Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вырашыў чарговым разам ашчасьлівіць беларускі народ. Ён зноў даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак на ўзровень $500. Трэцім разам, лепшым часам.
Першы раз гэта было ў 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку цягам таго году сярэдні заробак вырас з $350 да $530. Потым увесну 2011 году здарыўся абвал і дэвальвацыя рубля амаль на 200%.
У 2012 годзе Лукашэнка зноў загадаў давесьці сярэдні заробак да $500. І зноў гэта закончылася дэвальвацыяй на мяжы 2014-2015 гадоў на 40%.
Апошні раз Лукашэнка абяцаў заробак 500 даляраў у 2014 годзе. «Пяцьсот даляраў — гэта той мінімум, які павінен быць у кішэні чалавека», — казаў ён. Але здарыўся крызіс 2015, 2016 году. Цяпер у сярэднім беларусы атрымліваюць $377 у эквіваленце. Два гады Лукашэнка маўчаў наконт сярэдняга заробку ў далярах. Прэм’ер Кабякоў сёлета ўвесну казаў: «Думаю, у нас грамадзтва ўжо зразумела, што ад гэтых паказчыкаў у даляравым эквіваленце неабходна адыходзіць. Гэта не заўсёды справядліва і не зусім дакладна з пункту гледжаньня эканамічнай навукі».
І вось цяпер Лукашэнка, насуперак «пункту гледжаньня эканамічнай навукі», зноў ставіць такую задачу на парадак дня. Чаму раптам ён вярнуўся да гэтай «сьвятой лічбы»?
Крызіс сацыяльнай мадэлі непазьбежна выклікае ідэалягічны крызіс.
Рэч у тым, што крызіс сацыяльнай мадэлі непазьбежна выклікае ідэалягічны крызіс. Падобная сытуацыя здарылася на пачатку 1990-х гадоў, пасьля краху СССР і сацыялістычнай сыстэмы. Разбурэньне ранейшай карціны сьвету выклікала ў масавай сьвядомасьці псыхалягічны шок. Стварэньне Лукашэнкам беларускай сацыяльнай мадэлі дазволіла пераадолець гэты крызіс, стварыць новую сьветапоглядную сыстэму каардынатаў.
І вось цяпер у нейкай ступені мы вяртаемся да пачатку 1990-х гадоў. Сацыяльнаму і эканамічнаму крызісу зноў спадарожнічае ідэалягічны, каштоўнасны і псыхалягічны крызіс. Ва ўяўленьні кіруючай эліты і грамадзтва бурыцца звыклы сьветапарадак. Сярод насельніцтва зьявіліся расчараваньне і роспач. Прыходзіць усьведамленьне, што крызіс, падзеньне ўзроўню жыцьця — гэта не часовыя цяжкасьці, выкліканыя вонкавымі чыньнікамі, як спрабуе пераканаць улада, а надоўга — можа, назаўсёды. Гэта ўжо знайшло адлюстраваньне ў сацыялягічных апытаньнях. Зьяўляецца ўсьведамленьне, што беларуская сацыяльная мадэль — гэта тупіковы варыянт, што 20 гадоў «сусанін» вёў краіну не туды. Народ нават пачаў схіляцца да ідэі рэформаў.
Зьяўляецца ўсьведамленьне, што беларуская сацыяльная мадэль — гэта тупіковы варыянт, што 20 гадоў «сусанін» вёў краіну не туды. Народ нават пачаў схіляцца да ідэі рэформаў.
У гэтай сытуацыі галоўны віноўнік тупіку вырашыў, што трэба даць людзям надзею і аптымізм. Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як зноў вярнуцца да абяцанай лічбы $500.
Хоць кіраўнік Беларусі і зьвязвае рост заробкаў з павелічэньнем прадукцыйнасьці працы, але гэта не павінна ўводзіць у зман. Бо з улікам цяперашняга эквіваленту даляравых заробкаў, каб забясьпечыць $500, трэба павялічыць прадукцыйнасьць працы за год у паўтара раза. Гэта фантастыка.
Дарэчы, праграма на пяцігодку, прынятая Ўсебеларускім народным сходам, прадугледжвае, што да 2020 году сярэдні заробак вырасьце на 9,5-11,6%. Калі адлічваць ад цяперашняга ўзроўню, то атрымліваецца дзесьці $410 на канец пяцігодкі. Такімі тэмпамі (9,5-11,6% за пяцігодку) трэба 15 гадоў, каб выйсьці на $500.
Цяпер усе загаварылі пра нерэальнасьць гэтага абяцаньня. Заўважыў бы, што тэарэтычна дасягненьне такога сярэдняга заробку магчымае пры некалькіх умовах. Калі раптам сусьветныя цэны на нафту і калій вырастуць у 2-3 разы. Калі запусьціць друкарскі станок. Калі закрыць нерэнтабэльныя прадпрыемствы, звольніць усіх лішніх работнікаў, скараціць дзяржапарат. Калі ажыцьцявіць рэвальвацыю, павысіць абмены курс беларускага рубля. Іншая справа, якія эканамічныя наступствы гэта за сабой пацягне.
Тут важна ацаніць крызіс жанру. Нічога новага прыдумаць Лукашэнка ня ў стане.
Але тут важна ацаніць крызіс жанру. Нічога новага прыдумаць Лукашэнка ня ў стане. Тут нават ня ў тым справа, што на новыя выклікі ён рэагуе па-старому. Бо ні на што іншае ня здольны.
Праблема ў тым, што сам факт гэтага палітычна-папулісцкага рэмэйку наўрад ці прынясе яго аўтару іміджавыя дывідэнды. Бо мабілізаваць грамадзтва можа толькі нейкая моцная ідэя, якая сягае ў далягляд. Глядзіце, на выбарах, якія адбыліся апошнім часам у шэрагу краін (ЗША, Малдова, Баўгарыя), перамаглі кандыдаты, якія прапанавалі грамадзтву новую парадыгму разьвіцьця (ня будзем зараз разважаць наконт іх рэалістычнасьці). Раней і ў Беларусі быў такі прыгожы ідэалягічны канцэпт. Маўляў, мы пабудавалі ўнікальную сацыяльную мадэль, у якой сацыяльная абарона насельніцтва спалучаецца з хуткім эканамічным ростам («Тыгар Усходняй Эўропы»), сацыяльна-палітычнай стабільнасьцю, нам зайздросьцяць усе суседзі, жыць у такой краіне — вялікі гонар. Такая своеасаблівая беларуская мара. А абяцаньне заробку $500 — гэта такі вельмі прыземлены канструкт, які мала каго натхняе.
Другі момант. Беларусы памятаюць, што абяцаньне давесьці заробак да $500 ужо два разы давалася. І кожны раз заканчвалася гэта кепска, вялікай дэвальвацыяй. У масавай сьвядомасьці грамадзтва згадка пра гэта піяр-ход зьвязана з псыхалягічнай траўмай. І навошта верадзіць раны?
Нарэшце апошняе. Абяцаць заробак $500, які ўжо быў у 2010 годзе, гэта рухацца не наперад, а назад. Высьвятляецца, што Беларусь, можа, адзіная краіна ў сьвеце, дзе правадыр прапануе ісьці ў мінулае, задам наперад. З чым вас усіх шчыра віншую.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.