1 сакавіка Вярхоўны суд зьмякчыў прысуд былому начальніку Ашмянскай мытні Івану Нівяркевічу.Тэрмін яго зьняволеньня паменшылі на адзін год.
Апэляцыю па справе разглядала судовая калегія па крымінальных справах.
З прысуду Менскага абласнога суду ад 29 сьнежня 2015 году выключаны ўказаньні пра спагнаньне з карупцыянэра ў даход дзяржавы беспадстаўнага ўзбагачэньня ў памеры 238 405 860 рублёў і дзяржаўнай пошліны ў памеры 11 920 293 рублёў (разам каля 12 тысяч даляраў). А таксама пра зварот грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на карт-рахунках у некалькіх банках, у лік кампэнсацыі беспадстаўнага ўзбагачэньня.
Гэта зроблена ў сувязі з тым, што перад пастановай прысуду абвінавачаны добраахвотна выплаціў усю суму злачыннага даходу.
«Аднак суд гэтай акалічнасьці раней ня даў ацэнкі», — паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.
Поўная сплата даходу, атрыманага злачынным шляхам, прызнаная зьмякчальнай акалічнасьцю. У выніку тэрмін асноўнага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі былому начальніку мытні паменшылі да шасьці гадоў.
У астатняй частцы Вярхоўны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў, а касацыйны пратэст — без задавальненьня.
Раней былы начальнік Ашмянскай мытні быў пакараны пазбаўленьнем волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле прысуду, ён ня мае права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў, а таксама пазбаўлены спэцзваньня дзяржаўнага дарадцы мытнай службы 3-га рангу.
Летась у красавіку Аляксандар Лукашэнка апавёў пра карупцыйную схему ў дзейнасьці Ашмянскай мытні, у якую быў уцягнуты амаль увесь асабісты склад мытнага поста «Каменны Лог».
Паводле КДБ, мытнікі за хабар ад 250 да 3000 даляраў ЗША ажыцьцяўлялі бесьперашкодны пропуск буйных партый розных тавараў церазь мяжу.
Адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячны «аклад» у 1000 даляраў прыкрываў мытнікаў, паведамляючы, дзе і калі будзе праводзіцца праверка Дзяржаўнага мытнага камітэту. Па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы канфіскаваныя наяўнымі больш за 2,2 млн даляраў ЗША.
Усяго па справе аб карупцыі ў «Каменным Лозе» былі затрыманыя 19 чалавек.