Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі музыка стаў мастаком і падарыў гораду «тое, чаго няма нідзе»


Яўген Палавінскі з эскізамі «Дзядзі Віці»
Яўген Палавінскі з эскізамі «Дзядзі Віці»

У віцебскіх ліхтарах пасяліўся «Дзядзя Віця» — дасьціпнік і экскурсавод.

Калі прыгледзецца да ліхтароў уздоўж вуліц Талстога, Суворава і Крылова, то за шклом можна ўбачыць вясёлага чалавечка. Гэта «дзядзя Віця» — пэрсанаж, створаны музыкам Яўгенам Палавінскім, былым удзельнікам кабарэ-бэнду «Серебряная свадьба», а цяпер «вольным мастаком» і вялікім прыдумшчыкам.

«Дзядзя Віця» — гэта ня толькі аздабленьне ўрбаністычнага краявіду. Ён зьбіральны вобраз тыповага віцябляніна, лічыць Палавінскі.

«Мне захацелася стварыць у Віцебску нешта такое, чаго няма нідзе ў сьвеце. Напрыклад, нідзе ў сьвеце няма „ліхтарных чалавечкаў“. Спачатку я думаў, што ў ліхтары можа „пасяліцца“ не чалавек, а, прыкладам, кот. Ці сымбаль нашага гораду — віцебскі трамвай. Аднак урэшце на свет зьявіўся сьціплы, нават крыху сарамлівы, але вельмі творчы, таленавіты, вясёлы „дзядзя Віця“. Віця — бо зь Віцебску», — тлумачыць Палавінскі.

Тэхналёгію «засяленьня» чалавечкаў у ліхтары ён трымае ў сакрэце. Хоць і прызнаецца, што нічога б не атрымалася безь вялікіх драбін. Да ўсяго, «дзядзя Віця» ў выкананьні Палавінскага — гэта яшчэ і гід па родным горадзе.

«Пэрсанаж упершыню сустракае мінака на Пушкінскім мосьце, а потым пасьлядоўна вядзе па пешаходных вуліцах гораду, пазначаючы розныя аб’екты. Вось ён стаіць на вялікай піццы, як дзяўчынка на шары ў Пікаса, — адпаведна, паблізу піцэрыя. А вось зазірае ў дзьверы, за якімі танчаць і весяляцца — гэта на ліхтары перад арт-пабам „Торвальд“», — паказвае Яўген.

Ягоны прыватны праект малазатратны: на малюнкі прыблізна для 110 гарадзкіх ліхтароў патрэбна ўсяго каля 600 даляраў. Але пакуль што «заселеная» толькі палова ліхтароў у гістарычнай зоне Віцебску. Дарэчы, і арт-паб «Торвальд», і піцэрыя «Даміно», і кавярня «Клюква», куды «запрашае» наведнікаў «дзядзя Віця», таксама дапамагаюць ажыцьцявіць незвычайную прыдумку. Грошы патрэбны толькі на расходныя матэрыялы, а малюе свайго пэрсанажа сам Палавінскі. І гаворыць, што сам не чакаў ад сябе нічога падобнага.

«Я скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, граў на трамбоне ў складзе кабарэ-бэнду „Серебряная свадьба“, створанага Сьвятланай Бень. А калі ў 2016-м годзе гурт абвясьціў пра бестэрміновы адпачынак, я вырашыў, што застаюся ў родным Віцебску і буду шукаць сабе іншых творчых заняткаў. Першым праектам стала стварэньне „сядзейкі“ — незвычайнай лавачкі з размаляваных драўляных брускоў, якія можна паварочваць вакол сваёй восі, складаючы розныя малюнкі. Потым зноў задумаўся: што б такое яшчэ падарыць Віцебску, каб наш горад ведалі і памяталі. Сябры-мастакі даўно раілі заняцца маляваньнем. Вось я і заняўся», — сьмяецца Палавінскі.

Калі сур’ёзна, то спачатку ён думаў замовіць малюнкі прафэсійным мультыплікатарам. Толькі іхная праца каштавала б нятанна. Дый былі сумневы, што прыежджы чалавек здолее за кароткі час адчуць дух гораду, кажа Яўген.

Па ягоных словах, «дзядзя Віця» — гэта агульны сябар, які не пакіне ў адзіноце мінака і пакажа вандроўніку самыя прывабныя мясьціны Віцебску. А яшчэ — ён закліканы паказаць усім беларусам, што трэба глядзець ня толькі пад ногі, а часьцей паглядаць угору. Бо жыць, угнуўшы галаву, нецікава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG