Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму працягваецца абвал беларускай эканомікі? 


Абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.

Карбалевіч: Апошнія статыстычныя паказьнікі сьведчаць пра тое, што эканамічны крызіс у Беларусі працягваецца і нават паглыбляецца. За студзень-люты 2016 валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 4% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году. Яшчэ больш упала вытворчасьць прамысловай прадукцыі — на 5,6%. Таксама расьце аб’ём стратаў, запазычанасьці суб’ектаў гаспадараньня.

І гэта наўпрост адмоўна адбіваецца на дабрабыце насельніцтва. За студзень рэальныя грашовыя даходы зьнізіліся на 5,7% у параўньнані са студзенем мінулага году. І рост камунальных тарыфаў, і пляны падвышэньня пэнсійнага ўзросту — гэта ўсё паказьнікі крызысу.

Але найбольш мяне уразіла іншая лічба. Інвэстыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 25%. Вядома, што без інвэстыцый эканоміка не расьце. Гэта значыць, крызіс закладваецца, праграмуецца ў будучыню.

Калісьці, у 2011 годзе, калі ў Беларусі здарыўся фінансавы крызіс, была трохкратная дэвальвацыя, Лукашэнка казаў, маўляў, які ж гэта крызіс, заводы працуюць. Крызіс гэта калі спыняюцца прадпрыемствы, адбываецца падзеньне вытворчасьці. Дык вось ужо другі год якраз і адбываецца тое, што кіраўнік дзяржавы характарызаваў як крызіс. Нагадаю, што афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год прадугледжвае рост ВУП на 0,3%!

Крызіс выяўляецца ва ўсім. Ён закрануў нават прыдворных бізнэсоўцаў. У таго ж Юрыя Чыжа напярэдадні затрыманьня былі вялікія фінансавыя праблемы, ён распрадаваў свой бізнэс. Вось учора зьявілася інфармацыя, што вядомая кампанія «Серж», якой валодае Сяргей Атрошчанка, і якая выпускае бялізну, знаходзіцца ў стане банкрутства. Ужо два месяцы скарачаюцца валютныя банкаўскія дэпазыты фізычных асобаў, то бок людзі забіраюць валюту з банкаў.

Адзіны адносна пазытыўны факт — гэта умацаваньне беларускага рубля адносна даляра і эўра апошнімі тыднямі. Што тлумачыцца ростам цэнаў на нафту.

Што ж робяць ўлады? Якія робяць захады, каб выйсьці з крызісу? Па вялікім рахунку, ніякіх. Лукашэнка супраць структурных рынкавых рэформаў, бо яны разбураюць існую сацыяльную мадэль, якая зьяўляецца аптымальнай для ўтрыманьня ўлады.

Адзіная надзея ўладаў — на замежныя крэдыты. Беларускія афіцыйныя асобы кажуць, што разьлічваюць атрымаць ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця каля 1,1 млрд даляраў. Але ўсе абяцаныя тэрміны прайшлі, а крэдыту пакуль няма.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Эканоміка абвальваецца найперш таму, што Беларусь вельмі шчыльна прывязаная да эканомікі Расеі. Нават калі б беларуская эканоміка была супэркапіталістычнай, чаго няма амаль зусім, вельмі сучаснай і прагрэсіўнай, дык і тады б пры такой залежнасьці ад расейскай эканомікі ня варта было б чакаць росту. А Расея пакуль не памірыцца з Захадам і не атрымае выхад да інвэстыцый, ды пакуль будуць нізкія кошты на нафту, разьлічваць на эканамічны рост ня можа. Гэтак і Беларусь.

Другое, захады ў самой Беларусі не прыводзяць да якасных зьменаў. Падтрымка дзяржавай флягманаў вытворчасьці, якія гэтак і ня сталі капіталістычнымі прадпрыемствамі, прыводзіць толькі да дарэмных стратаў фінансавых рэсурсаў і часу. Працягваецца вытворчасьць прадукцыі, якая неканкурэнтназдольная на сусьветных рынках, а значыць, магчымасьцяў зарабіць грошы ўсё меней, і эканоміка дэградуе.

Я б яшчэ дадаў да шэрагу прадпрыемстваў, якія зазналі праблемы, скандал з Эўраоптам, заявы кіраўнікоў гэтай структуры пра тое, што фактычна беларускія чыноўнікі падрываюць гэты сэгмэнт, і гэта закончыцца тым, што расейская эканоміка сюды прыйдзе і будзе дыктаваць цалкам свае парадкі. Маё пытаньне: а чалавечы фактар вы не выключаеце? Тое, што людзі, самыя ініцыятыўныя, зацікаўленыя ў бізнэсе, зьяжджаюць зь Беларусі, што фактычна няма каму тут працаваць мазгамі. Успомню 90-я гады: мае знаёмыя, то адзін, то другі нешта адчынялі. Зараз ніхто не зьбіраецца разьвіваць бізнэс у сваёй краіне. Не здаецца вам, што гэтыя дзеяньні, як з Чыжом, падрываюць нацыянальную эканоміку?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: З самага пачатку свайго рэжыму Лукашэнка аб’явіў бізнэсоўцаў «ушывымі блохамі». То бок улада з самага пачатку рабіла стаўку на сацыяльных аўтсайдэраў, на «іждзівенцаў», на людзей, якія вельмі залежаць ад дзяржавы, дзяржаўнага бюджэту, гэта пэнсіянэры і іншыя слаі насельніцтва, якія ў рынкавую эканоміку цяжка ўпісваюцца. І наадварот, дынамічныя і актыўныя маладыя людзі ў беларускага рэжыму выклікалі алергію і паступова выціскаліся з краіны. Зараз сярод адмыслоўцаў вядзецца размова, колькі ўвогуле беларусаў за гады пасьля атрыманьня незалежнасьці зьехала за мяжу, і называецца лічба каля 1 мільёна. Дык вось 1 мільён — гэта людзі самыя маладыя, самыя адукаваныя, самыя энэргічныя, дынамічныя, якія сапраўды маглі б запусьціць беларускую эканоміку. Таму і такі вынік сёньня.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Максімюк: У Беларусі ўсё завязана, вядома, на аднаго чалавека — фактычна няма каля гэтага чалавека рэфарматарскай каманды, якая магла б натхніць на структурныя эканамічныя рэформы. Мне прыгадваецца 1989 і 1990 год у Польшчы, дзе ўрад Тадэвуша Мазавецкага пайшоў на вельмі балючыя і вельмі сьмелыя рэформы. Першыя такога тыпу рэформы ў Цэнтральнай Эўропе пасьля падзеньня камунізму. Гэту ўрад проста не баяўся страціць уладу. Польшча не была тады цалкам дэмакратычнай краінай, але было адчуваньне, у які бок яна пойдзе. Што ўлада будзе абапертая на парлямэнт, палітычныя партыі, апазыцыю, і страта ўлады адной палітычнай сілай не азначае катастрофы для краіны. У Беларусі за апошнія 20 гадоў стварылася такая сытуацыя і такое адчуваньне, што калі той чалавек, які нясе «крышталёвую пасудзіну» Беларусі, выпусьціць яе з рук, яны проста грымнецца на зямлю, рассыплецца і гэта будзе катастрофай для краіны. То бок страта ўлады адным чалавекам у Беларусі бачыцца як нацыянальная катастрофа. І ўсё гэта ўплывае на эканамічны сэктар. Калі каля гэтага чалавека няма каманды рэфарматараў, калі няма сапраўднай апазыцыі, якая магла б таксама прапанаваць рэформы, то іх не будзе, і эканамічны абвал будзем назіраць увесь час. Пасьля 2 гадоў кіраваньня ўрад Мазавецкага быў заменены іншым урадам, пасьля яшчэ 1,5 году да ўлады дайшлі посткамуністы. То бок людзі, якія пры камуністычнай сыстэме кіравалі камуністычнай мадэльлю эканомікі, але прыйшоўшы да ўлады ў новай сытуацыі, яны не павярнулі гэтых рэформаў назад. Бо яны разумелі, што рэформы даюць Польшчы адзіны шанец увайсьці ў Эўропу і паспрабаваць дагнаць Эўропу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG