Дзяржаўная запазычанасьць Беларусі складае 39,2 млрд рублёў (плюс 11,7% за мінулы год), на яе абслугоўваньне Беларусь траціць 10% бюджэту, перадае Tut.by заяву першага намесьніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.
Запазычанасьць Беларусі ўдвая большая за прыбыткі бюджэту, яна складае 41,7% валавога ўнутранага прадукту. На выплату крэдытаў летась пайшло больш за 7 млрд рублёў — гэта як фінансаваньне абароны, праваахоўнікаў, нацыянальнай эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, спорту і СМІ разам узятых.
Пры гэтым Беларусь чакае чарговых траншаў крэдытаў ад Расеі і Эўразійскага фонду стабілізацыі (Расея ж нагадвае, што па крэдытах трэба плаціць). Паводле крыніц Reuters, Беларусь хоча прыцягнуць яшчэ 1 млрд даляраў ад разьмяшчэньня эўрабондаў — улады даручылі Citigroup і Raiffeisen Bank International арганізаваць сустрэчы з адпаведнымі інвэстарамі ў чэрвені.