Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл (Уладзімір Гундзяеў) завёў на Instagram старонку «Дзень патрыярха».
Там плянуецца, паводле прэс-службы РПЦ, разьмяшчаць «нечаканыя і нефармальныя моманты» ягонага служэньня. Пакуль там толькі адно афіцыйнае фота і адно відэа з афіцыйнага інтэрвію. Маскоўскі патрыярх ужо мае афіцыйную старонку «ЎКантакце», неафіцыйную на Facebook, таксама ёсьць некалькі дзясяткаў фэйкавых Twitter-акаўнтаў ад імя патрыярха.
Кіраўнік каталіцкай царквы папа Францішак даўно мае афіцыйныя Twitter і Instagram, прычым сярод здымкаў папы нярэдка бываюць нефармальныя, забаўныя.
А як беларускія сьвятары?
Кіраўнікі Беларускай праваслаўнай і Беларускай рымска-каталіцкай цэркваў не прысутнічаюць у сацыяльных сетках асабіста. Але царква і касьцёл маюць акаўнты ў розных сацсетках (каталіцкая царква дае на сайце спасылкі на сацсеткі, праваслаўная — не).
Касьцёл вядзе старонкі па-беларуску, Беларуская праваслаўная царква — па-расейску.
Большасьць беларусаў сябе лічаць праваслаўнымі: паводле зьвестак 2015 году, 58,9% назвалі сябе праваслаўнымі (але зь іх абсалютна ўпэўнена вераць у Бога толькі 22%, ёсьць шчырыя «праваслаўныя атэісты»), каталікамі — 12%. Але падпісантаў у каталіцкіх суполках значна больш, чым у праваслаўных.
Старонкі БПЦ: сайт, VK, Facebook, Twitter, Google Plus, «Аднаклясьнікі».
Асобна можна адзначыць актыўнасьць у сацсетках прэс-сакратара БПЦ Сяргея Лепіна (вядомага як блогера яшчэ ў часы Livejournal) і сьвятара Аляксандра Шрамко (таксама актыўнага яшчэ з часоў ЖЖ), а таксама нефармальны Youtube-канал сьвятара Аляксандра Кухты «Batushka ответит».
Старонкі Касьцёла: сайт, VK, Facebook (і вялікая неафіцыйная суполка каталікоў), Twitter, Instagram, Youtube.
Беларускаму хрысьціянству ўсіх кірункаў прысьвечаны сайт Krynica.info. Сайты і старонкі ў сацсетках маюць таксама беларускія пратэстанты самых розных цэркваў (можна адзначыць пратэстанцкую Youtube-перадачу «Богословие на пальцах»), грэка-каталікі, Аўтакефальная праваслаўная царква, мусульмане, юдэі і іншыя вернікі.
Хрысьціянскія дэмакраты Беларусі больш за 10 гадоў спрабуюць зарэгістраваць палітычную партыю, але ім пастаянна адмаўляюць, а заснавальнікам пагражаюць.