Прэс-служба Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла, што папрасіла адміністрацыю Facebook распрацаваць мэханізм барацьбы з фэйкавымі навінамі ва ўкраінскім сэгмэнце сеткі.
«Зьвярнуліся да кіраўніцтва сацыяльнай сеткі Facebook з просьбай распрацаваць мэханізм барацьбы з фэйкавымі навінамі для ўкраінцаў па аналёгіі зь іншымі краінамі. У сваю чаргу, міністэрства гатова садзейнічаць працэсу паводле ўказаньняў адміністрацыі сеткі», — цытуе выданьне korrespondent.net міністра інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юрыя Стэця.
Паводле яго, сацыяльная сетка ва Ўкраіне набірае ўсё большую папулярнасьць сярод карыстальнікаў, а таксама зьяўляецца крыніцай інфармацыі і для многіх СМІ.
Раней Facebook прадставіў стратэгію барацьбы зь вялікай колькасьцю фэйкавых навін.
- Для пачатку кампанія палегчыць карыстальнікам магчымасьць паведаміць аб зьяўленьні фэйкавай навіны. Калі пра яе заявіць пэўная колькасьць карыстальнікаў, то навіна будзе накіравана на праверку ў інфармагенцтвы і іншыя кампаніі, якія займаюцца фактчэкінгам (праверкай інфармацыі).
- Навіны, не пацьверджаныя фактамі, ня зьнікнуць з сацсеткі, аднак яны будуць пазначаныя як «спрэчныя» і будуць зьяўляцца ніжэй у навінавых стужках карыстальнікаў. Такой навіной можна будзе падзяліцца, аднак у такім выпадку карыстальнік атрымае яшчэ адно папярэджаньне аб тым, што навіна зьяўляецца «спрэчнай».
- Акрамя таго, Facebook уводзіць альгарытм, які больш ня дасьць магчымасьці спамэрам дзейнічаць у сацсетцы пад імёнамі рэальных навінавых арганізацый.