Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусбанку не пацьвердзілі адстаўкі старшыні праўленьня Пісарыка


У прэсавай службе Беларусбанку не пацьвердзілі зьвестак пра адстаўку старшыні праўленьня банку Сяргея Пісарыка.

Пры гэтым супрацоўнік прэсавай службы ня стаў іх рашуча абвяргаць, а пераадрасаваў званок начальству. Калі карэспандэнт Свабоды дазваніўся да выканаўцы абавязкаў кіраўніка прэсавай службы банку Ларыса Грынько, дык пачуў ад яе, што Сяргей Пісарык працягвае працаваць:

«Ён на месцы. Я перадавала яму тэксты віншаваньняў з Новым годам, і вось толькі што ён вярнуў мне гэтыя тэксты з указаньнем іх апублікаваць. То бок ён працуе з паперамі», — запэўніла спадарыня Грынько.

Сама кіраўніца прэсавай службы ўстрымалася ад камэнтаваньня інфармацыі пра адстаўку Сяргея Пісарыка і сказала, што «калі камэнтар банку будзе, ён зьявіцца на сайце». На прапанову спытаць пра адстаўку наўпрост у Сяргея Пісарыка спадарыня Грынько адказала: «Думаю, вам адкажуць тое самае».

14 сьнежня зьявілася інфармацыя пра меркаваную адстаўку старшыні праўленьня «Беларусбанку» Сяргея Пісарыка. Пра гэта паведаміў Tut.by са спасылкай на неназваныя «інфармаваныя крыніцы». Пры гэтым у прэсавай службе банку 14 сьнежня казалі, што Сяргей Пісарык «на працоўным месцы».

Улетку былі затрыманыя выканаўчы дырэктар «Беларусбанку» Анатоль Багавік і першы намесьнік старшыні праўленьня Генадзь Гаспадарык.

15 сьнежня ў Сьледчым камітэце Беларусі не пацьвердзілі, што ёсьць сувязь паміж гэтымі затрыманьнямі і зьвесткамі пра адстаўку Сяргея Пісарыка. «Такіх зьвестак у нас няма», — сказаў кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю СК Сяргей Кабаковіч карэспандэнту Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG