У ліпені 2004 году Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт вымушаны быў спыніць сваю працу ў Менску, а 10 сакавіка 2006 году пачаў працаваць у Вільні.
З нагоды 10-годзьдзя працы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні 9 сакавіка ў літоўскай сталіцы пачалася міжнародная канфэрэнцыя «Магчымасьці сацыяльнай трансфармацыі праз адукацыю на прыкладзе Беларусі». Размова ідзе ў асноўным пра Балёнскі працэс.
На канфэрэнцыю запрошаныя кіраўніцтва і выкладчыкі ЭГУ, прадстаўнікі студэнцкай супольнасьці, донары ўнівэрсытэту, літоўскія калегі. Зь вітальнымі словамі выступілі прэзыдэнт ЭГУ, акадэмік Анатоль Міхайлаў, кіраўніца офісаў Фонду Адэнаўэра ў краінах Балтыі і Скандынавіі Элізабэт Баўэр, рэктар ЭГУ прафэсар Дэйвід Полік, прэзыдэнт Амэрыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі, намесьнік старшыні Кіроўнай рады ЭГУ Дэн Дэвідсан.
Прэзыдэнт ЭГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў адзначыў, якія няпростыя былі для ўнівэрсытэту гады ў Менску. А потым быў вельмі складаны крок — аднаўленьне ЭГУ ў Вільні. Акадэмік Міхайлаў шчыра падзякаваў Літве, якая дала прытулак унівэрсытэту, і выказаў удзячнасьць донарам.
Кіраўніца Дырэктарату Эўрапейскай камісіі па адукацыі і культуры Каміла Партыка выступіла з дакладам «Інструмэнты ЭЗ для падтрымкі Балёнскага працэсу»:
«У траўні 2015 году Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу. Мы спадзяёмся на прагрэс», — сказала яна. — «Адукацыя знаходзіцца ў руках Міністэрства адукацыі, а мы можам толькі аказваць падтрымку, праводзіць маніторынг. Мы прапанавалі свае ідэі па мабільнасьці, супрацоўніцтве, выкарыстаньні новых тэхналёгіяў. Летась мы ўпершыню запрасілі па праграме „Erasmus+“ беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў у эўрапейскія краіны. Студэнт — цэнтар навучаньня. Мы гатовыя даць яму больш свабоды, але ў яго павінна быць і больш адказнасьці».
Прафэсар Аляксандар Калбаска выступіў з дакладам «Праверана Балёнскай сыстэмай: прыклад — 2 + 10».
Спадар Калбаска пачаў свой выступ з таго, што доўга думаў над моўнай праблемай — на якой мове выступаць. Узгадаў, як некалькі гадоў таму, калі ЭГУ адзначаў 14-годзьдзе, залю пакінуў прафэсар Станіслаў Шушкевіч на знак пратэсту, што не пачуў у ЭГУ беларускай мовы. І прафэсар Аляксандар Калбаска прынцыпова вырашыў камэнтаваць ангельскамоўныя слайды па-беларуску.
Ён узгадаў, што ў 2001 годзе быў загад міністра адукацыі Беларусі пра тое, што ЭГУ і БДУ прызначаюцца экспэрымэнтальнымі ВНУ для Балёнскага працэсу.
Прафэсар Калбаска назваў каля дзясятка пунктаў, паводле якіх ЭГУ ўжо далучыўся да Балёнскага працэсу. Адзначыў і некалькі праблемаў, якія яшчэ трэба вырашыць.
Прадстаўнік Беларусі, загадчык катэдры гісторыі Расеі БДУ Алег Яноўскі ўзгадаў, як Белдзяржунівэрсытэт пачынаў разам з ЭГУ яшчэ ў 2002 годзе рух да Балёнскага працэсу. Пытаньні, якія былі на пачатковым этапе, у Беларусі дагэтуль ня зьнятыя. Наадварот, адбылося «наслаеньне праблем», заўважыў прафэсар Яноўскі. Ягоны даклад называўся «Балёнскі працэс. Погляд са студэнцкай аўдыторыі і прафэсарскага кабінэту».