Цыганкоў: У сакавіку 2016 году беларускі экспарт тавараў і паслуг упаў на 15,8% да сакавіка мінулага году — да 2,326 млрд. даляраў. За квартал зьніжэньне экспарту склала 16,7%, за межамі краіны прададзена тавараў і паслуг на 6,341 млрд. даляраў. Пры гэтым сальда гандлю таварамі і паслугамі атрымалася у мінусе 8,1 млн. даляраў супраць станоўчага сальда памерам 375,7 млн даляраў у студзені-сакавіку мінулага году, паведамляе Нацбанк.
Па выніках трох месяцаў працягваўся рост адмоўнага сальда гандлю таварамі — мінус 559,2 млн. даляраў супраць мінус 239,2 млн. даляраў у студзені-сакавіку 2015 году.
Экспарт тавараў у першым квартале 2016 году скараціўся на 19,8% да 4,921 млрд. даляраў, імпарт — на 14,1%, да 5,480 млрд.
Варта для параўнаньня нагадаць, што па выніках мінулага году экспарт тавараў і паслугаў упаў на 24,1% — да 32,883 млрд, імпарт скараціўся на 25,4% — да 32,677 млрд.
Беларускія эканамісты ўжо жартуюць, што сёньня пры ацэнцы эканамічных вынікаў падыходзіць фраза прэм’ера Кабякова «істотна панізіліся тэмпы падзеньня». На сёньня ўжо гэта падаецца як пэўнае дасягненьне. Цяпер галоўныя праблемы ў беларускай эканоміцы палягаюць у рэальным сэктары. Доля нізкарэнтабэльных і стратных прадпрыемстваў у Беларусі надзвычай высокая — 65%. Аб’ём запазычанасьцяў прадпрыемстваў у 4 разы перавышае велічыню месячнай выручкі
На сёньня самым станоўчым элемэнтам беларускай эканомікі прызнаецца макраэканамічная стабільнасьць. І многія за гэта хваляць Нацыянальны Банк. Тым ня менш, вядомы эканаміст Сяргей Чалы кажа, што Беларусі пагражае даўгавы крызіс. Працягваць крэдытаваць у ранейшым рэжыме немагчыма, бо без рэструктурызацыі прадпрыемстваў у ручным рэжыме банкаўскага крызісу не пазьбегнуць« — лічыць ён. І гэта зноў вяртае нас да тэмы — ці магчымае паляпшэньне ў беларускай эканоміцы без радыкальных пераменаў.
Дракахруст: Я б хацеў працягнуць вашую думку, Віталь, што часам нават самыя станоўчыя рашэньні маюць адваротны бок. Як той казаў, «нос выцягнуў — хвост заграз, хвост выцягнуў — нос заграз». Сапраўды, ідзе фінансавая стабілізацыя, зьніжаецца інфляцыя — але гэта падаўляе экспарт.
І самы просты выхад з гэтага — дэвальвацыя нацыянальная валюты. Тады экспарт адразу павялічыцца. Але паколькі Нацбанк гэтага не робіць, то экспарт падае. І тут даводзіцца выбіраць з двух ліхаў.
Другі момант, чаму працягваецца падзеньне экспарту — працягваецца крызіс у Расеі, у галоўнага пакупніка беларускіх тавараў. Вядома, хацелася б знайсьці нейкія новыя рынкі збыту і экспарту — але ня так лёгка хутка гэта ўсё робіцца.
Нядаўна глядзеў цікавую статыстыку па Ўкраіне. Яна заключыла пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, але за першы квартал году ўкраінцы ўжо выбралі ўсю сваю гадавую квоту па шэрагу тавараў. І зараз тое, што яны будуць прадаваць — будзе абкладацца мытам, іншымі словамі, будуць экспартаваць гэтыя тавары ў ЭЗ на тых жа ўмовах, што і Беларусь, якая ніякага пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ ня мае.
Важны і структурны момант. Крызіс мае два бакі, бо гэта ня толькі кепска, але гэта і ачышчэньне. Ён павінен выкідваць з рынку неэфэктыўныя прадпрыемствы. Але асаблівасьць беларускай адзяржаўленай эканомікі ў тым, што гэты мэханізм тут не працуе.
Цыганкоў: Юры, Вы казалі, што каб падняць экспарт — то трэба дэвальвацыя. Але гэта тое заганнае кола, у якім Беларусь амаль без выключэньняў жыве 20 гадоў, ва ўмовах вечнай дэвальвацыі, калі даходы насельніцтва пасьля чарговага падзеньня курсу зноў апускаюцца да нейкага небясьпечна нізкага ўзроўню. І выхад — прадаваць такія тавары і паслугі, дзеля якіх ня трэба апускаць курс нацыянальнай валюты. Напрыклад, экспарт паслугаў, інтэрнэт-тэхналёгіяў, які не залежыць ад падзеньня цэнаў на нафту.
Карбалевіч: Усе чыньнікі, якія дзейнічалі апошнія два гады, і ўплывалі на стан эканомікі Беларусі, у тым ліку, на экспарт, захаваліся. Працягваецца падзеньне расейскай эканомікі, і гэта значыць, што расейскі рынак звужаецца для беларускай прадукцыі. Упалі сусьветныя цэны на калій, а калійныя ўгнаеньні — важная экспартная пазыцыя для Беларусі. Моцна ўплываюць на экспарт Беларусі сусьветныя цэны на нафту. Яны трохі
вырасьлі ў сакавіку ў параўнаньні з лютым, ў выніку і экспарт вырас адносна лютага на 14%.
Гэтая статыстыка экспарту сьведчыць пра тое, што ўсе пляны ўраду, жорсткія патрабаваньні, пагрозы Лукашэнкі наконт дывэрсыфікацыі экспарту пакуль не даюць ніякага эфэкту.
Зьвярнуў бы ўвагу на такі момант. Апошнімі месяцамі замежнагандлёвае сальда таварамі і паслугамі было станоўчым. Бо імпарт падаў хутчэй, чым экспарт. А гэта давала магчымасьць павялічваць золатавалютныя рэзэрвы. А вось за сакавік гэтае сальда пайшло ў мінус, хоць і невялікі. Магчыма, на гэта паўплывала ўмацаваньне абменнага курсу беларускага рубля. Але тэндэнцыя непрыемная. Калі яна будзе разьвівацца, то пачнуць зьніжацца золатавалютныя рэзэрвы з усімі непрыемнымі наступствамі для беларускай эканомікі.