Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць ва ўсіх нас нейкае пачуцьцё віны за тое, што не гаворым па-беларуску: нібы здрадзіў блізкаму чалавеку...»


У Беларусі чакаюць чарговай грашовай рэформы: ужо празь месяц, у ліпені, беларускі рубель набудзе новы выгляд. Наміналы купюраў больш ня будуць вымярацца тысячамі і мільёнамі, а ў кішэнях беларусаў упершыню за апошнія дваццаць пяць гадоў зьявяцца манэты.

Нашы слухачы і чытачы актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Даўні слухач і аўтар Свабоды Аляксей Былінскі з Рэчыцы піша:

За апошнія няпоўныя 22 гады беларускі рубель абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў. Ці было такое за ўсю гісторыю чалавецтва хоць у якой-небудзь дзяржаве?

«За апошнія няпоўныя 22 гады беларускі рубель абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў (у 1994 годзе ў выніку першай дэнамінацыі — у 10 разоў; з 2000 году — у тысячу, і вось цяпер — у 10 тысяч разоў). Ці было такое за ўсю гісторыю чалавецтва хоць у якой-небудзь дзяржаве? Ды не было такога ніколі і нідзе...

Дзеля чаго ўсё гэта рабілася? Каб зразумець, разгледзім просты прыклад. Вось назьбіраў беларускі пэнсіянэр у 1999 годзе сабе на пахаваньне 1 000 000 рублёў. Пасьля дэнамінацыі яны ператварыліся ў тысячу. Пэнсіянэр верыў дзяржаве і трымаў іх на ўкладзе пад 25 працэнтаў гадавых. Такім чынам, да 2015 году ў яго назьбіралася 30 000 рублёў. Але за гэты ж час пакупніцкая здольнасьць рубля ўпала ня ў 30 разоў, як вырас ягоны ўклад, а прынамсі ў 1000. Пакупніцкая здольнасьць рубля зраўналася з 1999 годам. І, такім чынам, быў у пэнсіянэра мільён, а стала 30 тысяч. Вось на гэтую суму — на 970 000 рублёў — яго абрабавала дзяржава.

Дэнамінацыя, якая будзе неўзабаве праведзена, — гэта працяг таго ж спэктакля. Не міне і паўгода, як заняпалая эканоміка прывядзе да новага росту цэнаў, а ўсьлед за гэтым і друкаваньня пустых грошай, эмісіі і інфляцыі. Капейкі вельмі хутка вымыюцца з абароту. Усё вернецца на старыя звыклыя рэйкі. Бо прычына — не ў сусьветным крызісе, а ў некампэтэнтным кіраваньні дзяржавай, пры якім галоўныя ролі выконваюць не кампэтэнтнасьць і прафэсіяналізм, а — валюнтарызм ды пагрозы.

Прычына — не ў сусьветным крызісе, а ў некампэтэнтным кіраваньні дзяржавай, пры якім галоўныя ролі выконваюць не кампэтэнтнасьць і прафэсіяналізм, а — валюнтарызм ды пагрозы.

Яшчэ 10–12 год таму я настойліва раіў уладам вырашыць эканамічныя праблемы праз упарадкаваньне ўладнай вэртыкалі і выдаткаў на яе ўтрыманьне. Час страчаны. Найлепшае на сёньня — адмовіцца ад прэзыдэнцкай формы кіраваньня дзяржавай і перайсьці да народаўладзьдзя».

Ваша сьцьвярджэньне пра тое, што такой інфляцыі, як у Беларусі, не было ніколі і нідзе — памылковае, спадар Аляксей. З эўрапейскімі краінамі такое нярэдка здаралася ў ваенны і першы пасьляваенны час. Напрыклад, у Вугоршчыне са жніўня 1945 па ліпень 1946 году цэны падвойваліся кожныя 15 гадзін. Як вынік, інфляцыя ў 1946 годзе склала 42 квадрыльёны працэнтаў. У краіне ў абарачэньні была купюра наміналам адзін квадрыльён пенгё.

Да 300 мільёнаў працэнтаў у месяц даходзіла інфляцыя падчас вайны ў Югаславіі — у 1994 годзе.

Праўда, у мірны час у Эўропе нічога падобнага звычайна не адбываецца. Кампанію Беларусі тут складаюць пераважна афрыканскія краіны. І таксама заўважна апярэджваюць яе. Напрыклад, у Зымбабвэ ў 2008 годзе інфляцыя за месяц даходзіла да 80 мільярдаў працэнтаў. Мясцовая валюта настолькі абясцэнілася, што ўлады ўрэшце адмовіліся ад спробаў рэанімаваць яе і перайшлі на амэрыканскі даляр ды паўднёваафрыканскі рэнд.

Аўтар наступнага ліста Леанід Крукоўскі зь Менску зацікавіўся дыскусіяй пра становішча беларускай мовы ў дзяржаве і грамадзтве. Слухач піша:

«Зь цікавасьцю сачу за моўнай спрэчкай, якая пачалася з аднаго зь лістоў і працягнулася ў камэнтарах на сайце Свабоды. Радуе тое, што тэма гэтая людзям не абыякавая. Мы ўжо паспрабавалі будаваць дзяржаву на глебе адмаўленьня ад сваіх нацыянальных гістарычных каштоўнасьцяў: нешта ня вельмі атрымалася.

Ёсьць ва ўсіх нас нейкае пачуцьцё віны за гэта. Нібы здрадзіў блізкаму чалавеку. Патрэбен нейкі штуршок, каб гэтае адчуваньне, гэты стан душы пераўтварыліся ў пэўныя канкрэтныя дзеяньні.

Жывучы ў Менску, я ня так часта карыстаюся беларускай мовай. І наўкол мяне людзі гавораць пераважна на «трасянцы» ці па-расейску. А ўсё ж ёсьць ва ўсіх нас нейкае пачуцьцё віны за гэта. Нібы здрадзіў блізкаму чалавеку. Патрэбен нейкі штуршок, каб гэтае адчуваньне, гэты стан душы пераўтварыліся ў пэўныя канкрэтныя дзеяньні. Але які можа быць гэты штуршок — цяжка сказаць. Ня ўсё так проста ў нашай заблытанай беларускай сытуацыі.

Я і прэзыдэнту Лукашэнку ў гэтай справе хутчэй спачуваю, чым асуджаю яго. Ён жа — люстэрка ўласнага народа. І гаворыць так, як гаворыць народ. І падсьвядома адчувае, што гэтая, так бы мовіць, «рускасьць» можа прывесьці напрасткі да страты незалежнасьці. Але што ён можа зрабіць, калі мы — вось такія, а ня іншыя (не палякі, не літоўцы і нават не ўкраінцы...)».

Калі б на працягу мінулых 22 гадоў улада рабіла хаця б невялікія паступовыя крокі ў гэтым напрамку — сытуацыя заўважна зьмянілася б. Прычым размова зусім не ідзе пра нейкую радыкальную беларусізацыю. Няхай бы чыноўнікі проста рэалізавалі тое, што самі запісалі ў законах і Канстытуцыі — пра роўнасьць беларускай і расейскай моў.

Гэта, дарэчы, цалкам магло б стаць для многіх беларусаў тым штуршком, пра які вы, спадар Леанід, пішаце. Напрыклад, што можа быць прасьцей: увесьці для ўсіх прэтэндэнтаў на чыноўніцкія пасады абавязковую норму — добрае валоданьне абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі. Для гэтага не спатрэбілася б зьмяняць законы ці здабываць дадатковае фінансаваньне. А які стымул адразу ўзьнік бы для ўсіх амбітных асобаў, якія мараць пра месца ў дзяржаўным апараце!

___________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG