Намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Лашын правёў 13 верасьня сустрэчу з памочнікам Генэральнага сакратара ААН Іванам Шымановічам, перадае БелаПАН.
Лашын паслухаў аргумэнты экспэртаў супраць сьмяротнага пакараньня і заявіў, што сьмяротнае пакараньне ў Беларусі — гэта «выключная і часовая мера, што ўжываецца ў адзінкавых выпадках у дачыненьні асобаў, якія ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва, якія ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжлівых абставінах».
Ён таксама зьвярнуў увагу на «прынцыпы законнасьці і справядлівасьці судовага разбору» пры разглядзе справаў, дзе падсудным пагражае сьмяротнае пакараньне, на дынаміку ўжываньня такога пакараньня ў Беларусі і на вынікі аналітычных і сацыялягічных дасьледаваньняў.
Шымановіч жа казаў, што сьмяротнае пакараньне ў сучасных умовах страчвае сваё значэньне, акцэнтаваў увагу на складанасьці праблемаў, якія даводзіцца вырашаць тым, хто прысуджае і выконвае сьмяротнае пакараньне.
6 пытаньняў пра сьмяротную кару ў Беларусі
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротная кара як пакараньне прадугледжаная законам і актыўна ўжываецца. Сьмерцю ня могуць караць жанчын, а таксама мужчын, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросьце да 18 гадоў. Дакладная лічба пакараных сьмерцю ў Беларусі застаецца невядомай — прыблізна 400 чалавек з 1991 году.
Праваабаронцы, Рада Эўропы і ААН асуджаюць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, просяць увесьці мараторый на яго выкананьне. Слуханьні аб сьмяротным пакараньні ў Беларусі пройдуць у Палаце прадстаўнікоў толькі ў 2018 годзе.