Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 простых спосабаў адрозьніць фэйкавыя навіны ад сапраўдных


Чым больш людзі чытаюць навіны і дзеляцца імі, тым больш будзе ўзьнікаць фальшывых, хлусьлівых, ці, як цяпер кажуць, фэйкавых навінаў.

Бывае і так, што праз фэйкавыя навіны людзі нават бяруць у рукі зброю: у сьнежні амэрыканец паверыў у «пэдафільскую змову» і ўчыніў страляніну ў піцэрыі. На шчасьце, тады ніхто не загінуў.

Бывае цяжка разабрацца, ці навіна фэйкавая. На прэзыдэнта ЗША публікуюць «крамлёўскі кампрамат» за дзень да ягонай першай прэс-канфэрэнцыі на пасадзе, Крэмль адмаўляе збор кампрамату, прэзыдэнт ЗША заяўляе пра «фэйкавасьць» дакладу, а СМІ патрабуюць ад яго адказу за абвінавачаньні ў публікацыі фальшывых навінаў. Кампрамат маглі зьбіраць, але ці сапраўды зьбіралі? А калі сабралі, то ці праўдзівыя факты?

Зрэшты, у большасьці выпадкаў адрозьніць фэйкавыя навіны ад сапраўдных даволі лёгка. Свабода падказвае 6 простых спосабаў.

1. Чытаць далей за загаловак

Часта навіна можа быць цалкам сапраўднай, а загаловак можа, як думае выдавец, «гуляць з чытачом». Цалкам верагодна, што пад загалоўкам «Расея ўвяла войскі ў Беларусь» тэкст будзе казаць, што не ўвяла, а ўвядзе, што войскі ня дзеля акупацыі, а дзеля плянавых супольных вучэньняў... Зманлівы загаловак можа быць і не наўмыснай хлусьнёй, а хібнай ці пасьпешлівай высновай.

А можа аказацца і так, што войскі ўведзены, але і не Расеяй, і не ў Беларусь. Вунь, можна сказаць, нядаўна «адбылася замежная інтэрвэнцыя, бо дыктатар адмовіўся пакінуць пасаду, якую займае з 1994 году». У якую краіну інтэрвэнцыя, як вы думаеце? Ці вунь «150 тысяч уцекачоў з Украіны ў Беларусі» — можа, не ўцекачоў, можа, не 150 тысяч?

2. Знайсьці першакрыніцу

Часта бывае так, што пакуль навіна «вандруе» ад сайта да сайта, у ёй губляюцца адны дэталі, а зьяўляюцца іншыя. Арабскі блогер напісаў — Al Jazeera перадрукавала — BBC перадрукавала ў Al Jazeera — адтуль пайшло на Lenta.ru — далей на Tut.by — а там і на ўмоўных «Вячэрніх Хойніках» зьявілася. Толькі на апошніх можа быць сказана зусім ня тое, што было ў арабскага блогера, бо «па дарозе» ў кагосьці нешта сказілася.

Прычым умоўныя «Вячэрнія Хойнікі» могуць і не напісаць, адкуль узялі інфармацыю. Калі ёсьць магчымасьць, варта спраўдзіць, што піша той, на каго спасылаюцца. А калі няма, можна набраць у пошукавіку ключавыя словы. Раптам пошук пакажа, што пра «хакеры, выкрылі, малады, фронт, атрымаў, тысячы, даляраў» першакрыніца піша з кучай памылак, ды яшчэ і з падазронай пошты?

3. Спраўдзіць, ці надзейная крыніца

Памылкі робяць усе, але ёсьць крыніцы навінаў, якія памыляюцца меней. А ёсьць тыя, якія скажаюць факты на карысьць нейкай палітычнай сілы ці камэрцыйнай кампаніі. Пацікаўцеся, што за СМІ дае навіну, што яно піша само пра сябе, хто ім валодае. Можа, нават у разьдзеле «Пра нас» напісана, што гэта «сатырычны сайт», а можа, напісана, як у славутага распаўсюдніка фэйкаў The Onion, што сайт «штодзень чытае 4,3 трыльёна чалавек». Асабліва калі няма зьвестак пра тое, што за СМІ і чыё яно, верыць яму ня варта.

Падобна, што шмат каму зь беларусаў спадабалася ідэя #Belxit — выхаду Беларусі з інтэграцыйных структураў Расеі. Але чуткі пра #Belxit запусьцілі расейскія прапагандысцкія выданьні, чыіх аўтараў, тым больш, затрымлівалі ў Беларусі за распальваньне нацыянальнай варожасьці. Калі зайсьці на сайты «аўтараў #Belxitʼу», можна пабачыць, што і іншыя «навіны» падазроныя.

4. Паглядзець, хто робіць заяву

Зразумела, што палітыкі адной краіны могуць рабіць пэўныя заявы на карысьць сваёй краіны. Але і камэрцыйныя кампаніі могуць даваць такія камэнтары, якія выгадныя ім. Чаму б рыэлтару ня даць «аўтарытэтны» камэнтар пра тое, што самы час купляць кватэры ў Серабранцы, бо цэны ўпалі да мінімуму? Дык якраз у Серабранцы ў рыэлтара кватэры кепска прадаюцца! Або чаму б стваральнікам антывірусу не папужаць страшнымі вірусамі?

Прычым падазроныя крыніцы могуць хавацца за сурʼёзнымі назвамі. І ладна яшчэ, калі нешта піша шараговая супрацоўніца МНС, а людзі думаюць, што гэта афіцыйная заява самога міністэрства. А верыце, што «Саюз мусульманаў Казахстану забараніў маліцца, чхаць і смаркацца падчас сэксу»? Сапраўды ж забараніў, ёсьць такая заява ад арганізацыі пад такой назвай. Толькі саюз гэты, як падкажа Google, на самой справе складаецца з аднаго чалавека, які ўжо шмат год так жартуе. Спасылку не дадзім, каб не абражаць вернікаў.

5. Пашукаць, што пішуць іншыя

Магчыма, вам ня трэба нічога спраўджваць, за вас ужо спраўдзілі іншыя СМІ. Або тыя, пра каго гаворыцца ў навіне, ужо напісалі абвяржэньне. Што там, кажуць, пад Беларусьсю адразу дзьве АЭС бабахнулі? Магчыма, МНС Беларусі ўжо апублікавала поўны тэкст сцэнара вучэньняў, зь якога зьявілася «навіна». Усясьветная арганізацыя аховы здароўя «прызнала гамэапатыю»? Магчыма, яна сама ці нехта са спасылкай на яе ўжо пісалі, што «прызнала не гамэапатыю як эфэктыўны сродак лекаваньня, а толькі прызнала існаваньне, але не знайшла доказаў эфэктыўнасьці». Або магчыма, што адна і тая жа «страшылка» гадамі ходзіць па сеціве і яе абверглі ўжо даўным-даўно.

Праўда, трэба ўлічваць, што і тыя, хто абвяргае чыюсьці навіну, могуць мець свае інтарэсы. Напрыклад, навіну пра чарговага «расьпятага хлопчыка» на Данбасе, вядома ж, абвергнуць украінскія СМІ, бо Ўкраіна — удзельнік канфлікту на Данбасе. Гэта ня значыць, што ўкраінскія СМІ аўтаматычна схлусяць, а толькі што лепей шукаць інфармацыю ад тых, хто ня мае сваіх інтарэсаў у канфлікце, або спраўджваць навіну самастойна.

6. Ня весьціся на «ўстойліва фэйкавыя выразы»

Некаторыя навіны і ня варта спраўджваць. «Кіеўская хунта» ад 2014 году нібыта чыніць лютыя зьверствы, канец сьвету «прарочаць» ужо шмат тысяч год, сотні год «зоркі прадказваюць» лёс дванаццаці з трынаццаці знакаў задыяку, а «брытанскія вучоныя» дзясяткі год «вынаходзяць» рэвалюцыйныя лекі ад раку. Пра гэта нават могуць паведамляць нават нібы аўтарытэтныя крыніцы і афіцыйныя асобы, нават адразу некалькі.

Толькі ці ня чулі вы раней, што навіна, падобная да цяперашняй, аказалася фальшывай ці недакладнай? Навукоўцы зь Вялікай Брытаніі, можа, і праўда малайцы, але якраз на іх любяць спасылацца ў фальшывых гісторыях. Зоркі (праз астролягаў) штодзень прадказваюць падобны лёс трынаццатай частцы чалавецтва. А пра «кіеўскую хунту» сурʼёзныя выданьні ня будуць пісаць хоць бы таму, што ў Кіеве іншая форма ўлады.

Тым больш ня вартыя ўвагі загалоўкі-завабы, якія не паведамляюць навіну, а толькі запрашаюць зрабіць клік (па-ангельску гэта завецца clickbait). Калі загаловак кажа: «Вы не паверыце, што робіць гэты коцік на відэа», то вы, можа, і паверыце, але, хутчэй за ўсё, навіна ня будзе вартая часу, патрачанага на прагляд відэа.

Цяжэй бывае ацаніць рэалістычнасьць, калі крыніца навіны — сацыялягічнае апытаньне. Не, апытаньні сапраўды могуць паказаць падобную да праўды карціну. Але зь імі шмат праблемаў: апытаньні часам робяць не незалежныя кампаніі, у апытаньнях бяруць удзел толькі тыя, хто сам таго хоча, а адказваць яны могуць зусім ня так, як думаюць на самой справе. І з Brexit, і з выбарамі ў ЗША шмат якія апытаньні паказалі непраўдзівы вынік. А то дасі веры апытаньням, што толькі пару тысяч чалавек незадаволеныя «падаткам на дармаедаў», а акажацца, што незадаволеных за сотню тысяч, проста ў іх не пыталіся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG