У Байнэце зьявіўся партал belrynok.by, створаны вядомымі беларускімі журналістамі, якія на працягу апошняга месяца звольніліся з газэты «Белорусы и рынок».
«Мы прыйшлі сюды з надзеяй і жаданьнем стварыць у Беларусі новае СМІ, заснаванае на журналісцкай ініцыятыве. Мы прыйшлі, таму што выбіраем якасную, праўдзівую журналістыку. І хочам стаць тэрыторыяй незалежнай экспэртнай думкі і здаровага сэнсу. Мы прыйшлі, таму што выбіраем Свабоду. Свабоду слова», – адзначаецца ў звароце журналістаў да чытачоў.
У канцы красавіка – пачатку траўня з газэты «Белорусы и рынок» была вымушана звольніцца пераважная большасьць калектыву рэдакцыі. З выданьня сышлі намесьніца галоўнага рэдактара Ірына Крыловіч, адказны сакратар Юры Сезень, загадчык аддзелу палітыкі Паўлюк Быкоўскі, фінансавы аглядальнік Уладзімер Тарасаў, аглядальнік і публіцыст Канстанцін Скуратовіч, загадчыца аддзелу прыватызацыі Тацяна Манёнак, загадчык аддзелу таварных рынкаў Аляксандар Алесін, загадчык аддзелу нерухомасьці Паліна Легіна, загадчык аддзелу культуры Ганна Ждановіч ды іншыя. Усе яны ў той ці іншай ступені будуць удзельнічаць у новым праекце.
Партал belrynok.by быў запушчаны фактычна адразу пасьля звальненьня зь «Белорусов и рынка» большасьці журналістаў.
У размове з Радыё Свабода Ірына Крыловіч адзначыла, што пасьпешнасьць запуску новага праекту зьвязаная з жаданьнем не спыняць працу калектыву аўтараў.
Мінулы нумар газэты нашы журналісты яшчэ рабілі, а сёньня выйшаў нумар ужо бяз нас
«Мінулы нумар газэты нашы журналісты яшчэ рабілі, а сёньня выйшаў нумар ужо бяз нас. Мы проста хацелі, каб захавалася пераемнасьць і не было разрыву ў часе. Вядома, цяпер мы ня будзем працаваць як друкаваная газэта і абнаўляцца раз на тыдзень – мы плянуем абнаўляцца штодзённа. Нам ня раз казалі, што нам пара выходзіць у інтэрнэт, таму што друкаваныя газэты адміраюць. У нас у выніку гэты пераход атрымаўся нечаканым, форс-мажорным і нават экстрэмальным», – кажа Крыловіч.
Крыловіч падкрэсьлівае, што праект belrynok.by плянуе разьвівацца паступова і сёньня быў зроблены толькі першы крок. Праца над фарматам і канцэпцыяй новага рэсурсу яшчэ працягваецца.
«Асноўная стаўка робіцца на аўтараў, якія працавалі ў «Белорусах и рынке», але плянуецца прыцягваць і іншых аўтараў. Мы б хацелі стаць тэрыторыяй для свабоднай аўтарскай журналістыкі, для экспэртнай незалежнай думкі, пляцоўкай для адкрытай дыскусіі па пытаньнях эканомікі і грамадзка-палітычнага жыцьця», – кажа яна.
На сёньняшні дзень belrynok.by – гэта згуртаваньне журналістаў зь ліку былых супрацоўнікаў газэты «Белорусы и рынок». Аўтары не атрымліваюць ганарараў, офісу праект ня мае. Пакуль belrynok.by – гэта толькі пляцоўка, таму як такой няма і пасады галоўнага рэдактара, усе прынцыповыя рашэньні прымаюцца калегіяльна. Каардынатар праекту і ўладальнік дамэна belrynok.by на сёньня — Ірына Крыловіч.
Стваральнік, распрацоўнік канцэпцыі і былы галоўны рэдактар «Белорусов и рынка» Вячаслаў Хадасоўскі да новага праекту дачыненьня ня мае. Паводле слоў Крыловіч, з Хадасоўскім перамовы на гэты конт не вяліся, але, у прынцыпе, ягоны ўдзел у праекце belrynok.by ня выключаны.
Крызіс у рэдакцыі газэты быў выкліканы зьменай складу акцыянэраў ЗАТ «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок». Стваральнік, распрацоўнік канцэпцыі і галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газэтай на працягу ўсіх 25 гадоў існаваньня, прадаў большую частку сваіх акцыяў некалькім прыватным асобам, у ліку якіх – генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў. Новыя акцыянэры прызначылі новага галоўнага рэдактара – былую рэдактарку часопіса «Белорусское сельское хозяйство» Валянціну Вештарт. Сам Вячаслаў Хадасоўскі атрымаў сымбалічную пасаду шэф-рэдактара.
Мы вырашылі не расставацца, а проста перайсьці на іншую пляцоўку
Новая галоўная рэдактарка Валянціна Вештарт адразу абвясьціла пра перафарматаваньне выданьня – у прыватнасьці, пра тое, што будзе адмаўляцца ад палітычных тэмаў і скасуе адпаведны аддзел, а таксама ўвядзе іншыя падыходы да працы. Журналісты, у сваю чаргу, былі з гэтым прынцыпова ня згодныя.
У сёньняшнім звароце былых супрацоўнікаў «Белорусов и рынка» да чытачоў, апублікаваным на сайце новага праекту, адзначаецца:
«Мы сышлі, таму што са зьменай кіраўніцтва, рэдакцыйнай палітыкі і тэматыкі гэта ўжо больш ня наша газэта.
Больш за 20 гадоў мы працавалі як адзіны арганізм на прынцыпах даверу і ўзаемадапамогі, таму што нас аб'ядноўваў агульны сьветапогляд, агульныя каштоўнасьці і ідэалы. За апошнія некалькі месяцаў мы зразумелі, што менавіта гэта аб'ядноўвае нас і з нашымі чытачамі, многія зь якіх выказвалі нам падтрымку і шкадавалі, што больш ня змогуць сустрэцца з калектывам аўтараў на старонках газэты.
Таму мы вырашылі не расставацца, а проста перайсьці на іншую пляцоўку, якая, як мы спадзяёмся, стане новым домам добрых журналістаў, экспэртаў і прафэсіяналаў».