Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці адносін з Эўрапейскім Зьвязам ва ўсіх сфэрах і галінах.
Пра гэта міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў у інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita. «Для нас, вядома, важна наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне, таму што мы разумеем, што без кіўка з боку Эўразьвязу ніякі фінансавы інстытут, ніякі банк або кампанія ня будуць працаваць зь Беларусьсю. На жаль, гэтае кляймо санкцыяў, хоць пераважная большасьць зь іх і былі адмененыя, у розумах некаторых заходніх фінансістаў і палітыкаў да гэтага часу працягвае аказваць псыхалягічны ўплыў на Беларусь. Мы гатовыя да дыялёгу з Эўразьвязам, у тым ліку і па вострых пытаньнях, якія тычацца і сфэры разьвіцьця дэмакратыі, і правоў чалавека», — сказаў Макей.
Паводле Макея, сытуацыя ва Ўкраіне паўстала шмат у чым з-за таго, што «ранейшае ўкраінскае кіраўніцтва занадта хутка імкнулася зблізіцца з Эўрапейскім Зьвязам».
«Мы хочам мець нармальныя адносіны з Эўрапейскім Зьвязам. Гэта ня значыць, што мы заўтра хочам стаць сябрам ЭЗ, хоць ніхто ня ведае, што будзе праз 10–15 гадоў».
На пытаньне журналістаў, ці не выключае Макей, што Беларусь праз 10–15 гадоў можа стаць сябрам ЭЗ, Макей адказаў:
«Я не выключаў бы, што, магчыма, праз 10–15 гадоў ЭЗ і Эўразійскі эканамічны саюз стануць адзінай Эўразійскай эканамічнай прасторай. Чаму б і не? Можа, і нерэальны сцэнар сёньня, але заўтра ўсё магчыма».
На пытаньне, ці магчымае ўступленьне ў ЭЗ толькі Беларусі, Макей адказаў так:
«Мы хочам на дадзеным этапе разьвіваць нармальныя адносіны з Эўрапейскім Зьвязам. Сказаць, што мы імкнёмся сёньня ў ЭЗ, я не магу».
«Не цяпер, а праз 15 гадоў», — удакладнілі пытаньне журналісты.
«Трэба паглядзець, як зьменіцца ЭЗ, як зьменіцца сытуацыя ў рэгіёне, ці будзе такім прыцягальным Эўрапейскі Зьвяз для Беларусі. Таму, яшчэ раз паўтаруся, нельга выключаць ніякіх сцэнараў разьвіцьця», — сказаў Макей.