Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разумеў, што магу застацца без рукі»: мянчук паскардзіўся на жорсткае зьбіцьцё ў міліцыі


Павал Кірлік паказвае сьляды зьбіцьця
Павал Кірлік паказвае сьляды зьбіцьця

Жыхар Менску Павал Кірлік расказаў праваабаронцам «Вясны» пра жорсткае зьбіцьцё ў гарадзкім аддзеле міліцыі № 1 Маскоўскага раёну Менску. Ён зафіксаваў пабоі і падаў скаргу ў Сьледчы камітэт з просьбай распачаць крымінальную справу.

Паводле Кірліка, яго западозрылі ў крадзяжы 50 эўра ў адной з супрацоўніц тату-салёну, дзе ён працуе. У салён 12 красавіка прыйшлі «людзі ў цывільным», прапанавалі праехаць у аддзяленьне міліцыі. Там яму, як ён сьцьвярджае, пачалі пагражаць і патрабавалі прызнацца ў крадзяжы.

«У нейкі момант зайшоў супрацоўнік у цывільным, махнуў дваім сваім калегам, каб тыя выйшлі, зачыніў дзьверы на ключ і пачаў біць, — сьцьвярджае Кірлік. — Спачатку сыпаліся ўдары ў карак, потым пачаў біць мяне па галаве так, каб я стукаўся аб шафу, біў каленам у грудзі. Удары сыпаліся адзін за адным, пакуль я сядзеў на крэсьле. Затым мяне паклалі на падлогу ў ластаўку, на руках і нагах зашчапілі кайданкі. Пры гэтым міліцыянт зрабіў гэта так, каб кайданкі траплялі менавіта на голае цела. Правую руку вельмі моцна заціснуў, левую яшчэ больш-менш, пасьля чаго супрацоўнікі пакінулі мяне ў такім стане недзе на гадзіну».

Удары сыпаліся адзін за адным

Пасьля яму прапанавалі напісаць яўку з павіннай або застацца на ноч у аддзяленьні, дзе зьбіцьцё працягнецца. Ён адмовіўся, заявіў, што нічога ня краў. Яго працягнулі зьбіваць, «станавіліся на кайданкі нагамі і круціліся, каб яны пераразалі рукі»:

«Левую руку я яшчэ адчуваў, а правая была ўжо апухлая і халодная, я яе зусім ня адчуваў, — кажа Кірлік. — Я папрасіў аслабіць кайданкі, але мяне працягнулі біць па нагах у адно і тое ж месца, па целе, станавіліся нагой на жывот у вобласьці мачавога пухіра. У нейкі момант я пачаў гаварыць, што згодны ва ўсім прызнацца, толькі каб зьнялі кайданкі. Я разумеў, што магу застацца без рукі, проста стаць інвалідам».

Пасьля гэтага кайданкі зьнялі, распавядае Кірлік. Далей, кажа ён, яго прымусілі разблякаваць тэлефон, пачалі чытаць перапіску і глядзець здымкі, а пасьля адвялі ў камэру, дзе пакінулі на ноч. Зранку, паводле Кірліка, яго зноў пачалі дапытваць: падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Лазука пацягнуў яго ў пусты кабінэт, стаў яго зноў зьбіваць, а калі Кірлік закрычаў, той «стаў пагражаць вывезьці ў бязьлюднае месца і там зьбіць да паўсьмерці».

Пасьля гэтага, кажа Кірлік, яго вывелі ў калідор, дзе ён змог папрасіць у аднаго з затрыманых тэлефон і каротка распавесьці пра ўсё жонцы, якой у тым самым аддзяленьні раней не давалі інфармацыі пра мужа. Затым Кірліку, паводле яго слоў, прапанавалі падпісаць пратакол затрыманьня, але не за 12, а за 13 красавіка. Наступную ноч ён таксама правёў пад вартай, а зранку, як кажа Кірлік, да яго падсадзілі чалавека, у якім ён пазнаў «пазаштатнага супрацоўніка міліцыі», які ўгаворваў яго прызнаць віну.

Урэшце Кірліка вызвалілі, ня даўшы ніякіх копіяў пратаколу, але перад вызваленьнем, як ён сьцьвярджае, падпалкоўнік Лазука прыгразіў яго «прыкрыць», калі Кірлік распавядзе камусьці пра здарэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG