Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пацыенты «лечкамісіі» жывуць на 20 гадоў больш, чым іншыя беларусы


Пацыенты так званай «лечкамісіі» жывуць даўжэй, чым у сярэднім па Беларусі. Пра гэта заявіла галоўны лекар Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраваньня справамі прэзыдэнта Ірына Абельская. На чым грунтуецца даўгалецьце яе VIP-кліентаў?

У інтэрвію парталу TUT.by спадарыня Абельская паведаміла: паводле дадзеных за апошнія 5 гадоў працягласьць жыцьця пацыентаў «клінікі для абраных» вагаецца ў межах 82-84 гадоў. Гаворка перадусім пра прадстаўнікоў улады і асобаў з кадравага рэестру прэзыдэнта, ляўрэатаў дзяржаўных прэмій, навукоўцаў, заслужаных дзеячаў культуры, вэтэранаў вайны. Усіх, хто ў сацыяльнай герархіі на прыступку вышэй за астатніх.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі сярэдняя працягласьць жыцьця складае 70 гадоў: 65 у мужчын і 76 у жанчын. Максымальны паказьнікі ў сьвеце дэманструюць жыхары Княства Манака — 89 гадоў. Другія ў сьпісе доўгажыхароў — насельнікі Макао, адміністратыўнага раёну ў Кітаі. Тут лічбы акурат як у беларускай лечкамісіі — 84 гады. У гэты ж прамежак уціснуліся яшчэ дзьве карлікавыя краіны — Сан-Марына і Андора (83 і 82 гады адпаведна). Што дае Ірыне Абельскай падставы прэтэндаваць асобнай установай на лідэрскія пазыцыі ў галіне працягласьці жыцьця? Сама лекарка кажа, што посьпехі грунтуюцца на кваліфікаваным пэрсанале, навейшых мэтодыках лекаваньня і сучасным абсталяваньні.

Чыноўнікі езьдзіла на мора, а рабацягі кампэнсавалі прагу да жыцьця празь лікёра-гарэлачныя крамы

Журналіст Аляксандар Уліцёнак якраз у гэтыя дні праходзіць фізыятэрапэўтычныя працэдуры ў мэдычным цэнтры Кіраваньня справамі прэзыдэнта. Магчымасьць абслугоўвацца ў лечкамісіі атрымаў два дзясяткі гадоў таму ў статусе ляўрэата дзяржаўнай прэміі за кнігу публіцыстыкі «Іншадумцы». Лічыць, што агучаныя лічбы працягласьці жыцьця ня столькі заслуга лекараў, колькі ўласна кантынгенту, які заўсёды меў магчымасьць своечасова паклапаціцца пра ўласнае здароўе:

«Калі размова пра лічбы ў 82-84 гады і гэта падаецца выключнай заслугай лечкамісіі як узору мэдычнай установы, то тут пэўнае перабольшаньне. Бо асноўны кантынгент, які там раней быў замацаваны, спачатку мог сабе дазволіць больш — менавіта з гэтай прычыны шмат хто да іх ставіцца адразу адмоўна. Але калі адкінуць субʼектыўны падыход, каго насамрэч абслугоўвае лечкамісія і спадарыня Абельская? Тых, хто пілі ў меру, гулялі ў меру, палілі ў меру. Гэта людзі, якія ведалі кошт свайму здароўю, пастаянна за ім сачылі. Цяпер параўнаем з кантынгентам любога раённага шпіталя: пʼюць, гуляюць, меры ня ведаюць. Намэнклятура нармальна адпачывала, езьдзіла на мора, у санаторыі і г.д. Рабацягі такой магчымасьці ня мелі і кампэнсавалі прагу да жыцьця празь лікёра-гарэлачныя аддзелы ды „Беламор“. Думаю, што асноўны сакрэт якраз у гэтым. Хоць, канечне, абсалютна дуратой было б казаць, што ў лечкамісіі ўмовы горшыя, чым у раённай паліклініцы. Умовы там лепшыя».

Кіраўніцтва лечкамісіі выстаўляе сябе зусім не шараговай установай, пра што сьведчыць назва старонкі ў інтэрнэце — vip-clinic.by. У апошнія гады адбываецца паступовая камэрцыялізацыя, што дазваляе зарабляць на платных паслугах. Прэйскурант выкладзены на сайце, прытым для замежнікаў кошты ўдвая-утрая вышэйшыя.

Тым ня меней, як кажа Аляксандар Уліцёнак, у бальшыні выпадкаў трэба быць гатовым да таго, што давядзецца «памарынавацца» ў чарзе ці нават некалькі дзён пачакаць, калі вызваліцца той ці іншы спэцыяліст:

Цяпер абслугоўваюцца ня толькі дзейныя чыноўнікі Саўміну, апарату прэзыдэнта, камсамол сёньняшні (бээрсээмаўцы), ня толькі былая партыйная намэнклятура, якая цяпер на пэнсіі

«Асабістыя ўражаньні: там насамрэч ветлівы пэрсанал, добрыя ўмовы. Цяпер абслугоўваюцца ня толькі дзейныя чыноўнікі Саўміну, апарату прэзыдэнта, камсамол сёньняшні (бээрсээмаўцы), ня толькі былая партыйная намэнклятура, якая цяпер на пэнсіі. Туды прыпісалася шмат платных паслугаў, што дае магчымасьць праходзіць абсьледаваньні цэлымі фірмамі, інстытутамі. Зараз лечкамісія — ужо досыць адкрытая мэдычная ўстанова. І з-за таго, што стала шмат людзей, пэўныя працэдуры даводзіцца чакаць досыць доўга. Самае звычайнае — нэўроляг, нэўрапатоляг. Пачаўся летні сэзон, розныя бытавыя траўмы. Атрымаць талёнчык ужо ня проста. Ня ведаю, колькі даводзіцца чакаць у звычайных паліклініках, але да такіх папулярных сэзонных лекараў чарга. Тое самае — чарга на сурʼёзныя аналізы. Не фантастычная, але і ня так, каб цяпер на цяпер. Мне спатрэбілася адна працэдура, дык чарга на яе — 12 дзён».

Лукашэнка і доўгажыхары Абельскай: не «згарэць» на працы і дажыць да глыбокай старасьці

Яшчэ ня так даўно лечкамісія мела рэпутацыю ўстановы, дзе па знаёмстве працаўладкоўвалі «блатных» лекараў, кваліфікацыя якіх не заўсёды адпавядала статусу. Хірург Антаніна Марозава мае досьвед працы ў розных сталічных шпіталях і кажа, што стаўленьне да калег было ня самым лепшым якраз з-за ўзроўню падрыхтоўкі. Але апошнім часам, гаворыць суразмоўніца, адчуваюцца пазытыўныя зрухі:

У іх практычна ўвесь спэктар мэдычных паслугаў

«Адчуваньне, што сытуацыя зьмяняецца ў лепшы бок. Сапраўды, гадоў 15 таму было перакананьне: апроч тэхнікі, лавіць там няма чаго. Але паступова карціна мяняецца. Нават калі няма сваіх спэцыялістаў, яны запрашаюць „сьвяцілаў“ і тыя даюць кансультацыі. Як мне падаецца, выпадковых людзей ужо няма. Безумоўна, можа ёсьць хтосьці і „левы“, але ж мае вялікае значэньне абсталяваньне, мэдыкамэнты. Дарэчы, нідзе не гучала, чым лекуюць нашых чыноўнікаў, ня выключана, што прэпаратаў беларускай вытворчасьці ад сілы працэнтаў 20. Адсюль і вынік. Ну і, само сабой, лад жыцьця, бо іх кліенты — людзі ад пачатку не маргінальныя, вядуць адносна здаровы лад жыцьця, добра харчуюцца і адпачываюць. У іх адразу ёсьць умовы, каб быць больш здаровымі. І калі да гэтага прыкладаецца прафіляктыка і хуткае аказаньне дапамогі, то эфэктыўнасьць узрастае. У іх практычна ўвесь спэктар мэдычных паслугаў».

Трэба згадаць, што перш, чым заняць месца кіраўніцы лечкамісіі, Ірына Абельская была асабістай лекаркай Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта яна, як лічыцца, зьяўляецца маці малодшага прэзыдэнцкага сына Мікалая. З такой мэдычнай падтрымкай Лукашэнка-старэйшы мае ўсе шанцы яшчэ больш палепшыць доўгажыхарскую статыстыку ўстановы.

Журналіст Аляксандар Уліцёнак кажа, што лечкамісія з-за ранейшай закрытасьці абрасла рознымі чуткамі, бальшыня якіх ня мае пад сабой ніякіх падставаў. Але яе элітарны статус у любым выпадку не аспрэчваецца:

«Вакол лечкамісіі досыць шмат надуманага. Найперш, што гэта ўзорная ўстанова, дзе праз адпаведныя сувязі ўсё вырашаецца ў адно імгненьне. Магу на ўласным вопыце сказаць: такога няма. Хоць, канечне, пры ўсім тым чэргі там карацейшыя, увага да пацыентаў большая, абсталяваньне лепшае. Мабыць, паўтаруся, але калі гаворка ішла пра лечкамісію, заўсёды казалі, што там бракуе кваліфікацыі лекарам, бо зашмат „блатных“. Так ва ўсялякім разе лічылася. А другая пазыцыя што тычыцца працягласьці жыцьця: яны ўсё ж апекуюць і лечаць людзей, якія ў параўнаньні з рабацягамі ды калгасьнікамі, па вялікаму рахунку, усё жыцьцё мелі магчымасьць клапаціцца пра ўласнае здароўе. Такім людзям, канечне, прасьцей забясьпечыць суправаджальную мэдычную дапамогу, каб яны змаглі дажыць да 80 з капейкамі гадоў».

У 1929 годзе пры Наркамаце аховы здароўя БССР была заснаваная адмысловая клініка, дзе лячыліся і назіраліся вышэйшыя кіраўнікі, чальцы ўраду, сілавікі і асобы, якія зрабілі ўнёсак у разьвіцьцё рэспублікі. Аналягічныя ўстановы ў 1920-30-х запрацавалі і ў іншых савецкіх сталіцах, аднак бальшыня спыніла існаваньне з развалам СССР. Новыя краіны пасьля абвяшчэньня незалежнасьці перавялі лечкамісіі ў падпарадкаваньне міністэрстваў аховы здароўя. Перапрафіляваныя і цяпер там лекуюцца на агульных падставах. Адной з апошніх ад перажытку савецкасьці ў мэдыцыне адмовіліся ў Малдове — у 2012 годзе статус урадавых страцілі адразу тры шпіталі, дзе назіраліся высокапастаўленыя пасадоўцы.

У Беларусі практыка лекаваньня чыноўнікаў асобна ад астатняга народу ня толькі захаваная, але пашыраецца. У Ждановічах пад Менскам узводзіцца будынак новага адмысловага шпіталя для намэнклятуры, які абыдзецца бюджэту больш чым у 100 мільёнаў эўра. Паводле пашпарту абʼекту, будаўніцтва павінна быць закончана ў 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG