Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбас. Год у стане вайны: 6 тысяч загінулых, 2 мільёны ўцекачоў


Разьвітаньне з жонкай перад адпраўкай на Ўсход…
Разьвітаньне з жонкай перад адпраўкай на Ўсход…

Год таму афіцыйны Кіеў абвясьціў пра пачатак антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Адпачатку ставілася задача нэўтралізаваць атрады ўзброеных прарасейскіх сэпаратыстаў зь ліку наёмнікаў і байцоў спэцпадразьдзяленьня «Беркут», якія пачалі захопліваць адміністрацыйныя будынкі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Але паступова супрацьстаяньне перарасло ў адкрыты ваенны канфлікт украінскай Нацыянальнай гвардыі з рэгулярнымі расейскімі войскамі.

Пасьля падпісаных два месяцы таму ў Менску чарговых пагадненьняў з удзелам эўрапейскіх пасярэднікаў у рэгіёне ўсталявалася хісткае замірэньне. Зрэшты, рэжым цішыні пэрманэнтна парушаецца, і абодва бакі звальваюць адказнасьць адзін на аднаго. Пры гэтым аналітыкі не выключаюць аднаўленьня актыўнай фазы супрацьстаяньня ўжо ў траўні, як скончыцца перагрупаваньне сілаў.

Тым часам самі ўкраінскія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у ваенных дзеяньнях, лічаць, што вырашыць лёс Данбасу можна было яшчэ летась. Да пачатку жніўня была адваяваная значная частка тэрыторыі і практычна ўзятыя ў аблогу Данецк і Луганск. Але неўзабаве сэпаратысты атрымалі падмацаваньне з Расеі. Як лічыць галоўны сяржант выведнага ўзводу 128-й горна-пяхотнай брыгады Сяргей Лугера, камандаваньне Нацгвардыі гэта проста недаацаніла. Вынікам страты пазыцыяў сталі крывавыя катлы пад Ілавайскам і ў Данецкім аэрапорце, а пасьля і ў Дэбальцаве:

Сяргей Лугера
Сяргей Лугера

«Замірэньне — гэта ў прынцыпе добра. Але калі былі першыя менскія дамоўленасьці, то яны не выконваліся абсалютна. Цяпер нібыта зацішша, але ж без аніякіх гарантыяў, што гэта надоўга. Хтосьці вельмі ўдала маніпулюе, адцягвае ўвагу. Зрабілі тады акцэнт на данецкі аэрапорт, прыцягнулі ўвагу ўсяго сьвету. Пастараліся, трэба сказаць, і рэпартэры: дзень пры дні здымалі, паказвалі толькі аэрапорт, аэрапорт, а што ў іншых месцах адбываецца — нікому і не цікава. Дый тое, што нават там адбывалася, гэта страх божы.

Я калі ляжаў у шпіталі, гутарыў зь людзьмі, у прыватнасьці, з „кібаргамі“, якія там стаялі. Дык чалавек расказваў, што ўся трэцяя рота па ўзьлётнай паласе ляжала. Таварыш генэрал прыехаў і кажа: „Я генэрал ці хто? Штурмаваць!“. Яму кажуць: хто ж у белы дзень штурмуе? Там стаяць буйныя калібры, нас папросту ўсіх перамелюць. А ён за сваё: „Сказаў штурмаваць — штурмуйце“. Дык людзі ўначы пасьля таго штурму, як хто мог, выпаўзалі. То бок гэта ўсё некампэтэнтнасьць найперш камандаваньня. Усяго толькі. Няма дрэнных салдат, ёсьць дрэнныя камандзіры».

Дээнэравец у захопленым данецкім аэрапорце
Дээнэравец у захопленым данецкім аэрапорце

Як кажа суразмоўца, цяпер Украіне выходзяць бокам дзесяцігодзьдзі развалу арміі і бескантрольнага расьцягваньня збройных арсэналаў. Але самае крыўднае, наракае Сяргей Лугера, што празь бязьмежную карупцыю як ніколі зрабілася актуальнаю прымаўка: каму — вайна, а каму — маці родная:

«Грошы-грошы... Давайце глядзець цьвяроза. Калісьці быў Савецкі Саюз, памятаеце, мабыць, гэты час. Тыя дзядзькі, якія цяпер у генэралах, некалі разам вучыліся, сядзелі за адной партай. А цяпер адзін служыць ва Ўкраіне, а другі — у Расеі. І ня думайце, што не заходзяць грошы, не ідзе купля-продаж, тым больш калі скрыжоўваюцца інтарэсы, бо там шахты, Данбас усё ж. Рэгіён багаты, але тут размова пра іншае.

Ёсьць такія моманты, калі адпачатку ўзводзіцца лінія абароны так, каб яна была неэфэктыўная. І нават камандзіры ўзроўню брыгады такія пытаньні не вырашаюць. Можна нешта ў дробязях памяняць? Зьверху адказваюць: нельга. Нарабілі кучу ядроных штабоў са стратэгамі, якія невядома за што грошы атрымліваюць. Усе нібыта ваююць, але калі даходзіць, што трэба ўстаць і грудзямі кулю злавіць, дык глядзіш, а нікога і няма, засталіся толькі сябры, зь якімі і так поруч. І гэта ўсюды так. Узяць правае крыло, дзе Альхаватка ды іншыя месцы. Ня буду нікога крыўдзіць, але калі мы прыехалі мяняць гатовыя пазыцыі, той чалавек, які іх расстаўляў, рабіў лінію абароны — гэта маразматык. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што ў нас ёсьць унутраны вораг, які дзейнічае актыўней, чым той Пуцін».

Зьнішчаная вайсковая тэхніка пад Ілавайскам
Зьнішчаная вайсковая тэхніка пад Ілавайскам

Сяргей Лугера расказвае, што за здачу стратэгічных пунктаў і аб’ектаў з боку расейскіх пазыцыяў прапаноўваліся «атамныя» грошы. І нельга катэгарычна сьцьвярджаць, што нехта гэтым не спакусіўся:

«Праблема ў чым? Хачу сказаць найперш за Луганскую вобласьць, дзе мы і базаваліся. Прыкладам, нам за горад Шчасьце прапаноўвалі 20 мільёнаў, каб мы яго здалі бяз бою. Удакладню — 20 мільёнаў даляраў, бо грыўні там проста ня ходзяць. Сутнасьць у тым, што наша брыгада была расьцягнутая, мы трымалі Луганскі напрамак, потым частку Дэбальцава. А калі ўжо дайшло, што арганізм трэба, як кажуць, зьбіраць у кучу, сканцэнтраваліся цалкам на Дэбальцаўскім напрамку, каб выбіць усіх і адразу.

Дык вось, я сам адразу сьмяяўся, ня верыў, што так вось проста могуць аднекуль усплыць фантастычныя 20 мільёнаў даляраў. Аднак калі з батальёнам „Айдар“ пачаліся праблемы, бо хлопцы Шчасьце здаваць адмовіліся, адразу ж наверсе ўзьніклі размовы: трэба іх расфармаваць, разагнаць і г.д. То бок я не выключаю, што нехта на вышэйшым узроўні рэальна прэтэндаваў на тыя 20 мільёнаў, а як „айдараўцы“ не захацелі аддаваць Шчасьце — пачалі зь імі весьці папяровыя войны: расфармаваць, перападпарадкаваць і г.д.».

Байцы батальёна «Айдар» падкідаюць свайго камандзіра Сяргея Мельнічука пасьля таго, як стала вядома, што батальён ня будзе расфармаваны
Байцы батальёна «Айдар» падкідаюць свайго камандзіра Сяргея Мельнічука пасьля таго, як стала вядома, што батальён ня будзе расфармаваны

Сам Сяргей Лугера быў паранены незадоўга да сумна вядомага Дэбальцаўскага катла, які каштаваў жыцьця многім ягоным сябрам, і пра закулісьсе дазнаўся з аповедаў ацалелых акружэнцаў:

«Наконт Дэбальцава скажу адно. Ад тых гісторыяў, што пачуў ад хлопцаў, калі прыехаў у Арцёмаўск іх забіраць, дык валасы сталі дыбарам. Я тады фармальна ляжаў у шпіталі, але завіталі валянтэры з Кіева, і самавольна зь імі паехаў, бо там былі мае сябры. Ня ведаю, можа, хтосьці мяне асудзіць, можа, камусьці гэта не спадабаецца, але перакананы: гэтае Дэбальцава, зноў жа, прадалі, як піць даць. Выходзілі адтуль хто як мог. Я рэальна жахнуўся, што яны расказвалі: у адказ не было ўвогуле ніводнага стрэлу. Людзей расстрэльвалі, як жывыя мішэні, як худобу, разумееце?

Выйшлі на пазыцыі танчыкі, нават не хаваліся. То бок нахабна выехалі „сэпары“ на ўзгорак на танках і стралялі. Значыць, 100-працэнтна ведалі, што ніякага адказу ня будзе. Таму кожны ратаваўся паасобку. І калі нехта заяўляе, што быў нейкі плянавы вывад, таварыш генэрал Мужэнка расказвае, якія яны пасьля гэтага выбітныя палкаводцы, то насамрэч проста тупа здалі людзей, якіх тупа мясілі. І тое, што яны потым казалі — маўляў, паводле афіцыйнай вэрсіі дзесьці 20 забітых, — дык гэта ўсё са столі ўзятая лічба. Узяў нехта і прыдумаў: колькі ж мне сёньня выдаць — 13 ці 15? Ай, хай лепш будзе 20. Таму што два дні не маглі падлічыць, дзе і колькі людзей».

Зьнішчаны танк пад Дэбальцавам
Зьнішчаны танк пад Дэбальцавам

Баявы сяржант Лугера лічыць абуральным, што ў ХХІ стагодзьдзі ў Эўропе спрэчкі суседзяў вырашаюцца падобным чынам. Па яго словах, няма ніякага апраўданьня забойству людзей, калі нехта адзін апантаны прэтэнзіямі на той ці іншы кавалак зямлі:

«Усе пакутуюць, як вайна ідзе. Таму казаць, што нехта робіць дрэнна, а нехта добра, нельга ў прынцыпе, бо ў любым выпадку гэта трагедыя. Пойдуць тыя сэпаратысты на Кіеў ці не — увогуле не пытаньне. Сэнсу няма. Уцягнуць увесь сьвет у яшчэ больш віток супрацьстаяньня, учыніць развал краіны, не пралічыўшы, чым гэта ўрэшце скончыцца? Так, ёсьць улады, якія паводзяць сябе такім чынам, але ж ёсьць грамадзкія арганізацыі, супольнасьць людзей, якія павінны апэляваць да здаровага сэнсу.

Цяпер Расея апантаная навязьлівай ідэяй „нікчэмнай Маларосіі“, якую трэба перахрысьціць у Наваросію. Нават падводзяць гэта пад „гістарычную справядлівасьць“. Ну, а я, дапусьцім, фанат таго, каб асобнай тэрыторыяй была Кіеўская Русь і ніякай Масковіяй нават ня пахла. Давайце тады забабахаем іншы сцэнар: забяром свае старыя землі, будзе цудоўна, чаму не? Данецкую вобласьць пашырым да Сыбіры, пачнем з кітайцамі чэндж, гандаль наладжваць... Ну навошта ілюзіі, якія даходзяць да маразму? Што за неабходнасьць забіваць людзей невядома за што? Давайце тады адкінем аўтаматы, выкуем мячы і будзе секчы адзін аднаго. Да якога сярэднявечча скаціліся? Прабачце, я калі пачынаю ўнутры злавацца, не магу толкам засяродзіцца, узьнікае агрэсія супраць усіх, хто такое дапусьціў...»

Мужчына на згарэлым пасьля абстрэлу даху дому ў Данецку
Мужчына на згарэлым пасьля абстрэлу даху дому ў Данецку

На фактычна акупаваных тэрыторыях дзейнічаюць парадкі, усталяваныя самапрызначанымі кіраўнікамі мяцежных новаўтварэньняў — так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Між тым, як кажа Сяргей Лугера, насельнікам, якія не пасьпелі эвакуавацца, хочацца толькі аднаго — міру і прадказальнага жыцьця:

«Адны страляюць, другія страляюць, а народ пакутуе. Ад таго, хто снарад выпусьціў, ніякай нікому радасьці, людзі проста жыць хочуць. Ім трэба неяк выжываць у тых умовах. Па вялікім рахунку, бальшыні бяз розьніцы, якая шыльда — ДНР, ЛНР, Украіна, „спілка“ вэтэранаў ці яшчэ нешта. Галоўнае, каб ім далі нармальна жыць і працаваць. Іх таксама абвінавачваць у нечым нельга. У Луганскай вобласьці людзі больш кантактныя, калі ў сёлах размаўлялі, яны дасьціпна расклалі па палічках. Прыкладам, былы афіцэр яшчэ савецкай арміі, даслужваў ва ўкраінскай, звольніўся ў 1990-х. Ён за Ўкраіну, выразна праўкраінскай пазыцыі, але разважае так: калі шахты блізка няма, значыць, практычна няма і працы. Ну, на палях нешта па дробязі робяць, але масава працы няма. У выніку — або ты сьпіваесься, ходзіш па сяле як парабак, або едзеш на заробкі ў Расею, там побач. Тое самае, як з Заходняй Украіны едуць зарабляць у Эўразьвяз.

Жанчыны вяртаюцца з крамы. Данецк
Жанчыны вяртаюцца з крамы. Данецк

Нават можна зразумець, чаму нейкай частцы людзей хацелася пад Расею — яны там працуюць, там розьніца ў заробках. Папрацаваў — больш-менш нейкую капейчыну дахаты прывёз, пабудаваўся і г.д. Каб не было ва Ўкраіне ўсяго таго развалу, не прапагандаваўся раскол паміж заходняй і ўсходняй часткамі, то было б інакш. Бо няма ніякай розьніцы: што ў Заходняй Украіне людзі, што на тым баку людзі. Усе хочуць аднолькава нармальна жыць: купіць малака, хлеба, прыйсьці дадому, каб дзеці пад’елі, а не цягалі за рукаў — татка, давай нечым перакусім. І не адказваць празь сьлёзы: „Маўчы, у абед ужо еў, заўтра яшчэ пад’ясі“. Вось і ўсё, уся праўда. Проста хацелі большага разуменьня».

На вуліцы ў Данецку
На вуліцы ў Данецку

Паводле афіцыйнай справаздачы ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў, на пачатак красавіка колькасьць загінулых за ўвесь пэрыяд збройнага канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласьцях перавысіла 6 тысяч чалавек, звыш 15 тысяч атрымалі раненьні ці былі пакалечаныя. Статыстыка ахоплівае як кантынгент варагуючых сілаў, так і мірнае насельніцтва.

У прыватнасьці, ад сярэдзіны красавіка 2014 году і да канца сакавіка 2015-га былі забітыя 6 тысяч 83 чалавекі, 15 тысяч 397 — параненыя.

Агульная колькасьць уцекачоў з Данбасу, згодна з дакладам ААН, ушчыльную наблізілася да 2 мільёнаў чалавек. Зь іх 1 мільён 178 тысяч пераехалі ў цэнтральныя і заходнія рэгіёны Ўкраіны, больш за 625 тысяч зьехалі ў Расею, 81 тысяча знайшла прытулак у Беларусі.

Паводле дадзеных Міністэрства абароны Ўкраіны, за час антытэрарыстычнай апэрацыі загінулі 1 тысяча 750 украінскіх вайскоўцаў. Расейскай статыстыкі няма, бо Масква працягвае настойваць, што ня мае ніякага дачыненьня да падзеяў на ўсходзе Ўкраіны.

Мапа сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны
Мапа сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG