ярданіі, 40-гадовага Алі бін Аль-Хусэйна. Ці можа канфлікт дайсьці да мяжы невяртаньня? Ці варта было Блатэру ўвогуле заяўляць пра прэзыдэнцкія амбіцыі? Меркаваньне выказвае вядомы футбольны арбітар, намесьнік дырэктара Навучальнага цэнтру падрыхтоўкі судзьдзяў Беларускай фэдэрацыі футболу Вадзім Жук:
«Цяжка сказаць, я не знаёмы з дэталямі, толькі тое, што ідзе з прэсы. Увогуле калі браць ФІФА, то арганізацыя робіць шмат для разьвіцьця футболу. Іншая справа, што калі ўсе гэтыя ценевыя схемы, фінансавыя пытаньні, заключэньне дамоваў пацьвердзяцца, то гэта, безумоўна, нэгатыўны фактар, які можа паўплываць на выбары прэзыдэнта. Што тычыцца Плаціні, то, думаю, са складу ФІФА яны наўрад ці выйдуць. Іншая справа, калі ня будзе ніякіх кантактаў паміж дзьвюма арганізацыямі. Вось гэта сапраўды было б вельмі дрэнна. Бо і ФІФА, і УЭФА павінны ў прынцыпе адыйсьці ад палітыкі і дзейнічаць не на распальваньне варажнечы, а наадварот, на карысьць міру, добрасуседзтва, добрых адносінаў, усё рабіць дзеля разьвіцьця футболу. Таму, калі здарыцца канфрантацыя паміж УЭФА і ФІФА (а відавочна, што УЭФА — асноўнае структурнае падразьдзяленьне ФІФА), то гэта будзе самы нэгатыўны момант ва ўсёй гэтай гісторыі».
Функцыянэры Беларускай фэдэрацыі футболу акрэсьлілі пазыцыю па выбарах прэзыдэнта ФІФА напярэдадні ад’езду на швайцарскі кангрэс. Першы намесьнік старшыні фэдэрацыі Сяргей Сафар’ян заявіў, што беларускі бок падтрымае кандыдатуру прынца Алі, бо гэта «салідарная пазыцыя краін-удзельніц УЭФА». Адметна, што расейская дэлегацыя, апынуўшыся ў цэнтры скандалу з, магчыма, купленым правам на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2018 году, будзе галасаваць за Блатэра. У Маскве на ўсіх узроўнях пацьвярджаюць: усясьветнае першынства прыйдзе ў Расею толькі дзякуючы «старому Зэпу».
Як кажа футбольны экспэрт Вадзім Жук, беларускі футбол з-за сьціплых вынікаў і фінансавых магчымасьцяў не замахваецца на асаблівую прыхільнасьць з боку ФІФА і збольшага задавальняецца дапамогай, якую атрымлівае ад эўрапейскай футбольнай асацыяцыі:
«Вядома, гэта так, таму што мы, калі можна так сказаць, належым УЭФА, знаходзімся ў складзе эўрапейскай асацыяцыі. І на ўсіх важнейшых спаборніцтвах — нацыянальная зборная ў адборах да чэмпіянату Эўропы, клюбныя турніры Лігі чэмпіёнаў ці Лігі Эўропы — наша фэдэрацыя, увогуле беларускі футбол у нашмат большай ступені залежыць ад УЭФА. Разам з тым, калі наступае час адборачных турніраў да чэмпіянатаў сьвету, то ідзе заключэньне дамоваў на ўзроўні ФІФА. Адпаведна, фінансавыя патокі паступаюць адтуль. Ну, а калі спаборніцтвы эўрапейскага рангу, то грошы, як я ўжо казаў, пералічвае УЭФА. Дакладна ня ведаю, у якой прапорцыі, хто дае больш, хто менш, але ў любым выпадку ФІФА таксама аказвае значную матэрыяльную дапамогу нацыянальным футбольным асацыяцыям».
За 17 гадоў ля руля Міжнароднай фэдэрацыі футболу Ёзаф Блатэр заручыўся падтрымкай шэрагу рэгіянальных асацыяцыяў, якія гатовыя быць са сваім апекуном да апошняга. У прыватнасьці, гэта тычыцца афрыканскага кантынэнту, Азіі, Лацінскай Амэрыкі, астравоў Карыбскага архіпэлягу. Паколькі пры галасаваньні ўлічваецца голас кожнай выспачкі, нават самай мікраскапічнай, то нават у сытуацыі поўнай страты аўтарытэту Блатэр пачувае сябе досыць камфортна.
Паводле апэратыўных зьвестак, на кангрэс прыехалі прадстаўнікі ўсіх 209 нацыянальных фэдэрацыяў. Гэта азначае, што для перамогі ў першым раўндзе трэба набраць 2/3 галасоў — то бок заручыцца падтрымкай блізу 140 удзельнікаў. Калі гэтага ня здарыцца, будзе абвешчаны другі тур, у якім дастаткова проcтай большасьці.
Электаральнае прадстаўніцтва ў ФІФА наступнае:
- Афрыка — 54 галасы,
- Эўропа — 53,
- Азія — 46,
- Цэнтральная і Паўночная Амэрыка з Карыбамі — 35,
- Акіянія — 11,
- Паўднёвая Амэрыка — 10.
З улікам сымпатыяў да дзейнага кіраўніка ФІФА падтрымка яму прагназуецца апрыёры.