Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта рэкорд: дзяржаўная запазычанасьць Беларусі дасягнула 40,4% ВУП


Цяжар дзяржаўнай запазычанасьці для беларускай эканомікі дасягнуў гістарычнага максымуму, зьвяртае ўвагу БелаПАН. На 1 чэрвеня, паводле Міністэрства фінансаў, дзяржаўная запазычанасьць склала 40,4% гуртавога ўнутранага прадукту.

Дзяржаўная запазычанасьць Беларусі пачала рэзка павялічвацца адразу ад пачатку 1990-х. Краіна шукала замежныя фінансы праз страту савецкіх эканамічных сувязяў і патрэбу ў рэформах. У 1996-м прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын сьпісаў Беларусі расейскую запазычанасьць, і сумарная дзяржаўная запазычанасьць Беларусі, што з 431,2 млн даляраў 1992 году вырасла да 1,5 млрд у 1995-м, упала ў 1996-м да 946,9 млн.

Да 2006 году цяжар дзяржаўнай запазычанасьці над эканомікай заставаўся даволі нізкі, менш за 10% гуртавога ўнутранага прадукту, бо Расея дастаўляла энэрганосьбіты па ільготных цэнах і давала беларускай эканоміцы рынак збыту. Але перагляд Уладзімерам Пуціным цэнаў на энэрганосьбіты ў 2007 годзе прымусіў Беларусь шукаць пазыкаў, каб захаваць тэмпы эканамічнага росту і курс рубля. Да 2012 году цяжар запазычанасьці вырас да 27%, а менавіта вонкавая запазычанасьць вырасла ў 20 разоў — да 12 млрд даляраў.

У наступныя гады рост дзяржаўнай запазычанасьці запаволіўся, бо абслугоўваць яе эканоміцы стала цяжка, штогод трэба было плаціць некалькі мільярдаў даляраў. У 2015–2016 гадах дэвальвацыя прывяла да «сьцісканьня» беларускай эканомікі ў пераліку на даляры, таму дзяржаўная запазычанасьць (пераважна валютная) стала значна большай стасоўна ўнутранага прадукту: 22,3% у 2015-м; 31,5% у 2016-м; цяпер 40,4%.

Зьнізіць ціск дзяржаўнай запазычанасьці на эканоміку не дазваляюць неэфэктыўныя прадпрыемствы, якія гамуюць тэмпы эканамічнага росту, кажа экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Алег Мазоль. На абслугоўваньне запазычанасьці ідзе каля 10% выдаткаў дзяржаўнага бюджэту, таму даводзіцца скарачаць сацыяльныя выдаткі, мяркуе экспэрт.

Запазычанасьць жа ня гэтулькі сплочваецца, колькі рэфінансуецца за кошт «пазыкаў на сплату запазычанасьцяў». Экспэрты мяркуюць, што дынаміка дзяржаўнай запазычанасьці будзе адмоўнай, пакуль ня будзе «прымальных» тэмпаў эканамічнага росту, а прыкметаў таго, што такія будуць неўзабаве, экспэрты ня бачаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG