Бабруйская пэнсіянэрка Любоў Санкевіч зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай выдзеліць ёй дапамогу на аплату штрафу.
Такі зварот жанчына пакінула ў кнізе скаргаў і прапаноў у аддзеле прыёму грамадзян прэзыдэнцкай адміністрацыі. Сваю просьбу грамадзкая актывістка патлумачыла тым, што яе пэнсія складае 290 рублёў, і яна ня ў стане выканаць судовыя рашэньні.
Любові Санкевіч прызначылі пакараньні штрафамі на 50 базавых велічыняў (1050 рублёў) судамі Менску і Бабруйску за ўдзел у акцыях пратэсту на плошчы Свабоды ў сталіцы 31 сакавіка і 12 траўня.
Пэнсіянэрка ўзяла ўдзел у вулічнай акцыі разам з актывістамі ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах», якія больш за трыццаць разоў безвынікова зьвярталіся з просьбай асабістага прыёму да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.
На пісьмовую просьбу аб выдзяленьні дапамогі Любоў Санкевіч атрымала параду зьвярнуцца ў мясцовыя органы ўлады. У выніку звароту ў Бабруйскі гарвыканкам да пэнсіянэркі прыйшлі супрацоўніцы ўпраўленьня сацыяльнай абароны, якія склалі пратакол агляду кватэры. Чыноўніцы таксама заявілі гаспадыні, што калі яна будзе і далей выходзіць на пікеты, то гэта пашкодзіць яе ўнучкам. Як паведаміла Любоў Санкевіч, пасьля сьмерці нявесткі яна дапамагае сыну даглядаць сваіх дзьвюх непаўналетніх унучак.
«Я таму і выходжу на пікеты, каб маім ўнучкам жылося лепш, чым мне. Каб яны жылі ў прававой дзяржаве, а не ў сыстэме бяспраўя і беззаконьня, якія сёньня ёсьць у краіне», — кажа Любоў Санкевіч. Пэнсіянэрка шмат гадоў змагаецца ў справах яе незаконнага звальненьня з працы, а таксама ў прыватызацыі кватэры.
Як паведаміла Свабодзе каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» Тамара Сяргей, ускладзеныя на яе, а таксама яшчэ адну бабруйскую актывістку, Валянціну Каваленку, штрафы за гэтыя ж пікеты пачалі вылічваць з пэнсій абедзьвюх удзельніц. На іхныя кватэры накладзеныя арышты.