Усе, хто перасяліўся ў сацыяльныя сеткі або прынамсі ўжывае тэлефонныя СМС-весткі ды Скайп, ведаюць пацешныя значкі смайлікі, або эматыконы – тварыкі зь мімікай усьмешкі, сумневу, сораму, абурэньня ды іншага.
Іх ставяць, каб адрасат ня толькі прачытаў словы, але і ўявіў эмоцыі аўтара.
Эматыконы істотна зьмянілі выгляд пісьмовых тэкстаў неафіцыйных жанраў і пакуль не апісаныя ў даведніках пунктуацыі (скажам, дзе ставіць кропку/коску/іншы знак – да ці пасьля эматыкону, а мо эматыкон замяняе кропку ды іншае?):
– Як здароўе
– Не дачакаецеся
Ёсьць і ўнікальна беларускія смайлікі (створаныя generation.by)
Эматыконаў дзясяткі відаў, называюцца яны звычайна па-ангельску. Аднак іх ахвотна "нацыяналізуюць". Напрыклад, падпісваюць па-ўкраінску – агов! хай тобі грець! ці отож-бо! Але ж па-беларуску можна зрабіць ня горш.
З выклічнікаў пачалася мова (а эматыконамі закончыцца?)
Ёсьць і словы для перадачы не інфармацыі, а эмоцыяў. Гэта выклічнікі: Вох! Ая-яй! Гэй! Вільгельм Гумбальт лічыў, што з выклічнікаў пачалася чалавечая мова як сыстэма. Вось жа ў беларускай мове поўна адметных выклічнікаў. Бойка на лузе з "Народнага альбому" – памятаеце, там пабіліся скарабагаты Казік і прасавецкі пралетар, па-цяперашняму ватнік Юзік, які застаўся бяз гузіка:
Аёй, аёй! Ходзіць па вёсцы бяз ґузіка Юзік!
Якая тут эмоцыя закадаваная? У афіцыйным слоўніку аёй няма, зьвяртаемся да слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча з 1870 году. У яго падобны выклічнік:
Айё. Па-расейску 'ой'. Перадае пачуцьцё болю, спрычыненага кімсьці іншым. І прыклад: Айё, больна дзярэсься.
Відаць, героям песьні добра дасталося абодвум. [Зрэшты, на Полаччыне, паводле П. Садоўскага, гэты выклічнік – ай-ё – перадае страх або зьдзіў "пры зьяўленьні нечага нечаканага і жахлівага".]
Нават як хто не набіраўся мовы з жывога асяродзьдзя, будзе ўражаны шматлікасьцю беларускіх выклічнікаў XIX стагодзьдзя ў тым самым слоўніку Насовіча, зь першых жа старонак. Балазе многія такія словы ўтварыліся з старажытнаю прыстаўкаю а- (якая таксама ад выклічніка).
Авай! і Авой! Выклічнік абурэньня: Авай, які ты дурань. Або зьдзіўленьня: Авай, што я бачу!
Авоінькі! Выклічнік зьдзіўленьня, ужываецца ў выглядзе назоўніка множнага ліку клічнага склону, піша Іван Насовіч. Авоінькі ж мае!
Авож. А раптам. Тое, што па-расейску 'авось'. Авож дасьць Бог!
Авосьжа / Авосьцеж. Наадварот. Авосьжа прыедзець сяньні.
Авосьцека. Быць можа. Авосьцека, ці не прыедзець.
Авохці-мне, авохцінькі мае! Насовіч лічыць расейскім адпаведнікам вокліч "Горе мне"! Але мы ведаем і маналёг уражанага палясоўшчыка Тараса, што патрапіў на заселены багамі Парнас:
Авохці мне! Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, -
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там, дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А-ай! авохці мне! авой-я!
Куды патрапіў гэта я?
То авохці мне, падобна як ахцí мне, перадае два значэньні – смутак: Ахці мне беднаму, – або зьдзіўленьне: Ахці мне! альбо гэта праўда? (Прыклады з Насовіча.)
Агá-ту і Ага-тý. Перадае прыкрасьць і пагарду. Тфу! Ага-ту на яго! Ага-ту цябе, што ты нарабіў.
Агу. Выклічнік зьдзіўленьня, а таксама дакору, незадавальненьня: Агу, які ты! У вясельнай песьні спрытны жаніх – у вобразе каравая, што паціху да клеці ходзіць:
Пытаўся каравай у перапечы,
Да куды сьцежка да клеці?
Агу! ты караваю, варапаю,
Часта ў клеці бываеш,
Сьцежкі, дарожкі пытаеш.
Адылíж. А і сапраўды. Адыліж праўда!
Аяй, аяяй. Адрозна ад расейскай мове, у беларускай гэта выклічнік радаснага зьдзіўленьня, не дакору: Аяяй, якія прыгожыя грошы.
Айбá! Перадае насьмешку зь некага, хто нечакана займеў непрыемнасьць: Айба, якаво табе? Айба, дайграўся.
Аўжо-ж. Перадае вымушаную згоду: Аўжо-ж трэба зрабіць, – або пагрозу: А ўжо-ж не дарую.
Ат! перадае зьняпраўджаньне сказанага іншым, а часам і самім сабою. Ат! слухаць нечага! Ат! мала што кажуць людзі.
Тут успамінаем, вядома, клясыка:
Славу паэтаў разносяць па сьвеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама, зь вёскі – Янка Купала!
Такое нібы самапрыніжэньне. Але ў наступных радках ужо іншыя выклічнікі: "От, ведама, здумаў Янка Купала" пісаць беларускаю моваю. От – ужо іншая эмоцыя: во як, маўляў, паглядзім яшчэ!
Хацеў быў праілюстраваць гэты прыклад песьняю "Я не паэта" ў выкананьні клясычных "Песьняроў", але, на жаль, яны не адчулі былі асаблівасьцяў беларускіх выклічнікаў і прыбралі іх.
Што ж да выклічнікаў у Насовіча, то дасьледніца Алена Пятровіч заўважыла, што калі ў яго толькі на літару "А" 51 такое слова, то ў цяперашнім афіцыйным тлумачальным слоўніку іх толькі дзевяць. На жаль, гэтым словам, якія надаюць мове бясспрэчны нацыянальны калярыт, зусім не надаюць увагі ў школе і замала зважаюць на іх у акадэмічнай навуцы.
Чэмпіёнам калярытнасьці сярод беларускіх выклічнікаў я лічу слова, якое вынес са сваёй роднай вёскі на Полаччыне мовазнаўца Пётра Садоўскі. Азначае ўздых палёгкі пасьля фізычнае працы і гучыць так:
Ахýхцінацямненькі!
"Калі якая-небудзь жанчына мела такога мужука, што павінна была ўсюды сама запабегчы 'ўсюды пасьпець', то пра такую казалі: "Гаратніца". І вось сядзе такая маладзіца, ссумеецца 'замаркоціцца', паправіць хустку і ўздыхне: "Ахухцінацямненькі… Гора мне з гэтым пасяльнічым: адкалынтырыцца на гэтай рабоці абы номір адбыць, тады забяжыцца дамоў, як жару ўхваціць, там нік, тут лісь, наб'ець сваё пільмо і пашоў на скруты̓, а ты – хоць ты выпруцься".
П. Садоўскі. "Гаворыць мая Буцькаўшчына". 1977
У Садоўскага знойдзем яшчэ і цíхуці! (значэньне зразумелае), і галдадрá 'вокліч радасьці ў танцы', жох! і шась! 'раптоўнае наступленьне нечага нечаканага', дожаж 'як назло', квіт! 'вокліч незадавальненьня чыім-небудзь нецярпеньнем' (Усё ўжо, квіт – мінуты ня можыць бяз гэтага курыва).
***
Ёсьць, акрамя выклічнікаў, іншыя, таксама эмацыйныя і самабытныя словы, для якіх зусім не знайшлося месца ў прынятай сыстэме беларускіх часьцінаў мовы. Гэта, прыкладам, шматлікія ў беларускай мове назвы імгненнага дзеяньня накшталт лоп, ныр, кульгець, кідзель. Або ўзмацняльныя формы гульма (гуляць), крычма (крычаць). А яшчэ гукаперайманьні, яшчэ словы падклікаць і адганяць жывёлу. Пра іх шырэй іншым разам.
Наўпрост кладуцца на сучасныя інтэрнэтныя эматыконы слоўцы (ня толькі выклічнікі), якія занатаваў у роднай гаворцы Мсьціслаўшчыны мовазнаўца Георгі Юрчанка:
цыў або цыўк – пра морганьне.
хак – пра задыханасьць.
зяў – пра пазяханьне.
зюк – пра таемнае выказваньне (ёсьць жа і дзеяслоў зюкаць або зюзюкаць).
айк – выраз болю.
І, вядома, любімыя ўсімі слоўцы бусь, бусі, буська.
***
Дык жа можам пачаць запаўняць табліцу эматыконаў беларускімі воклічамі ды іншымі словамі й выразамі. Прапанова (для зьменаў і дапаўненьняў):
Выява |
Скарот(ы) |
Вокліч, назва, выраз |
:) :=) :-) |
Анягож! | |
:( :=( :-( |
Абы-што… | |
:D :=D :-D :d :=d :-d |
Гі-гі! | |
8=) 8-) B=) B-) (cool) |
Аво! | |
;) ;-) ;=) |
Цыўк! Мірг! | |
:o :=o :-o :O :=O :-O |
Авоінькі! Авохці мне! | |
;( ;-( ;=( |
Айё! | |
(sweat) (:| |
Хак! | |
:| :=| :-| |
Пыр-мыр (калі няма як сказаць) | |
:* :=* :-* |
Буські! | |
:P :=P :-P :p :=p :-p |
Урві ды падай! | |
(yn) |
Дай Божа, каб было ўсё гожа | |
(blush) :$ :-$ :=$ :"> |
Лып… | |
:^) |
Во-пыні! Дзіва! | |
|-) I-) I=) (snooze) |
Хыррр… | |
|( |-( |=( |
мармырак | |
]:) >:) (grin) |
Айба! | |
(yawn) |
Зяў… | |
(doh) |
Ат! | |
:@ :-@ :=@ x( x-( x=( X( X- (X=( |
Авай! Вось табе й маеш! | |
(wasntme) |
Анівэзь! | |
(party) |
Далігойда! | |
(facepalm) |
Агу! | |
(mm) |
Гмм… | |
8-| B-| 8| B| 8=| B=| (nerd) |
Агату! | |
:x :-x: X :-X :# :-# :=x :=X :=# |
Ціхуці! Ша! | |
(hi) |
Здароў! | |
(devil) |
А трасцы! | |
(angel) |
анёлак | |
(envy) |
Каб цябе каб! | |
(wait) |
Чакай! | |
(giggle) (chuckle) |
Хі-хі | |
(clap) |
Лоп, плясь | |
(whew) |
Ахухцінацямненькі! | |
(happy) |
Ага! | |
(nod) |
Далібог! | |
(shake) |
Айт! | |
(beer) |
Глык! | |
(dance) \o/ \:D/ \:d/ |
Галдадрá! | |
(bandit) |
Торк! Жох! (пра нечаканае зьяўленьне) |
Табліца ў JPG: