Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальныя даходы беларусаў за год упалі на 6,8%. І гэта могуць быць заніжаныя лічбы


Новыя беларускія 500 рублёў (цяперашнія 5 000 000). Сярэдняя зарплата ў Беларусі па афіцыйных зьвестках — 1,4 такой купюры
Новыя беларускія 500 рублёў (цяперашнія 5 000 000). Сярэдняя зарплата ў Беларусі па афіцыйных зьвестках — 1,4 такой купюры

Нацбанк апублікаваў дасьледаваньне, зь якога бачна, наколькі беларусы адчуваюць сябе бяднейшымі — толькі 10-15% ня маюць праблемаў зь ежай, адзеньнем і доўгатэрміновымі таварамі, як бытавая тэхніка.

Паводле зьвестак Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў, за выняткам падаткаў і збораў) упалі на 6,8% за І квартал 2016 года да І кварталу 2015-га. Многа гэта ці мала? Эканаміст Леанід Злотнікаў не бярэцца даваць такую ацэнку, але адзначае, што лічба можа быць заніжанай.

Стрымліваюць цэны — не адчуем падзеньня сёньня. А заўтра можам застацца без таго, на што стрымліваюць цэны

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Калі вы багатыя, 6,8% вы не адчуеце значна, калі бедны, адчуеце, што на нешта ня будзе ўжо хапаць, — тлумачыць Злотнікаў Свабодзе. — Але я думаю, што гэты паказьнік заніжаны, бо ў нас стрымліваюцца цэны, яны не заўсёды рынкавыя. На вялікую групу тавараў, на камунальныя плацяжы, на транспарт цэны стрымліваюцца штучна.

Што на самой справе адбываецца? Калі цэны стрымліваюцца, то мы не адчуем падзеньня сёньня, але заўтра тыя галіны, па якіх стрымліваюцца цэны, перастануць прадстаўляць паслугі.

Вядома, што колькасьць аўтобусаў у Менску, якія трэба сьпісаць сёлета, 300. Але транспартнікі ня могуць самі купіць новыя, бо тарыф у іх штучна заніжаны. Мы пакуль не адчуваем, што спажываньне транспартных паслугаў мяняецца, а калі транспартнікі ня будуць аднаўляць аўтобусны парк, праз тры гады будуць перабоі з транспартам. Штучнае заніжэньне цэнаў і штучнае завышэньне даходаў вядзе да таго, што ў недалёкай будучыні будзе толькі горш, мы праядаем сваю недалёкую будучыню.

А штучная падтрымка існаваньня прадпрыемстваў, якія не ствараюць дададзеную вартасьць, прывядзе да росту запазычанасьці банкаў. І тады банкі перакладваюць рызыкі невяртаньня крэдытаў на адсоткавую стаўку крэдытаў — заўтра крэдыты стануць яшчэ даражэй, і колькасьць людзей, якія за гэтыя крэдыты маглі б нешта ствараць, зьменшыцца».

Траціна беларусаў ня мае грошай «на чорны дзень», толькі 10-15% могуць дазволіць сабе дарагія доўгатэрміновыя пакупкі, толькі кожны двухсоты — аўтамабіль. Амаль 70% усё задавальняе

Згодна з дасьледаваньнем Інстытуту сацыялёгіі беларускай Акадэміі навук, апублікаваным (PDF) на сайце Нацбанку, беларусы за апошнія тры гады сталі адчуваць сябе бяднейшымі.

Калі ў 2013 годзе 17,3% беларусаў казалі, што ня маюць праблемаў зь ежай, адзеньнем і таварамі доўгатэрміновага карыстаньня, то сёлета такіх ужо 10,2%. Тры гады таму 1,2% казалі, што могуць сабе дазволіць дастаткова дарагія рэчы, як аўтамабіль, сёлета такіх 0,5%. Павялічылася і колькасьць тых, хто мае праблемы з пакупкай той жа бытавой тэхнікі (з 46,2% да 47,8%), з адзеньнем (з 24,7% да 29,6%) і нават зь ежай (з 1,7% да 3,3%). Ледзь зводзяць канцы з канцамі цяпер 4,9% апытаных, тры гады таму такіх было 3,1%. Усё трацяць і нічога не ашчаджаюць 34% апытаных.

Тым ня меней, 59,2% цяпер ацэньваюць матэрыяльны стан сваёй сям’і як задавальняльны, 9% — як добры (тры гады таму было адпаведна 63,4% і 12,5%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG