28 кастрычніка 1939 году ў акупаванай нацыстамі Чэхіі праскія студэнты і выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю ў гадавіну ўтварэньня Чэхаславацкай дзяржавы, але акупацыйныя войскі разагналі дэманстрацыю і застрэлілі аднаго студэнта — ён памёр ад ранаў 11 лістапада. Яго пахаваньне перарасло ў акцыю пратэсту, на якую нацысты адказалі арыштам 1200 студэнтаў, якіх адаслалі ў канцлягер, і сьмяротным пакараньнем дзевяці студэнтаў і прафэсараў 17 лістапада. Праз тры гады ў Лёндане прайшла міжнародная сустрэча студэнтаў супраць нацызму, на якой у памяць аб забітых у Празе прызначылі на 17 лістапада Міжнародны дзень студэнта.
17 лістапада 1989 году дэманстрацыі ў чэскай Празе і славацкай Братыславе сталі пачаткам Аксамітнай рэвалюцыі — дэманстрацыю брутальна разагналі, але на наступны дзень да пратэсту студэнтаў далучылася інтэлігенцыя, затым рабочыя. Ужо 27 лістапада адбылася агульнанацыянальная забастоўка з патрабаваньнем адмовы ад аднапартыйнай камуністычнай сыстэмы, 10 сьнежня быў сфармаваны некамуністычны ўрад, 29 сьнежня прэзыдэнтам Чэхаславакіі быў абраны Вацлаў Гавэл. Дата ў Чэхіі цяпер адзначаецца як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
Як адзначалі юбілей Аксамітнай рэвалюцыі ў Празе ў 2014 годзе:
У Беларусі адзначаюць Дзень студэнта ў той жа дзень, што ў Расеі — 25 студзеня ў Тацянін дзень, у памяць аб заснаваньні імпэратрыцай Елізаветай Маскоўскага ўнівэрсытэту ў 1755 годзе (сьвятая Тацяна Рымская лічыцца заступніцай студэнтаў). А 17 лістапада ў Беларусі адзначаецца як Дзень утварэньня падразьдзяленьняў участковых інспэктараў — у 1923 годзе ў РСФСР была зацьверджаная Інструкцыя ўчастковаму наглядальніку гораду.