З 2 чэрвеня ў інтэрнэце пачаліся аўкцыёны па продажы імёнаў у нацыянальнай дамэннай зоне .бел. Кампанія Hoster.by, якая займаецца арганізацыяй аўкцыёнаў, выставіла на продаж 2 тысячы імёнаў гэтай дамэннай зоны, але ўдзельнікі таргоў могуць прапаноўваць і свае варыянты. На гадзіну дня 2 чэрвеня цэны на некаторыя імёны падняліся з пачатковых 450 тысяч да 5 мільёнаў, і гэта не мяжа, упэўнены кіраўнік аддзелу маркетынгу кампаніі Вадзім Кіенка. Дзе ідуць таргі, якія іх першыя вынікі? Ці карыстаюцца попытам беларускамоўныя імёны зоны .бел? Ці дапусьцяць да таргоў палітызаваныя варыянты, кшталту пазьняк.бел, бнф.бел ці адстаўка.бел? Вадзім Кіенка адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.
— Ёсьць адмысловы сайт auction.cctld.by, на якім праводзяцца таргі. Удзельнікі проста пакідаюць рэгістрацыйны запіс і ўдзельнічаюць. Сёньня пачаўся першы аўкцыён, на яго было выстаўлена 715 дамэнных імёнаў. Гэта прыкладна чацьвёртая частка з таго першапачатковага сьпісу, пра які ўжо паведамілі. Там можна паглядзець і беларускамоўныя варыянты, і якія на іх ужо выставілі стаўкі. Вось на беларускамоўны варыянт адвакат.бел ужо стаўка ёсьць. Банкі.бел — таксама ёсьць стаўка. Пакуль 5 мільёнаў 200 тысяч — стаўка максымальная, але гэтая сытуацыя хутка мяняецца, да пасьлязаўтра яшчэ можа шмат набегчы.
— Наколькі, на вашу думку, запатрабаваныя менавіта беларускамоўныя варыянты дамэнных імёнаў?
— Залежыць ад пэўнага чалавека і ягонага праекту. Калі праект, які чалавек зьбіраецца разьвіваць у інтэрнэце, накіраваны на лякальны рынак, і калі мэтавая аўдыторыя праекту — менавіта беларускамоўныя грамадзяне, тады гэтае дамэннае імя будзе карысна выкарыстоўваць. Ёсьць беларуская раскладка, таму ў рэкляме і ў спасылках будзе стыльна для пэўнай аўдыторыі выкарыстоўваць ў, і ды значак апострафа. Другое — мы не прымушаем рабіць новы праект для дамэну, гэта можа быць проста дамэн-сынонім. То бок сайт будзе адзін, а дамэнаў, па якіх сайт адчыняецца, — некалькі. У тым ліку расейскі, беларускі, ангельскі. Трэці варыянт — рэгістрацыя таварнага знаку таксама можа прадугледжваць варыянт двухмоўя, і дзеля абароны брэнду было б добра зарэгістраваць дамэн .бел разам з дамэнам .by у беларускім, расейскім і ангельскім варыянце.
— Чаму прапанавана менавіта 2 тысячы дамэнных імёнаў? Быў нейкі ліміт?
— Паводле практыкі правядзеньня падобных таргоў у іншых дамэнных зонах, звычайна першапачатковы сьпіс скарачаюць, прыкладам, да 500. Мы паглядзелі, як праводзілі таргі ў кірылічных зонах, дадалі да сьпісу беларускамоўныя варыянты і выйшлі на такі сьпіс — у 2 тысячы імёнаў. Але ўдзельнікі могуць прапаноўваць і свае варыянты, якія будуць разгледжаныя, каб выставіць на таргі.
— Ці прадугледжаная нейкая палітычная цэнзура? Прыкладам, ці можа зьявіцца на таргах імя бнф.бел, пазьняк.бел альбо адстаўка.бел?
— Ніякіх патрабаваньняў і абмежаваньняў няма, толькі прадугледжана правіламі правядзеньня аўкцыёнаў магчымасьць зьняцьця дамэнных імёнаў, якія прапанавалі карыстальнікі, зь некаторых прычын. Яны тычацца выкарыстаньня гандлёвых знакаў, нецэнзурнай лексыкі ды іншых момантаў, пра якія можна прачытаць у правілах.
— Таргі на аўкцыёне пачынаюцца зь мяжы 450 тысяч рублёў. Чаму абраны такі рубеж?
Cамым дарагім дамэнам за гісторыю аўкцыёнаў у беларускай дамэннай зоне стаў casino.by з рэкорднай стаўкай 250 мільёнаў рублёў
— Гэта даражэй за бягучую рэгістрацыю ў дамэннай зоне .by, але гэта ўсё ж прыярытэтная рэгістрацыя, і было б дзіўным выстаўляць кошт, які адпавядае рэгістрацыі звычайнай. На першым этапе кошт рэгістрацыі выйшаў 1,5 мільёна рублёў, а цяпер кошт фармуецца рынкам. Таму тут рэгістрацыя можа быць і таньнейшая, і даражэйшая, як атрымаецца. Зазначу, што наш аўкцыён дабрачынны. Сродкі, якія будуць атрыманыя ад продажу імёнаў, за выключэньнем кошту рэгістрацыі, пойдуць у арганізацыі, якія падтрымліваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апякунства. Нагадаю, што самым дарагім дамэнам за гісторыю аўкцыёнаў у беларускай дамэннай зоне стаў casino.by з рэкорднай стаўкай 250 мільёнаў рублёў.
На першыя таргі дамэнных імёнаў зоны .бел выстаўлены імёны, якія пачынаюцца на літары а, б, в, г, з. Пакуль паводле ставак лідзіруюць імёны дом.бел і доктор.бел, якія сабралі больш за 5 мільёнаў рублёў ставак. Прыкладна кожнае пятае імя ў сьпісе — беларускамоўнае, але іхні аўкцыённы посьпех не параўнаць з посьпехам расейскамоўных варыянтаў. Лідэры вокны.бел і дызайн.бел маюць толькі па адной стаўцы, то бок падняліся ў кошце з 450 да 500 тысяч рублёў. Ці ёсьць у сьпісе дамэнныя імёны з намёкам на палітыку? Мяркуйце самі: імя выбары.бел не прапанавана, але выбар.бел і выбор.бел прысутнічаюць. Таксама ёсьць імёны вождь.бел, власть.бел, авантюра.бел, дыскусія.бел, акцыя.бел. Праўда, пакуль цікаўнасьці да іх ніхто ня выявіў. Гэтаксама як і да імёнаў блондинка.бел, голубой.бел, азарт.бел.
Паводле арганізатараў, аўкцыёны будуць працягвацца паэтапна да канца верасьня.