У Горадні міжнародныя экспэрты, якія займаюцца праблемай сьмяротнага пакараньня, правялі шэраг сустрэчаў, на якіх абмяркоўвалася пытаньне аб скасаваньні найвышэйшай меры пакараньня ў Беларусі.
Паводле экспэртаў, каля 160 дзяржаў-чальцоў ААН альбо адмянілі сьмяротнае пакараньне, альбо яго не прымяняюць. Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, у якой яно дзейнічае.
Экспэрты прапанавалі сваё бачаньне таго, як адмовіцца ад гэтай практыкі. Вось некалькі іхніх аргумэнтаў.
1. Могуць быць пакараныя невінаватыя людзі
Судовая памылка можа здарыцца ў кожнай судовай сыстэме, якая б дасканалая яна ні была. У ЗША доля памылак у прысудах даходзіць да 4–5%. У ХХІ стагодзьдзі забойства ня можа быць мерай помсты. Нельга забіваць чалавека, каб паказаць іншым, што забойства — гэта дрэнна. Сьмяротнае пакараньне — занадта радыкальная мера, каб яго захоўваць.
2. Няма доказаў, што гэта стрымлівае злачыннасьць
Эфэктыўны спосаб зьнізіць злачыннасьць — выкараненьне прычын супрацьпраўных паводзін і абʼектыўнае крымінальнае правасудзьдзе. Так, узровень забойстваў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (Чэхія, Вугоршчына, Польшча, Румынія, Малдова), якія адмянілі сьмяротнае пакараньне ў 1990-х, з 2000 да 2008 году зьнізіўся на 61%.
3. Сьмяротнае пакараньне не аднаўляе справядлівасьці
Вышэйшая мера працягвае замкнутае кола гвалту і ўзмацняе эмацыйны стрэс, які і без таго атрымліваюць семʼі ахвяраў. Гэта таксама псыхалягічная траўма для ўсіх, хто ўдзельнічае ў працэсе выкананьня прысуду.
4. Грамадзкая думка не павінна быць перашкодай
Грамадзкая думка не пастаянная і можа лёгка зьмяняцца пад узьдзеяньнем мэдыяў. Сьмяротнае пакараньне павінна адмяняцца палітычным кіраўніцтвам, а не праз рэфэрэндумы.
5. Усё болей краін адмаўляюцца ад сьмяротнага пакараньня
Ва ўсім сьвеце засталіся 23 дзяржавы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Беларусь у іх ліку, і гэта адзіная такая краіна Эўропы.
6. Міласэрнасьць лепшая за помсту
Вязьні-сьмяротнікі — не «абсалютныя зладзеі» без усялякай надзеі на выратаваньне. Вопыт паказвае, што чым больш людзі ведаюць пра сьмяротнае пакараньне, тым больш яны выступаюць за яго адмену.
7. Не прымушаць забіваць іншых
Адзін чалавек учыніў грэх цяжкага злачынства — дык навошта яшчэ рабіць забойцамі тых людзей, якія павінны зьдзейсьніць ужо яго забойства? Такі аргумэнт за адмену сьмяротнага пакараньня выказаў горадзенскі сьвятар Георгі Рой, які спадзяецца, што рана ці позна, але беларускі народ адмовіцца ад прымяненьня сьмяротнага пакараньня.
Дэлегацыю міжнародных экспэртаў узначальваў прафэсар Іван Шымановіч, памочнік і спэцыяльны дарадца Генэральнага сакратара ААН.
У групу таксама ўваходзяць доктар Джэфры Фэйган, прафэсар права юрыдычнага факультэту Калюмбійскага ўнівэрсытэту; Парвэс Джабар, выканаўчы дырэктар арганізацыі The Death Penalty Project (Вялікая Брытанія); Асунта Віво Кавальлер, генэральны сакратар Міжнароднай камісіі супраць сьмяротнага пакараньня (Гішпанія).
Сустрэчу з грамадзкасьцю Горадні ладзіла амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі пры падтрымцы камісіі Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, якую ўзначальвае Андрэй Навумовіч. Дэпутат выступае за тое, каб увесьці ў Беларусі мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ён кажа, што падобныя сустрэчы будуць і ў іншых абласьцях краіны — па гэтай праблеме неабходная дыскусія ў грамадзтве.