РУП «Белтэлекам» абвясьціла тэндэр на закуп апаратна-праграмнага комплексу, які ажыцьцяўляе блякаваньне сайтаў, а таксама збор і захоўваньне зьвестак пра наведваньне карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў.
Аб’ява пра тэндэр была разьмешчана на сайце Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і каньюнктуры цэнаў 15 траўня.
Кошт плянаванага закупу не абвяшчаецца.
Тэндэр на закуп «глушылак» можна разглядаць як этап практычнай рэалізацыі пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі ад 19 лютага. Пастанова тычыцца «абмежаваньня доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), разьмешчаных у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт».
У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам улады Беларусі атрымалі права блякаваць ня толькі сайты з «чорнага сьпісу», але і сродкі ананімнасьці ў інтэрнэце — ананімайзэры, проксі-сэрвэры і Tor.
Паводле пастановы ААЦ і Мінсувязі абмежаваньне доступу будзе ўжывацца ў адносінах да сайтаў:
• уладальнікам якіх на працягу году вынесена два і больш пісьмовыя папярэджаньні Міністэрства інфармацыі;
• якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, іншую інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюджваньня ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэньнямі суду, якія ўступілі ў законную сілу;
• уладальнікі якіх ня выканалі законнага патрабаваньня дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі.