Вялікі розгалас у грамадзтве выклікала паведамленьне пра тое, што ў разгар эканамічнага крызісу ўлада будуе пад Менскам новы мэдычны цэнтар для высокапастаўленых чыноўнікаў — так званую «лечкамісію». Абʼект коштам каля 100 мільёнаў даляраў узводзіцца шпаркімі тэмпамі і недахопу ў фінансаваньні, мяркуючы па ўсім, ня мае.
На гэтую навіну адгукнуўся наш даўні слухач Анатоль Чачотка зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:
«Спэцбальніца для чынавенства высокай касты даўно існуе — у цэнтры Менску. І ў ёй зусім неблагія ўмовы: палаты на аднаго-двух пацыентаў. (Максымум — на трох, але гэта для тых, хто ніжэйшы рангам). У кожнай палаце — санвузел ды іншыя выгоды. Але гэтага, выявілася, ужо замала. Цяпер замахнуліся на каралеўскія выгоды — каб за горадам, на ўлоньні прыроды, далей ад людзкіх вачэй. Ужо агучаны і кошт новага будынку — ня менш за 100 мільёнаў даляраў.
Мне ў гэтай сувязі прыгадалася нядаўняе наведваньне 11-й гарадзкой бальніцы (былой чыгуначнай). Карпусы старэнькія, даўно не рамантаваныя. У той дзень якраз ішоў дождж. Прыёмны пакой стаматалягічнага аддзяленьня залівала вада: працякала ажно праз тры паверхі. Гардэробшчыца жартавала: гэта заспакаяльны душ для хворых.
Пазьней давялося азнаёміцца і зь іншымі адметнасьцямі гэтага шпіталя. На дзясяткі хворых — усяго дзьве невялікія прыбіральні. Прычым цесныя: інваліду ў іх проста не зайсьці. Ложкі ў палатах расстаўленыя так цесна, што месца для табурэтак ужо не засталося: наведнікам даводзіцца або стаяць, або сядаць на пасьцель. Ёсьць і шмат іншых праблемаў.
Можа, варта было выдаткаваць хаця б частку тых мільёнаў даляраў на элемэнтарны рамонт гэтых занядбаных бальніц, а ня ўзводзіць каралеўскія апартамэнты для высокапастаўленых хворых, якія і так зусім не бядуюць?
І ўвогуле, што гэта за лечкамісія? Хто гэта прыдумаў, што чыноўнікі ў нас лечацца асобна ад народа? Чаму ў грамадзян адной краіны, якія аднолькава плацяць падаткі, павінны быць розныя ўмовы доступу да дзяржаўнай мэдыцыны? Наколькі я ведаю, у разьвітых краінах Эўропы — што рабочы, што мільянэр лечацца ў звычайных шпіталях. Можа, таму і парадак там у сыстэме аховы здароўя не ідзе ні ў якае параўнаньне з нашым?».
Не заўсёды, спадар Анатоль, рабочы і мільянэр на Захадзе лечацца ў аднолькавых шпіталях. Відавочна, забясьпечаны грамадзянін здольны аплаціць і лепшых дактароў, і лепшыя ўмовы. Розьніца зь Беларусьсю — у тым, што там любы хворы ў залежнасьці ад сваіх фінансавых магчымасьцяў ці ўмоваў страхоўкі мае доступ да любых мэдычных паслугаў. У Беларусі ж выключныя ўмовы ствараюцца для тых, хто займае высокія чыноўніцкія пасады, хто сам сябе надзяліў прывілеямі. Прычым умовы гэтыя ствараюцца за кошт усяго грамадзтва, бо зразумела, што новая «лечкамісія» будуецца на бюджэтныя грошы і на гэтыя ж грошы будзе функцыянаваць.
Аўтар наступнага ліста Алесь Марціновіч з Баранавічаў, азіраючыся на апошнія дзесяцігодзьдзі найноўшай беларускай гісторыі, спрабуе спрагназаваць: калі ж у дзяржаве адбудуцца зьмены? Слухач піша:
«Неяк непрыкметна праляцелі тры дзесяцігодзьдзі з таго часу, як у колішнім Савецкім Саюзе пачаліся пераўтварэньні, гарбачоўская перабудова. Суседзі Беларусі за гэты час рухаліся хто куды. Польшча і Прыбалтыка рашуча далучыліся да Эўразьвязу. У Расеі сфармаваўся сьпелы пуцінізм. Украіна ў пошуках будучыні скаланалася ад майданаў. А ў Беларусі разьвівалася і мацавалася мадэль лукашызму, якая праз 22 гады з часу свайго заснаваньня падышла да эканамічнага і духоўна-ідэалягічнага вычарпаньня.
Бяда ў тым, што структура і характар цяперашняй сыстэмы і насельніцтва Беларусі такія, што ў гэтым грамадзтве ўвогуле не відаць хоць нейкага рэсурсу для правядзеньня рынкавых празаходне-дэмакратычных рэформаў, дзеля пераўладкаваньня жыцьця ў сыстэме... Гэта датычыць і правадыра, і насельніцтва, і нават намэнклятуры. Хіба што ёсьць жаданьне стварыць алігархаты пад сябе любімых — на манер тых, што ўжо сфармаваліся ў Расеі і Ўкраіне.
Нічога талковага ў нас не атрымалася пабудаваць за трыццаць мінулых гадоў. Баюся, што спатрэбіцца яшчэ столькі ж часу, каб узьбіцца на нейкую пэўную дарогу. І нават зусім магчымы і хуткі эканамічны і агульнаідэйны крах Лукашэнкі, чаго многія так нецярпліва чакаюць, зусім не абавязкова прывядзе нас да дэмакратыі і заходніх стандартаў. Надта вялікая гравітацыя Расеі, надта заманлівы пуцінска-намэнклятурны прыклад для нашай мясцовай уладнай эліты...».
Сапраўды, спадар Алесь, цяжка ўявіць, што Беларусь у агляднай будучыні сарвецца з расейскай арбіты і рэзка зьменіць напрамак свайго руху. Усе значныя палітычныя зьмены апошніх дзесяцігодзьдзяў адбываліся ў Беларусі пад уплывам, а то і пад поўным кантролем Масквы. На тое шмат прычын: і гістарычных, і эканамічных, і нацыянальна-культурных. Іншая справа, што аўтарытарызм у Расеі — таксама ня вечны. Пуцінская спроба аднавіць імпэрыю, спроба, якую з такім захапленьнем успрыняло два гады таму расейскае грамадзтва, пакрысе выдыхаецца: як выявілася, на гэта няма ні грошай, ні эканамічнага патэнцыялу, ні дастатковай колькасьці гатовых паміраць за аднаўленьне былой велічы.
Аслабленьне ж імпэрыі кожны раз дае новыя шанцы тым народам, якія вымушаныя былі выконваць ролю васалаў. Так было і ў 1917-м, і ў 1991-м.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.