Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў адмовілася расьсьледаваць дзеяньні сілавых органаў 25 сакавіка 2017 году


«Падстаў для стварэньня камісіі і правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў няма», — такі адказ ад Палаты прадстаўнікоў атрымаў на свой запыт наконт падзеяў 25 сакавіка старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. «На сёньняшні дзень інфармацыі аб неправамерных дзеяньнях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў падчас адзначаных масавых мерапрыемстваў у МУС не маецца», — пішуць у адказе.

У дакумэнце, які падпісаны старшынёй Пастаяннай камісіі Андрэем Навумовічам, спасылаюцца на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах» і паведамляюць, што «арганізатары заплянаваных на 25.03.2017 мерапрыемстваў адмовіліся ад іх правядзеньня, пісьмова паведаміўшы аб гэтым у Менскі гарвыканкам і ўдзельнікам».

Месяц таму Партыя БНФ накіравала зварот кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У дакумэнце адзначаецца, што сябры партыі, як і многія грамадзяне Беларусі, абураныя аднаўленьнем практыкі масавых затрыманьняў, зьбіваньня і арыштаў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Зьвяртаецца ўвага і на абуральныя факты рэпрэсіяў супраць беларускіх і замежных журналістаў.

Прадстаўнікі БНФ прапануюць дэпутатам стварыць парлямэнцкую камісію, каб высьветліць акалічнасьці так званай «справы баевікоў», а таксама масавых затрыманьняў і гвалту над удзельнікамі мірных акцыяў 15 і 25 сакавіка ў сталіцы, а таксама «маршаў недармаедаў» у розных гарадах гэтай вясной.

Уносіць карэктыроўкі ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах Камісія таксама лічыць «немэтазгодным». Аднак, у адказе паведамляецца, што да 2019 году заплянавана вывучэньне міжнароднага досьведу «па тэме масавых мерапрыемстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG