Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга босым і ў навушніках» — чаму затрыманьні ў мэтро такія брутальныя


Графіці, якое зьявілася ў пераходзе мэтро пасьля гісторыі зь сілавым затрыманьнем інваліда ў 2015 годзе
Графіці, якое зьявілася ў пераходзе мэтро пасьля гісторыі зь сілавым затрыманьнем інваліда ў 2015 годзе

Радыё Свабода ўзгадвае, як і за што мінчан затрымліваюць у мэтро.

27 траўня ў менскім мэтро зноў здарыўся прыкры інцыдэнт з удзелам міліцыі. Шасьцёра чалавек у форме жорстка затрымалі маладога хлопца. Мінакі зьнялі момант затрыманьня на відэа і апублікавалі. Як вынік — шквал камэнтароў і абурэньня. У асноўным дастаецца міліцыі, хоць на відэа бачна, што міліцыянты — толькі двое зь людзей у форме, рэшта — супрацоўнікі службы аховы мэтрапалітэну.

ГУУС Менску адрэагавала на інцыдэнт. Супраць хлопца ўжо ўзбудзілі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў.

Інцыдэнты з жорсткімі затрыманьнямі ў менскім мэтрапалітэне здараюцца рэгулярна, прыкладна раз на год. Радыё Свабода ўзгадвае найбольш гучныя зь іх.

17 верасьня 2015 году, інцыдэнт з калясачнікам ля мэтро «Плошча Якуба Коласа»

Вэрсія калясачніка

Раніцай 17 верасьня мінакі ўбачылі на ходніках каля скрыжаваньня Кульман і Якуба Коласа мноства раскіданых банкнот. Грошы спрабаваў сабраць інвалід-калясачнік. Як ён сказаў мінакам, міліцыянты выцягнулі інваліда зь пераходу, дзе той зьбіраў міласьціну, а пасьля зьбілі ў дварах, раскідаўшы сабраныя грошы.

«Я сядзеў усю ноч у пераходзе мэтро. Нечакана да мяне падляцелі два супрацоўнікі міліцыі ў форме і проста вывалаклі зь пераходу. Дзякуй богу, што ня скінулі з каляскі, што я ня ўпаў. Гэта былі дакладна не супрацоўнікі міліцыі мэтрапалітэну. Яны завезьлі мяне ў двор на вуліцы Кульман, каб я ня мог выехаць сам, і пачалі зьбіваць. Білі электрашокерам у шыю», — сказаў калясачнік журналісту сайта belprauda.org.

Знайшліся і відавочцы. Рэгіянальны кіраўнік прафсаюзу РЭП па Магілёўскай вобласьці Аляксей Яўгенаў бачыў, як двое людзей у форме выцягвалі інваліда зь пераходу мэтро і адкацілі яго каляску ў двары, раскідаючы па дарозе грошы.

Вэрсія міліцыі

«Ніякага зьбіцьця не было», — сказалі ў прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму журналістам. Але паабяцалі інфармацыю праверыць.

Чым скончылася

Пабітага калясачніка ў шокавым стане пабачылі ахоўнікі банку «БелВэб». Разам з супрацоўнікамі Дэпартамэнту аховы яны дапамаглі яму сабраць грошы з ходнікаў і выклікалі міліцыю. Аднак заяву пісаць ён адмовіўся.

«Пісаць заяву на іх — гэта пісаць супраць самога сябе. За паўтара года я ўпершыню з такім сутыкаюся. Гэта проста беззаконьне», — сказаў калясачнік журналістам.

18 верасьня 2015 году, інцыдэнт з затрыманьнем інваліда на станцыі мэтро «Ўручча»

Вэрсія відавочцаў

Каля 16 гадзіны ў пераходзе каля станцыі мэтро «Ўручча» міліцыянты спрабавалі вывесьці наверх інваліда па зроку. Ён не супраціўляўся, але не разумеў, чаго ад яго хочуць, і не выконваў патрабаваньняў міліцыі. Урэшце праваахоўнікі прымянілі фізычную сілу.

«Да яго падышлі два міліцыянты і сталі безь якіх-небудзь падстаў прыставаць. Ён, не разумеючы, што адбываецца, даў адпор і падрапаў руку міліцыянту. Яны пачалі яго рэзка падымаць і прымяняць супраць яго сілу!», — пісаў у сацсетках адзін зь відавочцаў.

Іншы расказаў, што адбывалася далей:

«Нягледзячы на ўсё абурэньне народу, яны працягвалі яго цягнуць і далей, пры ўсіх спусьцілі зь лесьвіцы, і пры гэтым сьляпы чалавек стукнуўся галавой аб жалезныя парэнчы... Сьляпому бездапаможнаму чалавеку надзелі кайданкі, як злачынцу, і паводзілі сябе зь ім так, як быццам ён не чалавек, а жывёла!»

Пры гэтым, па словах відавочцаў, міліцыянты адмаўляліся прадстаўляцца і складаць пратакол на месцы. Каб утаймаваць натоўп, выклікалі некалькі дадатковых патрулёў. Затрыманага інваліда адвезьлі ў РУУС.

Вэрсія праваахоўнікаў

Пасьля розгаласу ў СМІ Сьледчы камітэт распаўсюдзіў такую афіцыйную заяву:

«Увечары 18 верасьня да супрацоўнікаў УУС па ахове Менскага мэтрапалітэну паступілі скаргі ад грамадзян на мужчыну неахайнага вонкавага выгляду, які прасіў міласьціну ў падземным пераходзе станцыі мэтро „Ўручча“. Міліцыянт ва ўстаноўленым парадку прапанаваў дадзенай асобе прайсьці ў пакой міліцыі, разьмешчаны на станцыі, для высьвятленьня асобы і разбору».

Таксама ў заяве СК гаварылася, што мужчына «неахайнага выгляду» выяўляў агрэсію ў дачыненьні да міліцыянтаў і нецэнзурна лаяўся. І ўвогуле ніякі ён не інвалід, а толькі выдае сябе за яго.

Чым скончылася

Супраць «мужчыны неахайнага выгляду» завялі крымінальную справу за супраціўленьне супрацоўнікам органам унутраных спраў. Нейкі час з затрыманым праводзіліся сьледчыя дзеяньні. Затым 41-гадовага мужчыну накіравалі ў «Навінкі» на псыхіятрычную экспэртызу.

Як удалося высьветліць журналістам, ён насамрэч інвалід і мае праблемы са слыхам. Як мінімум некалькі месяцаў затрыманы правёў у дыспансэры. Пра тое, ці давялі сьледчыя справу да суду, нічога не вядома.

28 красавіка 2016 году, інцыдэнт зь бяздомным і ягоным сабакам каля мэтро «Пятроўшчына»

Вэрсія відавочцаў

На відэа, якое зьнялі відавочцы, бачна, што супрацоўнік міліцыі спрабуе выгнаць проста апранутага мужчыну з падземнага пераходу, які адначасова служыць уваходам на станцыю мэтро. Мужчына не супраціўляецца, ягоны сабака таксама паводзіць сябе ціха. Аднак у нейкі момант міліцыянт ставіць мужчыну падножку, а затым бʼе нагой сабаку. Той пачаў брахаць. «Мужчына сам не праяўляў агрэсіўных паводзін, сабака ж проста спакойна ляжаў каля гаспадара, пакуль яго не пачалі штурхаць з усяго дуру берцамі па рэбрах», — такім чынам падпісаў ролік аўтар відэа.

Пасьля таго як міліцыянт паставіў мужчыну падножку і той упаў, да праваахоўніка пачалі падыходзіць людзі. Яны дапамаглі пабітаму мужчыну падняцца і вывелі яго зь пераходу, міліцыянт сышоў у іншы бок.

Вэрсія праваахоўнікаў

Пасьля некалькіх публікацый у СМІ на інцыдэнт адрэагаваў сайт ГУУС. У кароткім паведамленьні гаварылася, што мужчына з сабакам ня першы раз за той дзень быў заўважаны ў пераходзе каля мэтро, супрацоўнікі міліцыі высьвятлялі яго асобу і прасілі сысьці зь пераходу. Відэазапіс відавочцаў камэнтаваўся наступным чынам:

«Сяржант міліцыі пазнаў у чалавеку, які спаў, адпушчанага раней грамадзяніна. Падышоўшы, ён разбудзіў яго і папрасіў пакінуць падземны пераход. Нягледзячы на працяглыя ўгаворы, мужчына просьбу праваахоўніка праігнараваў. Больш за тое — пачаў абурацца, лаяцца на адрас міліцыянта, правакуючы канфліктную сытуацыю...»

Па вэрсіі міліцыянтаў, мужчына з сабакам вымусіў праваахоўніка «прымяніць сілавы прыём, пры гэтым прытрымліваючы мужчыну за плячо, каб пазьбегнуць атрыманьня ім траўмаў».

Чаму ў выніку на парушальніка парадку так і ня склалі пратакол, у заяве ГУУС не паведамлялася.

Чым скончылася

Міліцыя распачала ўнутраную праверку. Аднак яе вынікі так і не былі агучаныя. Празь некалькі дзён журналісты tut.by знайшлі бяздомнага з сабакам каля іншай станцыі мэтро. Ён сказаў, што міліцыянты часта загадваюць яму сысьці далей ад мэтрапалітэну, але ўдар ён атрымаў упершыню. Заяву на дзеяньні супрацоўніка міліцыі бяздомны падаваць ня стаў.

«Чалавек у мэтро можа нанесьці шкоду ня толькі сабе, але і іншым»

Чаму з мэтро зьвязана так шмат падобных інцыдэнтаў, чаму яны атрымліваюць такі розгалас? Прэс-сакратар Менскага мэтрапалітэну Андрэй Кузьмін гаворыць, што рашучыя дзеяньні супрацоўнікаў мэтро і міліцыі ў першую чаргу зьвязаныя з павышанай небясьпекай для чалавека, якую нясе ў сабе мэтро.

«Мы імкнёмся не дапускаць у мэтрапалітэн людзей у стане алькагольнага апʼяненьня, наркатычнага, альбо нейкага іншага. Таму што чалавек у такім стане ў мэтро можа прычыніць шкоду ня толькі сабе, але і іншым пасажырам, — кажа Андрэй Кузьмін. — Таму, відаць, і атрымліваецца так, што відэа інцыдэнтаў у мэтро становяцца такімі рэзананснымі».

Мы імкнёмся не дапускаць у мэтрапалітэн людзей у стане апʼяненьня, таму, відаць, і атрымліваецца так

Андрэй Кузьмін дадае, што супрацоўнікі мэтрапалітэну ня маюць права затрымліваць людзей самастойна. Яны могуць зьвярнуцца з такой прапановай да міліцыянтаў. Падземныя пераходы, зьвязаныя з вэстыбюлямі станцый, юрыдычна лічацца тэрыторыяй мэтрапалітэну. Адпаведна, правілы мэтро дзейнічаюць і ў пераходах.

Што вельмі не рэкамэндуецца рабіць у мэтро. Топ-7 забаронаў

Правілы паводзін у менскім мэтрапалітэне рэгулюе асобная пастанова Савету міністраў пад назвай «Аб зацьвярджэньні Правілаў перавозак пасажыраў гарадзкім электрычным транспартам і Правілаў перавозак пасажыраў мэтрапалітэнам». Дакумэнт падпісаны 22 лістапада 2014 году тагачасным прэмʼер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам. Правы і абавязкі пасажыраў рэглямэнтуюцца адпаведным разьдзелам. Сярод іншага там ёсьць такія пункты:

— Нельга бегаць па плятформе і ў пераходах. А таксама па прыступках.

— Нельга заходзіць на станцыю ў стане алькагольнага, наркатычнага, альбо іншага апʼяненьня (пры гэтым, у адрозьненьне ад Правілаў дарожнага руху, у Правілах мэтрапалітэну не называецца дапушчальны ўзровень алькаголю ў крыві).

— Нельга заходзіць на станцыю мэтро з марозівам.

— Нельга заходзіць у мэтро босым.

— Нельга слухаць музыку праз навушнікі.

— Нельга адмовіцца ад асабістага надгляду, калі супрацоўнікі службы аховы мэтро прапануюць яго правесьці.

— Нельга езьдзіць па плятформе на ровары, ролікавых каньках, самакатах і іншых прыстасаваньнях. Адзінае выключэньне — інвалідны вазок.

За ўсё гэта вас могуць аштрафаваць. Калі парушальнік адмовіцца плаціць, то «ён можа быць дастаўлены прадстаўніком органаў унутраных спраў ва ўпраўленьне ўнутраных спраў па ахове мэтрапалітэну для высьвятленьня асобы і складаньня пратаколу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG