Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Абельская пра малодшага сына: «Я проста хацела б, каб ён атрымаў добрую адукацыю»


Ірына Абельская. Фота з сайту Tut.by
Ірына Абельская. Фота з сайту Tut.by

Ірына Абельская, галоўны лекар мэдычнага цэнтру пры Упраўленьні спраў прэзыдэнта (лечкамісіі), куды прыходзяць першыя асобы Беларусі, дала інтэрвію парталу TUT.BY. У ім яна расказала, чым адрозьніваюцца VIP-пацыенты, хто можа прайсьці абсьледаваньне ў лечкамісіі, і якіх фраз лекары пры ёй не гавораць.

— Сёньня ў інтэрнэце вы называецеся vip-clinic. VIPы, наогул, цяжэйшыя за звычайных пацыентаў?

— Не, VIPы як раз — самыя простыя ў кантакце пацыенты. І што ні год — гэта ўсё лепш відаць. Яны пераносяць велізарныя нагрузкі, працуюць з высокай інтэнсіўнасьцю і добра арганізаваныя. Вельмі прыемна, што нашы VIPы не забываюцца аб прафіляктыцы і разумеюць, як трэба дбаць пра здароўе. Яно ім трэба, каб яны маглі якасна выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Нашы пацыенты дакладна ведаюць, што і калі ім трэба рабіць, стараюцца не запускаць сваіх захворваньняў. Хоць, вядома, ёсьць і тыя, зь якімі не так проста.

— Вы неяк казалі, што працягласьць жыцьця пацыентаў лечкамісіі вышэйшая, чым у сярэднім па краіне.

— Па дадзеных за апошнія пяць гадоў, працягласьць жыцьця пацыентаў лечкамісіі вагаецца ад 82,5 да 84 гадоў. Гэта не надуманыя, а абсалютна рэальныя лічбы. І гэта заслуга не толькі тых, хто працуе сёньня ў гэтай установе. Мы змаглі захаваць, умацаваць, вывесьці на больш сучасны ўзровень тое, што склалася шмат дзесяцігодзьдзяў таму. Прынцып усеагульнай дыспансэрызацыі, які быў калісьці абвешчаны, захаваны ў нас дагэтуль. Пацыенты, якіх мы тут назіраем ужо дзесяцігодзьдзі (некаторыя і па 30, і па 40 гадоў да нас ходзяць), ведаюць і разумеюць, як гэта важна.

Працягласьць жыцьця пацыентаў лечкамісіі вагаецца ад 82,5 да 84 гадоў.


Працягласьць жыцьця — галоўны паказчык, але ёсьць і шмат іншых. Цяпер трошкі зьмяніліся гады выхаду на пэнсію, і людзей, якія ўдзельнічаюць у жыцьці грамадзтва, будзе больш, яны будуць старэйшыя. Значыць, зь імі трэба працаваць адмыслова, больш прафэсійна, каб ня ўпала якасьць іх жыцьця. Паверце, гэта вялікая радасьць і прыемнасьць — мець зносіны з людзьмі ў гадах, якія дагэтуль працуюць, захавалі востры розум, памяць, любоў да жыцьця і энэргію. Мы нават водзім сваіх маладых лекараў да такіх пацыентаў — як на экскурсію. Гэта дае вялікі стымул кожнаму чалавеку.

— Вы працуеце часам як спэцыяліст, а не як галоўны ўрач?

— Так, рэгулярна.

— Дзеля практыкі?

— Бо люблю (сьмяецца). Гэта некалі галоўны ўрач быў гаспадарнікам. Сёньня многія мае калегі, якія кіруюць сур’ёзнымі ўстановамі, працуюць як лекары-практыкі, ходзяць у апэрацыйныя, абсьледуюць пацыентаў.

Я, напрыклад, ведаю ўсіх сваіх пацыентаў, рэгулярна праводжу абходы ў аддзяленьнях, ведаю, хто ў нас ляжыць і зь якімі праблемамі.

— Спытаю яшчэ пра «вяртушкі». Гэты тэлефон з гербам і без кнопак на вашым стале — для сувязі зь міністрам ці з прэзыдэнтам?

— З прэзыдэнтам.

— Вы можаце падняць трубку, і ён адкажа?

— Я не магу. Толькі прэзыдэнт можа патэлефанаваць.

Я не магу патэлефанаваць прэзыдэнту. Толькі прэзыдэнт можа патэлефанаваць.

— Вы з мэдычнай дынастыі: ваша мама Людміла Пастаялка была міністрам аховы здароўя. Старэйшы сын таксама мэдык?

— Я мэдык у трэцім пакаленьні, а мой старэйшы сын — у чацьвёртым. Мая бабуля была фэльчарам, і ўсе яе родныя былі ў той ці іншай ступені зьвязаны з мэдыцынай. Мая мама і мая цётка — лекары. Мой родны брат — доктар, яго жонка — таксама. Мой старэйшы сын — афтальмоляг, працуе ў афтальмалягічным цэнтры.

— Дактары — строгія бацькі?

— Цяжка сказаць. Сёньня, калі я бачу, як мае дзеці гавораць са мной, разумею, што я б так ніколі не магла са сваімі бацькамі, нягледзячы на тое, што ў нас былі вельмі цёплыя, вельмі добрыя ўзаемаадносіны. У мяне было выдатнае дзяцінства, мяне вельмі любілі. Але ўсё роўна я заўсёды вельмі паважліва ставілася да мамы і таты. У сучаснага пакаленьня павага да бацькоў засталася, але гэта нейкая іншая форма яе выражэньня. Я ведаю шмат маіх аднагодкаў, якія да бацькоў зьвярталіся на «вы». А сёньня мае дзеці гавораць са мной, як зь сяброўкай. Але я іх сьцішаю: «Стоп, хлопцы, я вам не сяброўка».

— Выходзіць, вы ня строгая мама?

— Строгая. Дзяцей трэба любіць, але ў кожнай сям’і ёсьць пэўныя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў выхаваньні. І дзеці павінны разумець, што нельга іх парушаць. Любы чалавек, які прыходзіць на сьвет, хоча паспрабаваць розныя спосабы жыцьця, і вельмі важна правільна настроіць дзяцей на ўспрыманьне гэтага сьвету.

Я хацела б, каб мой малодшы сын атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафэсію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненьне, прыносіў карысьць і радасьць іншым.

Мая сям’я заўсёды была вельмі працавітай, мы шмат вучыліся і часу не марнавалі. І мне б вельмі хацелася, каб у маіх дзецях гэта было таксама. Ня важна, як гэта будзе праяўляцца: у спорце ці вучобе... Я лічу, што правільны чалавек — гэта арганізаваны чалавек.

— Вы б хацелі, каб і малодшы сын працягнуў вашу мэдыцынскую дынастыю?

— Я не задумваюся пра гэта. Але я ня думала пра гэта і ў выпадку са старэйшым сынам. Гэта быў яго выбар, і прыняў ён рашэньне зьвязаць сваё жыцьцё з мэдыцынай у апошняй клясе ліцэю БДУ.

А якую прафэсію абярэ мой малодшы сын? Я проста хацела б, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафэсію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненьне, прыносіў карысьць і радасьць іншым.

— Ціснуць ня будзеце?

— Гэта складана. Ціснуць заўсёды складана.

—————————————————————————————-

Ірына Абельская стала вядомай, калі працавала асабістай лекаркай першага прэзыдэнта Беларусі. У 2001 годзе нечакана для спэцыялістаў яе прызначылі галоўным лекарам рэспубліканскага шпіталя Упраўленьня спраў прэзыдэнта. На гэтай пасадзе Абельская прабыла да сярэдзіны 2007 году, пакуль Лукашэнка не ўчыніў публічны разнос, заявіўшы, што яна ня справілася са сваімі абавязкамі.

Пасьля двухгадовага перапынку Ірына Абельская зноў заступіла на пасаду кіраўніцы лечкамісіі.

Асоба Ірыны Абельскай прыцягвае да сябе асаблівую ўвагу. Менавіта яе, як мяркуюць, меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі казаў пра маці свайго малодшага сына Колі, што яна доктарка.

Рэспубліканскі клінічны шпіталь Упраўленьня спраў прэзыдэнта, больш вядомы як «лечкамісія», — установа спэцыфічная. Тут традыцыйна праходзяць назіраньне і лечацца кіраўнікі краіны, чальцы ўраду, дэпутаты, вэтэраны і некаторыя заслужоныя асобы. Шпіталь валодае сучасным апэрацыйным абсталяваньнем, якое дазваляе праводзіць складаныя апэрацыі.


На сайце TUT.BY камэнтары да гэтага артыкулу былі адключаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG