Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі па нырках, на каленях везьлі ў Менск зь мехам на галаве» — ашмянскія мытнікі расказалі пра зьбіцьцё і катаваньні


«Надзелі на галаву мех, надзелі кайданкі і пасадзілі ў машыну. Там адразу пачалі зьбіваць, білі па нырках, казалі, каб падпісваў прызнаньне, што нібыта браў грошы. Калі павезьлі, дык іншага чалавека на мяне паклалі. Потым загадалі стаяць у праходзе на каленях і гэтак везьлі да Менску».

Ашмянскі мытнік Уладзімер Шчыкно расказаў у Партызанскім судзе пра катаваньні і зьдзекі, якія зазнаў пасьля затрыманьня два гады таму, калі раскручвалася справа пра хабар на Ашмянскай мытні. Працэс над мытнікамі сёньня аднавіўся пасьля паўтарамесячнага перапынку. Паводле Ўладзімера Шчыкно, які працаваў опэрупаўнаважаным у аддзеле барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі парушэньнямі Ашмянскай мытні, гэтак ад яго дамагаліся прызнальных паказаньняў. Далейшыя скаргі вязьня на сьледчых КДБ у пракуратуру ня мелі выніку: іх альбо ігнаравалі, альбо адказвалі, што парушэньняў ня знойдзена.

З аднаго працэсу на другі ў невядомым статусе

16 траўня былога мытніка прывезьлі ў кайданках зь іншага працэсу над ашмянскімі мытнікамі, які праходзіць у Заводзкім судзе. Навошта? Каб даў паказаньні тут, на працэсе ў Партызанскім судзе, які ідзе зь лістапада мінулага году.

Спачатку Ўладзімер Шчыкно прасіў суд патлумачыць: а ў якім статусе яго разглядаюць у дадзенай справе? Калі як абвінавачанага — дык яму не выстаўлялі тут абвінавачаньня і, адпаведна, ён ня браў удзелу ў працэсе. Калі як сьведку — тады парушаецца ягонае права ня сьведчыць супроць самога сябе.

Аднак судзьдзя Дзьмітры Супрун спаслаўся на тое, што справа мытнікаў з аддзелу барацьбы з кантрабандай вылучана з агульнай справы мытнікаў у асобную, таму нібыта ўсё адбываецца законна.

«Дык будзеце даваць паказаньні ці адмаўляецеся?»

Дзьмітры Шчыкно ў выніку расказаў, як яго зьбівалі ды ціснулі на яго маральна ў першыя гадзіны пасьля затрыманьня. Паводле вязьня СІЗА КДБ, пра сьляды зьбіцьця на ягоным целе ведаў лекар ізалятара, але не зьвярнуў на іх увагі. А што сьляды былі, могуць засьведчыць сукамэрнікі. Прозьвішча аднаго зь іх вязень памятае — гэта Ўладзімер Япрынцаў. (Вядомы бізнэсовец, саўладальнік групы кампаній «Трайпл» Уладзімер Япрынцаў у той час сядзеў у вязьніцы КДБ па справе аб даўгах.)

Яшчэ мытнік сказаў, што калі празь месяц правялі экспэртызу, дык сьлядоў зьбіцьця на ягоным целе ўжо не знайшлі.

А хто зьбіваў мытніка Шчыкно? Ён назваў супрацоўніка КДБ Данілава. На гэтае прозьвішча адрэагаваў Алесь Юркойць з лавы падсудных. Юркойць сказаў суду, што яго адразу пасьля затрыманьня нібыта таксама зьбіваў «падпалкоўнік Данілаў».

Аднак пра тое, што за хуткасны агляд аўтамабіляў ён нібыта браў нейкія грошы, мытнік Уладзімер Шчыкно суду нічога не сказаў. Паводле былога мытніка, яму гэта не прапаноўвалі і не загадвалі рабіць нейкія саступкі.

«Мяне не зьбівалі, але маральна ціснулі»

Тое самае казаў і адзін з калегаў Шчыкно — былы опэр таго ж аддзелу Аляксандар Пашкоў. Што грошай ня браў і яму ніхто не загадваў правяраць фуры з кветкамі ў хуткасным рэжыме.

А вось пра зьбіцьцё пасьля затрыманьня і маральны прэсінг Аляксандар Пашкоў паўтарыў амаль слова ў слова паказаньні Шчыкно: што адразу надзелі мех на галаву, клалі на чалавека, які ляжаў у праходзе, трымалі на каленях, пакуль везьлі ў Менск з Астраўца. Удакладніў на пытаньні іншых падсудных: яго не зьбівалі, але маральна ціснулі, каб ва ўсім прызнаўся.

Аляксандар Пашкоў таксама прасіў суд вызначыцца зь ягоным працэсуальным статусам — ён абвінавачаны ці сьведка? — і казаў пра парушэньне свайго права ня сьведчыць супроць сябе. Але ад паказаньняў у выніку не адмовіўся: «Мне няма чаго хаваць».

Адмовіўся ад паказаньняў былы мытнік Віктар Букель, але суд вырашыў зачытаць ягоныя паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва. У іх прагучала, што сама меней тройчы былы мытнік браў грошы ад нейкага расейскага бізнэсоўца Канстанціна за дапамогу ў праводцы фур з адзежай празь мяжу. Для сувязі мытнік выкарыстоўваў літоўскую сім-картку, а ў мабільніку гэты кантакт быў абазначаны словамі «Косьця-бялізна». Хабар быў у 300 даляраў, якія мытнік патраціў «на ўласныя патрэбы». Яшчэ 500 даляраў Віктар Букель, паводле ягоных паказаньняў на сьледзтве, атрымаў ад свайго начальніка Якуценкі — таксама нібыта за дапамогу ў менш пільным аглядзе грузаў, якія рухаліся зь Літвы праз Ашмянскую мытню.

17 траўня ў Партызанскім судзе дапытаюць некаторых начальнікаў тых мытнікаў, якіх дапытвалі сёньня. Зь якога працэсу іх прывязуць, пакуль невядома. Таксама вялікую групу ашмянскіх мытнікаў судзяць у Менскім абласным судзе — у асноўным гэта кіраўнікі падразьдзяленьняў і бізнэсоўцы, якія, паводле сьледзтва, давалі мытнікам хабар.

У Партызанскім судзе судзяць 11 мытнікаў, зь якіх 6 часткова прызналі сваю віну, а іншыя 5 настойваюць, што нічога ня ведалі пра злоўжываньні на мытні і што яны невінаватыя. Сярод іх Алесь Юркойць, вядомы на Ашмяншчыне краязнаўца і руплівец беларускай мовы. Пасьля заяваў пра зьбіцьцё, якія прагучалі сёньня ў судзе, Алесь Юркойць заўважыў, што «пракуратуру гэтыя факты раней не зацікавілі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG