Пра гэта ў свой час распавяла журналістам Тамара Віньнікава, некалі галоўны банкір Беларусі. У 1997 годзе цягам дзевяці месяцаў яна сядзела ў СІЗА КДБ, там, дзе цяпер у сувязі з падзеямі 19 сьнежня ўтрымліваюцца тры іншыя ня менш вядомыя ў Беларусі жанчыны — Ірына Халіп, Натальля Радзіна і Наста Палажанка.
Паводле праваабаронцаў, з часоў Віньнікавай умовы ўтрыманьня ў гэтай установе не зьмяніліся. Статус меншасьці, які ў пэнітэнцыярнай сыстэме маюць зьняволеныя жанчыны, спараджае ў сфэры крымінальнага правасудзьдзя пагарду да асноўных жаночых правоў і адрозьненьняў паводле прыкметы полу.
Віньнікава: Лукашэнка нікога не пашкадуе
Як узгадвала Тамара Віньнікава, беларуская турма ня ўлічвае, што ў жанчыны іншая, чым у мужчыны, фізіялёгія — і калі жанчына не выконвае правілаў штодзённай гігіены, у яе арганізм трапляюць шматлікія вірусы і бактэрыі, разьвіваюцца разнастайныя запаленьні паражніны маткі або яе прыдаткаў. Асабліва неабходная гігіена ў так званыя "крытычныя дні", якія бываюць ва ўсіх жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, а таксама ў пэрыяд моцных крывацёкаў, які ў шмат якіх жанчын настае пасьля 45 гадоў, калі пачынаецца так званая мэнапаўза.
Тамары Віньнікавай на час арышту споўнілася 46. Узроставую гарманальную перабудову арганізму істотна ўскладніў яе псыхалягічны стан. Цягам 9 месяцаў Віньнікава сядзела ў камэры-адзіночцы СІЗА КДБ. Забараняліся ня толькі сустрэчы, але і ліставаньне з роднымі, наўпроставыя кантакты з адвакатамі. У выніку працяглага стрэсу матачны крывацёк быў вельмі моцны.
Віньнікава: "У камэры не было ані вады, ані санвузла, элемэнтарна памыцца і
Элемэнтарна памыцца і падмыцца можна было ўсяго толькі раз на тыдзень. Прычым выключна ў прысутнасьці назіральнікаў-мужчын.
Зразумела, усяго гэтага ня мог ня ведаць Лукашэнка, тым больш што адвакаты накіроўвалі "наверх" і заключэньні мэдыкаў пра тое, што Віньнікавай патрабуецца тэрміновая апэрацыя.
"Зрабіць тэрміновую апэрацыю мне не давалі два гады, нават тады, калі я знаходзілася пад хатнім арыштам. Напэўна, "наверсе" разьлічвалі на маю натуральную сьмерць. Галоўнае пытаньне, якое працягвае хваляваць цяпер, пасьля сканчэньня менскага кашмару, — ці да гонару такія рэчы тым простым беларусам, якія лічаць Лукашэнку сваім кумірам?" — казала Віньнікава ўжо ў Лёндане, сустракаючыся і размаўляючы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ. Сярод тых журналістаў была і Ірына Халіп.
Паводле экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса, які пасьля 19 сьнежня кароткі час утрымліваўся ў СІЗА КДБ, умовы тут "нялюдзкія і параўнальныя зь сярэднявеччам":
"Аляксандар Рыгоравіч зробіць усе, каб расправіцца з тымі, хто яму не даспадобы. Нялюдзкія ўмовы. Як у сабачай будцы. Там нават няма таўчка ў камэры, каб у прыбіральню схадзіць. У прыбіральню выводзяць два разы на дзень, увечары і раніцай. Аляксандар Рыгоравіч зробіць усе, каб расправіцца з тымі, хто не даспадобы. Што да асабістай гігіены, то патрабаваць яе ў тых умовах — проста нахабства".
Лекары: Утрыманьне жанчыны ў СІЗА — зьдзек зь яе фізіялёгіі
"Зьдзекам з жаночай фізіялёгіі" назвала цяперашняе ўтрыманьне ў СІЗА Ірыны Халіп, Натальлі Радзінай, Насты Палажанкі супрацоўніца адной з жаночых кансультацыяў у Менску Ларыса.
Лекарка лічыць, што адлучэньне Ірыны Халіп ад трохгадовага сына, безумоўна, можа істотна паўплываць на псыхічнае і эмацыйнае разьвіцьцё хлопчыка, а таксама зрабіць нэгатыўнае ўзьдзеяньне на фізычнае і псыхічнае здароўе маці.
Ларысе даводзіцца лячыць і кансультаваць пацыентак, якія вярнуліся на волю пасьля адбыцьця пакараньня. Яна цьвердзіць, што турэмныя ўмовы наносяць шкоду найперш рэпрадуктыўнаму здароўю жанчыны. А Натальля Радзіна ды Наста Палажанка яшчэ нават не пасьпелі пазнаць радасьці мацярынства.
Ларыса: "У шмат каго з маіх пацыентак у няволі адбываліся моцныя
У шмат каго з маіх пацыентак у няволі адбываліся моцныя гарманальныя збоі.
Пра тое, што ва ўмовах падобнай стрэсавай сытуацыі жанчына рызыкуе займець і такое падступнае анкалягічнае захворваньне, як рак малочнай залозы, гаварыў некалі ў размове са "Свабодай" і прафэсар-мамоляг Леанід Путырскі:
"Я не дасьледаваў канкрэтнай сытуацыі, але нэрвы і гармоны — гэта асноўнае, што ўплывае на гэтыя хваробы. То бок уплывае стан нэрвовай сыстэмы і гарманальны стан. Натуральна, тое, што жанчына п’е, есьць, чым яна дыхае, уплывае таксама. Аднак стрэс — у першую чаргу".
"Большасьць зьняволеных жанчын маюць фэртыльны ўзрост"
Паводле праведзеных пару гадоў таму міжнародных дасьледаваньняў, Беларусь сярод эўрапейскіх краін і краін былога СССР мае найвышэйшы паказчык вязьняў-жанчын — 7,5% ад агульнай колькасьці зьняволеных у краіне. У суседняй Расеі ён складае 6,5%, ва Ўкраіне — 6,1%, у Польшчы, як і ў сярэднім па Эўропе, — прыкладна 4%. Каля 37% ад зьняволеных беларускіх жанчын маюць узрост ад 18 да 30 гадоў, 57% — ад 31 да 50, і каля 7% — старэйшыя за 50. Абсалютная большасьць жанчын пакараныя турмой за крадзяжы без ужываньня гвалту. У суседняй Польшчы, да прыкладу, за падобны крымінал караюць не пазбаўленьнем волі, а выключна адміністрацыйна. Ня кажучы ўжо пра ўдзел у пратэстных акцыях, за якія былі затрыманыя і кінутыя ў СІЗА Ірына Халіп, Натальля Радзіна і Наста Палажанка.
Згодна са зьвесткамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), у якую
"УААЗ: найвялікшую заклапочанасьць выклікаюць фізычны і сэксуальны гвалт, які зазнаюць жанчыны ў няволі, шкода, якая наносіцца іх рэпрадуктыўнаму і псыхічнаму здароўю, небясьпечныя інфэкцыйныя хваробы, высокая схільнасьць да самагубства сярод жанчын-вязьняў"
Вялікую заклапочанасьць у экспэртаў выклікае фізычны і сэксуальны гвалт, які зазнаюць жанчыны ў няволі, шкода, якая наносіцца іх рэпрадуктыўнаму і псыхічнаму здароўю, небясьпечныя інфэкцыйныя хваробы, высокая схільнасьць да самагубства сярод жанчын-вязьняў.
Паводле экспэртаў, большасьць захадаў, якія робяць улады ў дачыненьні да жанчыны пад вартай, парушаюць правы чалавека і нормы сацыяльнай справядлівасьці.