У Расеі Мін’юст забараніў выкарыстоўваць у «ШЫЗА» нецэнзурную лексыку і турэмны жаргон. А ці ўжываецца яна ў беларускіх турмах? Распавядаюць Алесь Бяляцкі, Павал Вінаградаў і Мікола Статкевіч.
Зьняволеныя ў расейскіх сьледчых ізалятарах цяпер ня маюць права ўжываць нецэнзурную лексыку і турэмны жаргон. Раней выказваўся намер выкараніць турэмны жаргон зь лексыкону супрацоўнікаў расейскіх калёніяў. Пра мову беларускіх турмаў Свабодзе распавялі вядомыя былыя зьняволеныя.
Ці выкарыстоўваюць зьняволеныя і супрацоўнікі турмаў ненарматыўную лексыку і турэмны жаргон?
Алесь Бяляцкі, праваабаронца, правёў за кратамі амаль тры гады:
«Зьняволеныя выкарыстоўваюць, але мо ня так густа, як у ранейшыя часы. Але тыя, хто сядзіць ня першы год, ведаюць, як „ботаць па фені“ — так гэта называецца. Што тычыцца супрацоўнікаў, то — не, толькі ў рэдкіх выпадках, і то каб падкрэсьліць штосьці, для ўзмацненьня ўвагі, але не ў звычайнай лексыцы.
Каб цябе зразумелі, варта „феню“ ведаць. Яна мае пэўны, вельмі дакладны сэнс, пэўныя фразэалягізмы ці пэўныя спалучэньні словаў. Прынамсі, час ад часу я яе ўжываў. Дапамагала. Адносна сябе абразаў ня чуў, са мной супрацоўнікі падкрэсьлена размаўлялі на „вы“. У прынцыпе, паміж супрацоўнікамі і зьняволенымі мат не ўжываецца, я вельмі рэдка такое чуў».
Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010, правёў за кратамі больш за чатыры гады, больш за два гады быў прысуджаны да прымусовай працы:
«І тыя, і тыя ў калёніях і СІЗА размаўляюць матам і турэмным жаргонам. Без выключэньняў. Хіба адзінае выключэньне ёсьць у так званых „крытых“ турмах, там ёсьць турэмныя законы. Там, дзе „блатныя“ сядзяць, там няма мату. Там асуджаныя не выкарыстоўваюць мат, толькі турэмны жаргон. А адміністрацыя выкарыстоўвае і мат, і жаргон. Яны, па сутнасьці, размаўляюць ім. Гэта адпавядае іхняй культуры. Не скажу пра ўсіх стоадсоткава, ёсьць выключэньні, але, на жаль, гэта рэдкія выключэньні. Я імкнуўся пазьбягаць і таго, і таго».
Павал Вінаградаў, актывіст, шмат разоў трапляў за краты на параўнальна нядоўгія тэрміны, ажаніўся ў калёніі «Воўчыя норы»:
«Самі зьняволеныя мат выкарыстоўваюць надзвычай рэдка. Жаргон — натуральна, турэмная феня прысутнічае. Але менавіта матам, асабліва тыя, хто сядзіць многа... Мне здаецца, тыя, хто сядзіць многа, матам наагул ня лаюцца. Там гэта не асабліва прынята. Калі ты пасылаеш чалавека на вядомыя тры літары, то ў цябе для гэтага павінны быць вельмі сур’ёзныя падставы. Калі ў цябе такіх падставаў няма, можаш панесьці за гэта фізычнае пакараньне ад саміх зьняволеных. Што да супрацоўнікаў адміністрацыі — так, як і ў міліцыі, там матам хто размаўляе, хто яго зусім не ўжывае. Тым ня менш мат яны ўжываюць значна часьцей, чым зьняволеныя, а «феню» не ўжываюць ці ўжываюць надзвычай рэдка.
Ці падзейнічала б у беларускіх турмах і калёніях забарона на ненарматыўную лексыку і турэмны жаргон?
Алесь Бяляцкі: «Проста больш бы хаваліся. Паміж самімі зьняволенымі гэтая мера ня думаю, што можа спрацаваць і ў Расеі. Адзінае, што можа быць яшчэ адным аргумэнтам для вынясеньня нейкіх спагнаньняў у дачыненьні да зьняволеных, правы якіх і так абмежаваныя. Проста будзе выкарыстоўвацца супраць тых, хто з тых ці іншых прычынаў не падабаецца адміністрацыі. Даволі проста сказаць, што гэты чалавек мацюгаўся, і знайсьці двух сьведак».
Мікола Статкевіч: «Я думаю, што цяжка гэта было б забараніць, бо культура нашых сілавікоў такая. Гэта ня толькі ў турмах, гэта і міліцыя, і ва ўсіх сілавых структурах. Мабыць, яны бяруць прыклад аднекуль зьверху».
Павал Вінаградаў: «Наконт фені ёсьць ужо даволі даўно, наколькі я ведаю, разнарадкі па турмах і калёніях, што парадкі, прынятыя ў крымінальным асяродзьдзі, трэба выкараняць. Але я ня чуў ні разу, каб адміністрацыя з гэтым змагалася. Хаця не, хлушу! Калі сядзеў у калёніі і так здарылася, што размаўляў зь некалькімі супрацоўнікамі адміністрацыі пра тое, чаму мне забаранілі вынас прадуктаў з доўгатэрміновага спатканьня, зайшла размова так, што я кажу: «У нас тут прэзыдэнт, грамадзянін Лукашэнка, нядаўна сказаў, што хутка купім квіткі на самалёт і вышлем усіх з краіны. Схлусіў, бачыце, я ж яшчэ тут! Прынята такіх людзей, якія не адказваюць за свае словы, называць словам „шлёпала“». Яны пасьмяяліся, сказалі, што не, мы іх так не называем, ды сказалі, што выкараняем турэмныя парадкі і супраць такіх словаў. Вось тады быў адзіны выпадак, калі бачыў, што яны змагаюцца зь «феняй».