Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita сказаў, што прычына канфлікту ў беларуска-польскіх дачыненьнях — «глупства з боку некаторых асобаў», і што Беларусь імкнецца да таго, каб палякі «нармальна адчувалі сябе ў нашай дзяржаве».
«Мы не адмаўляемся ад абмеркаваньня гэтых пытаньняў, мы дамовіліся шукаць агульныя падыходы, якія дапамаглі б нам вырашыць нейкую няпэўнасьць на гэты конт. Мы гаворым пра гэта з нашымі сябрамі, з прадстаўнікамі польскага ўраду, мы знаходзімся ў цесным кантакце і з амбасадай Польшчы ў Беларусі, і ёсьць кантакты паміж міністэрствамі замежных спраў», — цытуе Макея БелаПАН.
Паводле ягоных слоў, «пэўныя зрухі таксама ёсьць».
«Я думаю, што рана ці позна мы закрыем гэтае пытаньне. Я ня ведаю, праз глупства, напэўна, некаторых асоб — з аднаго, другога, трэцяга або ўсіх бакоў — паўстала гэтая праблема», — дадаў міністар.
Беларусь, падкрэсьліў ён, зацікаўленая ў тым, каб грамадзяне краіны польскай нацыянальнасьці «нармальна адчувалі сябе ў нашай дзяржаве».
«Стабільнасьць, мір і спакой у грамадзтве — гэта самыя галоўныя мэты і прыярытэты нашай дзяржаўнай палітыкі», — запэўніў Макей.
Ён сказаў, што палякі, якія пражываюць у Беларусі, маюць магчымасьць ствараць свае школы, маюць клясы на польскай мове.
«І ніхто ніколі ня будзе забараняць ім у Беларусі вывучаць польскую мову, польскую літаратуру, польскія звычаі і традыцыі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у Беларусі не было рознагалосьсяў на міжнацыянальнай, міжрэлігійнай глебе. Таму мы нацэленыя на тое, каб вырашыць усе гэтыя праблемы спакойна», — сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства.
Раскол у грамадзкім аб’яднаньні «Саюз палякаў на Беларусі» адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне існуюць два СПБ — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы.