2 лістапада, на Дзяды, грамадзкія актывісты Гомля наведалі на 9 кілямэтры паабапал Чарнігаўскай шашы месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсіяў. Яны ўсклалі вянкі й кветкі да пакутных крыжоў, запалілі зьнічы.
Самы вялікі крыж, на якім таблічка: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919–1940 г.», стаіць за паўсотні мэтраў ад Чарнігаўскай шашы. Яго паставілі актывісты на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі Беларусь здабыла незалежнасьць. У сутнасьці, адсюль і пачынаюцца гомельскія Курапаты, бо паабапал шашы выяўлена прынамсі чатыры месцы, дзе расстрэльвалі мірных жыхароў, абвінавачаных то ў шпіянажы, то ў падрыве савецкага ладу, то ў кулацтве.
Да вялікага пакутнага крыжа грамадзкія актывісты прыйшлі пад бел-чырвона-белам сьцягам. Адкрываючы жалобную акцыю, гомельскі палітык, намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў сказаў:
«Чалавечае жыцьцё — найвышэйшая каштоўнасьць, і мы павінны пра гэта памятаць. Гэта тым больш актуальна цяпер, калі Сталіна, які зьнішчыў мільёны людзей, у тым ліку й багата выбітных грамадзян Беларусі, імкнуцца падаць як нейкага эфэктыўнага мэнэджэра, які рабіў і нешта добрае для краіны. Але з гэтым ніхто ніколі ня можа пагадзіцца: масавае зьнішчэньне людзей, пазбаўленьне іх жыцьця нельга апраўдаць ніякімі ідэямі. Сёньня вядуцца гібрыдныя войны,калі грамадзян адной краіны накіроўваюць забіваць грамадзян іншай краіны. Гэта наступствы таго, што ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя рабіў са сваімі карнікамі Сталін. Рэпрэсіі павінны быць публічна асуджаныя. Людзі павінны памятаць пра іх, каб крывавыя падзеі не паўтарыліся».
Да падножжа крыжа актывісты ўскладаюць кошык з кветкамі і надпісам: «Ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў».
Ад першага пакутнага крыжа актывісты накіроўваюцца ўглыб лесу. У 2008 годзе салдаты 52-га пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі тут парэшткі сямі дзясяткаў расстраляных мірных жыхароў. Вяскоўцы з навакольных паселішчаў расказалі, што тут было яшчэ адно расстрэльнае месца. Тут актывісты паставілі два крыжы й камень з высечаным надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь». Каля крыжоў і каменя гамельчукі запалілі зьнічы.
Удзельнік жалобнай цырымоніі Барыс Анікееў, чыя маці зь Веткаўскага раёну, а бацька з Луганшчыны, кажа:
«Мой бацька зь сямʼі раскулачаных. Роднага дзеда Нікадзіма загналі ў сталінскія лягеры яшчэ ў 1934 годзе, дзе ён і прапаў. Дзед адмаўляўся ўступаць у калгас, і яго забралі. Колькі ні пісалі ў архівы, ніякіх зьвестак не атрымалі. Мяне як чалавека хвалюе, чаму ў такія дні моладзь не наведвае гэтыя пакутныя месцы? Чаму ўлады замоўчваюць рэпрэсіі? Хацелася б бачыць у такіх месцах больш маладых людзей».
Гамяльчук Аляксандар Процка прыехаў у лес з унукам-пяціклясьнікам. Бо перакананы, што ўнук павінен ведаць і такую праўду, такую гісторыю: у лясы звозілі нязгодных з уладаю людзей і забівалі.
Удзельнікі імпрэзы заўважылі, што за сем-восем мэтраў ад крыжоў вырыта сьвежая яма. Падобна да таго, што тут пабывалі так званыя «чорныя капальнікі». Па гэтым факце вырашана зьвярнуцца да мясцовай міліцыі.
Актывісты наведалі і трэцяе пакутнае месца блізу Чарнігаўскай шашы, дзе таксама ўсклалі кветкі да крыжа. Некаторыя дасьледчыкі, абапіраючыся на ўспаміны старэйшых жыхароў Навабеліцы, згадвалі, што расстрэльнае месца было і на ўскрайку балота — непадалёк ад цяперашняга крыжа поруч зь векавечным дубам.
Паводле друкаваных крыніц, у гады сталінскіх рэпрэсіяў у лясах пад Гомелем расстралялі каля 25 тысяч мірных жыхароў.