Суд у Тбілісі адмяніў рашэньне міграцыйнага дэпартамэнта Грузіі аб адмове ў прытулку беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку, піша «Белсат».
Цяпер, як гаворыць сам Раман Кісьляк, прашэньне аб наданьні прытулку павінны перагледзець.
«Як я зразумеў з словаў адваката, Дэпартамэнт міграцыі МУС павінен паўторна разгледзець маю справу», — паведаміў агенцтву «Позірк» сам Раман Кісьляк.
Паводле яго словаў, суд, як мяркуецца, не задаволіў яго патрабаваньня выдаць новы адміністрацыйна-праўны акт аб статусе ўцекача. Апошняе паседжаньне суду ў пытаньні скаргі Кісьляка адбылося 19 сакавіка, пасьля чаго судзьдзя ўзяла тыдзень на вынясеньне рашэньня.
«Яны прызналі, што я адпавядаю Канвэнцыі „Аб статусе ўцекача“. Але ёсьць інфармацыя ад Службы бясьпекі, што я ўяўляю пагрозу грузінскай дзяржаве», — зазначыў ён.
Па ягоных словах, сутнасьць пагрозы ні ён ні ягоны адвакат ня ведаюць, дакумэнт Службы бясьпекі атрымаў толькі судзьдзя.
«Для беларусаў у Грузіі гэта першы выпадак, калі скарга на адмову ў прытулку задавальняецца хаця б часткова», — адзначыў праваабаронца.
Што рабіць далей, ён плянуе вырашыць неўзабаве пасьля кансультацыяў з адвакатам.
У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданьні ім прытулку.
Як паведамляў «Позірк», 19 сакавіка на паседжаньні Тбіліскага гарадзкога суду Дэпартамэнт міграцыі МУС пісьмова падаў свае аргумэнты судзьдзі і папрасіў адмовіць беларускаму праваабаронцу ў задавальненьні скаргі.
21 сакавіка ў Тбіліскім гарадзкім судзе прайшло папярэдняе паседжаньне па скарзе на адмову Дэпартамэнту міграцыі МУС даць прытулак дэлегату Каардынацыйнай рады, былой прафэсійнай спартоўцы Марыне Зялёнай (Калінінай) і яе малалетняму дзіцяці.
Форум