Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест георгіеўскай стужкі сымбалем Перамогі ва Ўкраіне стане чырвоны мак


Ад сёлета Ўкраіна разам зь іншымі эўрапейскімі краінамі будзе сьвяткаваць 8 траўня як дзень памяці і прымірэньня.

Замест «георгіеўскай стужачкі» як сымбалю памяці перамогі і ўшанаваньня ахвяраў Другой сусьветнай вайны ўкраінцам прапануюць выкарыстоўваць кветку чырвонага маку. Ва ўкраінцаў паласатая чорна-жоўтая стужка, якую называюць «каларадзкай», цяпер стала нэгатыўным сымбалем, які асацыюецца зь небясьпекай і тэрарызмам.

Настаў час шукаць сымбалі, якія аб’яднаюць Украіну, і калі ўкраінскі гімн, герб і сьцяг дапамагаюць народу аб’яднацца, то чорна-жоўтая стужка разьядноўвае ўкраінскае грамадзтва, лічыць жонка прэзыдэнта Марына Парашэнка. Цяпер сымбалем памяці будзе кветка маку, кажа яна.

"Наша сям’я падтрымлівае гэты сымбаль памяці, які ўшаноўвае ўсіх герояў, якія аддалі жыцьцё і гатовыя аддаць жыцьцё за лепшую будучыню Ўкраіны. Я заклікаю ўсіх украінцаў 8, 9 траўня прыйсьці на сьвята з кветкай маку і тым самым далучыцца да нашага агульнага гонару, пашаны і памяці ўсіх герояў Украіны. Таму што калі мы памятаем, мы — непераможныя", — сказала Марына Парашэнка.

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Расьціслаў Паўленка адзначыў: для таго, каб перамагчы, вельмі важна памятаць урокі гісторыі, пра ўсіх, хто аддаў свае жыцьці за мір. Менавіта на гэта накіраваны ўказ прэзыдэнта аб сьвяткаваньні 70-годзьдзя перамогі над нацызмам і заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

"Пачынаючы з гэтага году, мы з усёй Эўропай будзем адзначаць 8 траўня як дзень памяці і прымірэньня, аддаючы даніну і вэтэранам усіх франтоў, і ўдзельнікам украінскага вызваленчага руху, які быў часткай агульнаэўрапейскай зьявы, калі людзі паўставалі супраць захопнікаў, абараняючы свой дом і прагнучы свабоды для сваёй краіны", — адзначыў Паўленка.

Савецкія міты пра Вялікую Айчынную вайну сталі інструмэнтам вайны супраць Украіны, — лічыць дырэктар Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч. Паводле яго, з гэтымі мітамі было мабілізавана шмат людзей, якія са зброяй у руках пачалі змагацца супраць Украіны, будучы ўпэўненыя, што яны змагаюцца зь нейкімі мітычнымі фашыстамі. Летась украінцы пачалі адмаўляцца ад савецкіх традыцый сьвяткаваньня гадавін, зьвязаных з Другой сусьветнай вайной, і ўпершыню прапанавалі сымбаль маку як альтэрнатыву «георгіеўскай стужцы». Бо чорна-жоўтая стужка — гэта савецкі сымбаль, зьвязаны з савецкім мінулым, і яна ператварылася ў сымбаль трывогі, тэрарыстаў і небясьпекі, — адзначае Вятровіч .

"Таму намі быў прапанаваны іншы сымбаль — чырвоны мак. З аднаго боку, гэта ўкраінскі сымбаль, таму што ва ўкраінскіх песьнях, казацкіх думах сьпяваецца пра тое, што мак квітнее там, дзе пралівалася казацкая кроў. Зь іншага боку, гэта эўрапейскі сымбаль — зь Першай сусьветнай вайны менавіта гэтым сымбалем ушаноўвалі ахвяраў, якія загінулі ў гады Першай сусьветнай вайны і зараз працягваюць ушаноўваць ахвяраў абедзьвюх сусьветных войнаў", — адзначае дырэктар Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

24 сакавіка прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ, якім абвясьціў 8 траўня нацыянальным сьвятам — Днём памяці і прымірэньня. Прэзыдэнт спадзяецца, што яго Ўказ аб сьвяткаваньні 8 і 9 траўня 70-й гадавіны Перамогі над нацызмам у Эўропе, Дня памяці і замірэньня, а таксама Дня Перамогі дапаможа аб’яднаць краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG