Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэклярацыя прынцыпаў», якую ўдала выкарысталі праваабаронцы


Хэльсынскія пагадненьні падпісваюць канцлер ФРГ Гельмут Шміт, старшыня Дзяржаўнага Савету ГДР Эрых Гонэкер, прэзыдэнт ЗША Джэральд Форд і аўстрыйскі канцлер Бруна Крайскі
Хэльсынскія пагадненьні падпісваюць канцлер ФРГ Гельмут Шміт, старшыня Дзяржаўнага Савету ГДР Эрых Гонэкер, прэзыдэнт ЗША Джэральд Форд і аўстрыйскі канцлер Бруна Крайскі

1 жніўня спаўняецца 40 гадоў Хэльсынскім пагадненьням, якія замацавалі непарушнасьць межаў у пасьляваеннай Эўропе, сталі падставай для стварэньня АБСЭ і моцна паўплывалі на праваабарончы рух у СССР.

Заключны акт нарады ў Хэльсынкі быў падпісаны 1 жніўня 1975 году лідэрамі 35 краін, у тым ліку СССР, ЗША і Канады. Дасягнутыя пагадненьні сталі асновай для стварэньня АБСЭ — Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

Тры кошыкі пагадненьняў

Сорак гадоў таму да абмеркаваньня на канфэрэнцыі ў Хэльсынкі былі падрыхтаваныя тры наборы пагадненьняў (тры кошыкі, як іх назвалі дыпляматы).

«Першы кошык» тычыўся непарушнасьці пасьляваенных межаў. Прадугледжвалася, што краіны-падпісанты павінны паважаць сувэрэнітэт і правы адзін аднаго «свабодна выбіраць і разьвіваць свае палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сыстэмы, а таксама права ўсталёўваць свае законы і адміністрацыйныя правілы». Акрамя таго, гаварылася пра непрымяненьне сілы або пагрозы сілай, з мэтай парушэньня «тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці любой дзяржавы». Дзяржавы падпісаліся пад непарушнасьцю межаў.

Праўда, улічваючы заўвагі Канады, Гішпаніі і Ірляндыі, у тэкст унесьлі агаворку, згодна зь якой «усталяваныя межы ў Эўропе могуць быць зьмененыя — у выпадку мірнай дамоўленасьці дзяржаў». Гэтая папраўка была зроблена ў надзеі на аб’яднаньне Нямеччыны. У дакумэнт быў таксама ўнесены дадатак — заява прэзыдэнта Форда, што Злучаныя Штаты ня лічаць законным гвалтоўнае ўключэньне ў Савецкі Саюз Літвы, Латвіі і Эстоніі. Да гэтай заявы далучыліся кіраўнікі дзяржаў НАТО.

«Другі кошык» тычыўся эканомікі і гандлю. Злучаныя Штаты заключылі дамовы на продаж Савецкаму Саюзу збожжа і пэўных новых тэхналёгіяў. «Другі кошык» таксама ўключаў і дамовы аб пазыках для Ўсходняй Нямеччыны, Польшчы і Чэхаславаччыны — ад ЗША і ад Заходняй Нямеччыны.

«Трэці кошык», гуманітарны, уключаў у сябе такія пункты, як «павага да правоў чалавека і да яго фундамэнтальных свабодаў: свабоды абмену думкамі, свабоды сумленьня і рэлігіі, свабоды перамяшчэньня». Ад самага пачатку падрыхтоўкі канфэрэнцыі савецкія дыпляматы стараліся прыменшыць значэньне гэтых пунктаў, падаючы іх як унутраную справу кожнай краіны. Заходнія ўдзельнікі, наадварот, лічылі гэтыя пункты справай міжнароднай грамадзкасьці і бязь іх адмаўляліся падпісваць астатнія.

Гісторыкі лічаць, што Хэльсынскія пагадненьні сталі важнай палітычнай падзеяй, яны істотна «разрадзілі» геапалітычнае напружаньне, не падзяліўшы пры гэтым падпісантаў на «пераможцаў» і «пераможаных». Стрыжань «Дэклярацыі прынцыпаў» быў фактычна агульнай праграмай дзеяньняў дзеля будоўлі адзінай, мірнай, дэмакратычнай і квітнеючай Эўропы.

Ключавы пункт у гісторыі праваабарончага руху

Беларускі праваабаронца, публіцыст і былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што Хэльсынскія пагадненьні былі значным гістарычным дакумэнтам, які «вельмі моцна паўплываў на станаўленьне праваабарончага руху і змаганьне за правы чалавека ў былым СССР».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«У 1975-м было падпісана пагадненьне, у якім блёк, які тычыцца агульных правоў і свабодаў, быў вельмі фармальны. Асноўная задача гэтага пагадненьня была ўсё ж такі — распачаць разрадку напружанасьці, і кожны меў тут свае інтарэсы. Захад баяўся, што можа пачацца агрэсія Савецкага Саюзу на Цэнтральную і Заходнюю Эўропу, якая знаходзілася па-за камуністычным уплывам. А Савецкі Саюз меў цікавасьць у тым, каб пацьвердзіць яшчэ раз свае межы — у першую чаргу гэта тычылася прыбалтыйскіх краінаў, якія былі акупаваныя ў 1940 годзе. Таму гэтыя пагадненьні ў першую чаргу мелі задачу разрадзіць напружанасьць на кантынэнце. Але праваабаронцы выкарысталі гэты дакумэнт, і выкарысталі досыць удала. У першую чаргу гэта тычылася расейскіх праваабаронцаў, якія зьвярнулі ўвагу на тыя абавязкі ў галіне правоў чалавека, якія прапісаныя ў гэтых Хэльсынскіх пагадненьнях, і выступілі з ініцыятывай распачаць кантроль над выкананьнем абавязаньняў у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў», — кажа Бяляцкі.

«Гэта была адна з многіх ініцыятыў. Некаторыя зь іх так і заставаліся на паперы, ня спраўджваліся. Але гэтая ініцыятыва нечакана атрымала вельмі вялікі розгалас і падтрымку, — працягвае Бяляцкі. — Тады ўжо сасьпеў час. Усё ж такі сярэдзіна 70-х — гэта час, калі вырасла новае пасьляваеннае пакаленьне людзей, якія ўжо хацелі жыць па-іншаму, хацелі больш свабодаў і правоў. Такім чынам былі аформленыя гэтыя хэльсынскія групы, якія спачатку ўзьніклі ў Маскве (Маскоўская Хэльсынская група), потым у іншых рэспубліках (Украіна, Літва). На жаль, у Беларусі такой групы не было. Але, тым ня менш, праца хэльсынскіх камітэтаў, канечне ж, даходзіла да Беларусі другой паловы 70-х — першай паловы 80-х гадоў. Мы тады слухалі Радыё Свабода і іншыя замежныя галасы, лавілі інфармацыю, якая перадавалася, пра змаганьні за правы чалавека ў Беларусі, пра дысыдэнтаў, палітычных вязьняў, пра тых людзей, якія хацелі больш свабоды. Пасьля гэтага Хэльсынскія пагадненьні ўжо сталі моцным гістарычным фактам і зьяўляюцца важнай датай у гісторыі праваабарончага руху былога Савецкага Саюзу, і Беларусі ў тым ліку».

Усё ж такі сярэдзіна 70-х — гэта час, калі вырасла новае пасьляваеннае пакаленьне людзей, якія ўжо хацелі жыць па-іншаму, хацелі больш свабодаў і правоў

Алесь Бяляцкі лічыць, што гуманітарная частка Хэльсынскіх пагадненьняў застаецца актуальнай і сёньня, асабліва ў постсавецкіх краінах, дзе ў пытаньні правоў чалавека, па вялікім рахунку, мала што зьмянілася з часоў СССР.

«Амаль усе былыя постсавецкія краіны, за выключэньнем прыбалтыйскіх, знаходзяцца сёньня ў пэрманэнтным крызісе, і ў большай ці меншай ступені правы чалавека паўсюль парушаюцца. Гэтыя Хэльсынскія пагадненьні потым разьвіваліся, АБСЭ прыняла яшчэ некалькі дакумэнтаў, якія больш падрабязна, больш уважліва ставяцца менавіта да пытаньняў абароны правоў грамадзян. То бок яны атрымалі сваё разьвіцьцё, і гэты комплекс дакумэнтаў АБСЭ — база для і нашага змаганьня за правы чалавека ў Беларусі. Улічваючы, што Беларусь — сябра АБСЭ, гэта тыя дакумэнты, на якія мы абапіраемся і ўвесь час кажам уладам: „Што ж вы робіце? Чаму вы парушаеце тыя дакумэнты, якія ўжо вы падпісвалі і зь якімі вы пагадзіліся?“.

Таму для Беларусі і Хэльсынскія пагадненьні ў галіне абароны грамадзянскіх правоў і свабодаў, і ўвогуле праца АБСЭ — арганізацыі, якая тады ўзьнікла, — зьяўляюцца надзвычай важнымі і кантрольнымі меркамі па ацэнцы сытуацыі з правамі чалавека ў краіне», — падкрэсьліў праваабаронца.

Хэльсынскія пагадненьні пасьля Ўкраіны

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў у інтэрвію Радыё Свабода выказаў думку, што Хэльсынскія пагадненьня і дзейнасьць АБСЭ, створанай на іх падставе, сёньня можна лічыць актуальнымі толькі часткова.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Там было тры кошыкі: першы — гэта бясьпека, другі — эканоміка, трэці — гуманітарныя пытаньні. Што тычыцца другога і трэцяга — нейкую ролю АБСЭ ўсё ж адыгрывае. Але што тычыцца бясьпекі, то мы бачым на прыкладзе Ўкраіны, што яна фактычна не працуе. І, шчыра кажучы, цяжка было б чакаць чагосьці іншага, бо ў АБСЭ ўваходзяць такія розныя краіны, як, напрыклад, Швэцыя і Таджыкістан, пры тым, што рашэньні прымаюцца па прынцыпе кансэнсусу. Насамрэч, чым большая арганізацыя, тым менш яна ўплывовая, тым менш сур’ёзных пытаньняў яна можа вырашыць — ААН тут найбольш яскравы прыклад. Вырашыць прынцыповыя пытаньні, асабліва калі ў іх закрануты інтарэсы вялікіх дзяржаваў — гэта вельмі цяжка, практычна немагчыма», — лічыць экспэрт.

На думку Фёдарава, ідэя нейкіх, так бы мовіць, «Хэльсынкі-2» і стварэньня новай арганізацыі, якая б займалася пытаньнямі бясьпекі, сёньня ня мае пэрспэктываў.

«Занадта розныя падыходы ў тых краінаў, якія збольшага вызначаюць лёс гэтай арганізацыі. Стварыць нешта можна, але гэта будзе проста паўтор, і рашэньні гэтай структуры акурат гэтаксама ня будуць выконваць, як яны не выконваюцца цяпер, калі гэтыя рашэньні будуць супярэчыць інтарэсам адной з буйных краін», — кажа палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG