Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Армэніі ўхваліў закон аб пачатку далучэньня да Эўразьвязу


Сьцягі Армэніі і Эўрапейскага Зьвязу. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Армэніі і Эўрапейскага Зьвязу. Ілюстрацыйнае фота

26 сакавіка Нацыянальны сход Армэніі прыняў у другім чытаньні і цалкам законапраект «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».

Праект, які трапіў у Нацыянальны сход праз ініцыятыву «Эўрагаласаваньне», быў прыняты парлямэнтам у першым чытаньні 12 лютага. Да другога чытаньня пытаньне было абмеркавана і атрымала станоўчую выснову ў камісіі эўрапейскай інтэграцыі Нацыянальнага сходу Армэніі, піша Армянская служба Радыё Свабода.

«Мы ўнесьлі гэты законапраект для таго, каб Рэспубліка Армэнія выказала палітычную волю далучыцца да Эўразьвязу. Народ выступае за гэта», — заявіў упаўнаважаны прадстаўнік групы «Эўрагаласаваньне» Артак Зэйнальян.

Прыняцьцё закону не азначае правядзеньня рэфэрэндуму аб далучэньні да Эўразьвязу, але, як кажуць прадстаўнікі ўлады Армэніі, ідзецца пра «палітычную волю».

На думку дэпутатаў Эўрапарлямэнту, сяброўства Армэніі ў Эўразьвязе запатрабуе шмат часу і намаганьняў, на шляху да сяброўства Армэнія павінна правесьці велізарныя рэформы, прывесьці заканадаўства краіны — ад сэктару юстыцыі да сацыяльнага — у адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі.

У Маскве заяўляюць, што «пачатак працэсу ўступленьня Армэніі ў Эўразьвяз азначае і пачатак працэсу выхаду з ЭАЭС», папярэджваючы, што Армэнія ня можа быць чальцом ЭЗ і ЭАЭС адначасова.


  • Стасункі Армэніі з асобнымі чальцамі інтэграцыйных утварэньняў на постсавецкай прасторы пачалі астываць з канца 2020 году падчас канфлікту вакол Карабаху. 23 траўня 2024 году прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, выступаючы ў парлямэнце краіны, заявіў, што «як мінімум дзьве краіны АДКБ (...) удзельнічалі ў рыхтаваньні вайны» супраць Армэніі, хоць і «стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам». Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у прамове Аляксандра Лукашэнку. У карабаскім канфлікце Лукашэнка падтрымаў Азэрбайджан, а АДКБ, куды ўваходзяць Беларусь і Армэнія, бязьдзейнічала.
  • Армэнія, якая падтрымлівала Нагорны Карабах, раскрытыкавала АДКБ за брак падтрыманьня ў вайне з Азэрбайджанам і фактычна згарнула ўдзел у дзейнасьці арганізацыі. 14 траўня 2024 году Пашыньян заявіў, што ўдзел Армэніі ў АДКБ замарожаны, а магчымасьць выхаду Армэніі з блёку — «тэма для далейшага абмеркаваньня». Таксама ў у Ерэване сталі абмяркоўваць пэрспэктывы эўраінтэграцыі.
  • 13 чэрвеня 2024 году Пашыньян паведаміў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Гэтую пазыцыю прэм’ер-міністар пацьвердзіў, адмовіўшыся прыяжджаць у беларускую сталіцу ў траўні 2025 году на саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу.
  • У чэрвені 2024 зь Менску адклікалі амбасадара Армэніі Разьміка Хумар’яна. Ерэван ня мае намеру вяртаць яго ў Беларусь.
  • Пасьля таго, як Лукашэнка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу РФ «Россия» раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэньне з Захадам, 21 жніўня дэмакратычныя сілы Армэніі запатрабавалі ад уладаў краіны «неадкладна разарваць дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю да зьняцьця дыктатара Лукашэнкі з пасады». Іх прадстаўнікі прыйшлі да беларускай амбасады і закідалі місію яйкамі, памідорамі і бульбай. У сувязі з гэтым у беларускі МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі ў Менску.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG