Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад сацыялізму Лукашэнка пакінуў толькі чырвона-зялёны сьцяг, помнікі Леніну ды камуністычныя назвы вуліц...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Галоўнай тэмай у пошце Свабоды на працягу апошніх месяцаў застаюцца эканамічныя выклікі, зь якімі давялося сутыкнуцца беларускай дзяржаве ў выніку сваёй аднабаковай арыентацыі на расейскі рынак і расейскую палітыку. Тая частка нашай аўдыторыі, якая памятае савецкія рэаліі і пэрыяд гарбачоўскай перабудовы, міжволі праводзіць гістарычныя аналёгіі і паралелі, параўноўвае тагачаснае жыцьцё зь цяперашнім.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш слухач Канстанцін Калесьнікаў з Баранавічаў піша:

«Заўважыў, што Лукашэнка пры тлумачэньні прычынаў цяперашняга стану беларускай эканомікі заўсёды спасылаецца на тое, што гэты крызіс прынесены нам звонку. Маўляў, хто ж мог ведаць, што нафта так упадзе, што расейскі рынак абрынецца. Тлумачэньні нібыта і слушныя. Толькі неяк лягчэй ад іх не становіцца. Атрымліваецца, адзіная наша стратэгія — дачакацца, пакуль нафта зноў пойдзе ўгару. Хіба ж гэта самастойная палітыка?

Неўзабаве адзначым 22 гады, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Па сутнасьці, гэта — вялізны тэрмін. Лукашэнка пры ўладзе даўжэй, чым былі Брэжнеў ці Хрушчоў. Хутка, напэўна, і Сталіна абгоніць. Але чаго дасягнулі мы за гэтыя 22 гады? Пакуль была савецкая спадчына, сяк-так перабіваліся. А цяпер тыя старыя савецкія заводы дашчэнту зношаныя, выпускаюць састарэлую прадукцыю, якую цяжка прадаць... Людзі атрымліваюць жабрацкія заробкі, многія страцілі працу. І хто за гэта ўрэшце панясе хоць якую адказнасьць?»

Адказнасьць павінны несьці тыя, хто ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі валодаў мала чым абмежаванай уладай: самі прымалі рашэньні, самі іх выконвалі — як умелі ці як хацелі.

Але адказ за сваю палітыку гэтыя людзі будуць трымаць толькі тады, калі справа дойдзе да зьмены ўлады. Па-іншаму пры аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах не бывае. Зьмена такіх рэжымаў адбываецца па-рознаму. Калі яны прывязаныя ў якасьці сатэлітаў да імпэрскага цэнтру — дэмантаж пачынаецца найчасьцей тады, калі імпэрыя слабне і ня мае больш магчымасьці ўтрымліваць іх (так, як гэта адбывалася напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х ва Ўсходняй Эўропе). Калі ж рэжымы ізаляваныя і не залежаць ад імпэрскага цэнтру, адбываецца гэта, як правіла, са сьмерцю ці старэчым узростам незьмяняльнага правадыра (як гэта здарылася з рэжымамі Франка ў Гішпаніі ці Салазара ў Партугаліі).

Аўтар наступнага ліста Алег Сімановіч з Наваполацку параўноўвае цяперашнія беларускія рэаліі з сацыялістычным мінулым, з жыцьцём людзей у БССР, якое сам добра памятае:

«У свой час за Лукашэнку галасавалі тыя, хто купіўся на ягоныя абяцаньні захаваць у Беларусі заваёвы сацыялізму. Прызнаюся, галасаваў за яго ў 1994 годзе і я. Але вось азіраюся назад і бачу: ад сацыялізму Лукашэнка пакінуў хіба толькі чырвона-зялёны сьцяг, помнікі Леніну ды яшчэ камуністычныя назвы вуліц.

У СССР рабочы чалавек меў права на бясплатную кватэру (няхай і пастаяўшы ў чарзе). Ён быў абаронены на працы (паспрабаваў бы дырэктар звольніць працаўніка бяз дай прычыны, напрыклад, за сьмелы выступ на сходзе: хутчэй звольнілі б самога дырэктара). Нашы дзеці вучыліся ў ВНУ без усялякай аплаты. Нашы бацькі атрымлівалі пэнсію нават пры самым маленькім стажы працы (і гэта была ого якая пэнсія — сувымерная зь сярэднім заробкам). Пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту ніхто нават не заікаўся.

Я ўжо маўчу пра бясплатныя санаторыі, летнікі, дзіцячыя садкі, адсутнасьць пабораў у школах, шпіталях, паліклініках...

Ды куды ні кінь — вынішчаны ў Беларусі сацыялізм пад самы корань. І я вось цяпер думаю: мы пагаджаліся мірыцца з аўтарытарызмам, маючы на ўвазе тое, што нам захаваюць сацыяльную дзяржаву. А калі такой дзяржавы няма — навошта тады гэты састарэлы, архаічны аўтарытарны лад?»

Мяркую, спадар Алег, вы з вышыні свайго ўзросту крыху прыхарошваеце сацыялістычныя рэаліі. Ня ўсё такім бязвоблачным было ў СССР: і бясплатныя кватэры атрымліваў далёка ня кожны, і абароненасьць працаўніка была ў значнай ступені ўмоўная: паспрабаваў бы ён выступіць тады, напрыклад, з крытыкай камуністычных парадкаў... Дый бясплатныя мэдыцына і адукацыя часта каштавалі савецкім грамадзянам зусім ня танна: хто жыў тады, той памятае.

Іншая справа, што цяпер людзі ня маюць і таго. На словах аўтарытарны рэжым нібыта адстойвае ідэалы сацыяльнай дзяржавы, на справе ж сацыяльная дзяржава амаль цалкам дэмантаваная. Ад сацыялізму Лукашэнка пакінуў галоўным чынам тое, што спрыяе захаваньню ягонай незьмяняльнай улады (бутафорскія выбары, дэкаратыўны парлямэнт, падкантрольныя СМІ). А ў тым, што ня тычыцца палітыкі, сацыялізм у Беларусі пры Лукашэнку даўно скончыўся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG